ЛА́ЛАР, Лейлар (Lalor) Джэймс Фінтан (каля 1807, Тынакіл, Ірландыя — 27.12.1849), дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1847 член левага крыла т-ва «Маладая Ірландыя», потым адзін з кіраўнікоў Ірландскай канфедэрацыі. Выступаў з заклікамі да паліт. барацьбы (разрыў англа-ірл. уніі 1801) і агр. рэвалюцыі (захоп зямлі ірл. сялянамі-арандатарамі). У чэрв. 1848 арыштаваны брыт. ўладамі.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́Л ((Machel) Самора) (29.9.1933, Кілембене, Мазамбік — 19.10.1986),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мазамбіка. Меў пачатковую мед. адукацыю. З 1963 у Танзаніі, дзе далучыўся да Фронту вызвалення Мазамбіка (ФРЭЛІМО). З 1966 камандуючы ўзбр. сіламі, з 1970 старшыня ФРЭЛІМО. З 1975 прэзідэнт і кіраўнік урада Нар. Рэспублікі Мазамбік. Пэўны час быў прыхільнікам сацыяліст. арыентацыі краіны. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАБА́Т»,

газета. Выдавалася з сак. 1991 да крас. 1996 у Мінску на бел., рус. і англ. мовах Бел. сац.-экалагічным саюзам «Чарнобыль». Засн. як штотыднёвік, выходзіла неперыядычна. Адлюстроўвала сац.-паліт. і экалагічныя пытанні, праблемы Чарнобыля, выступала за вырашэнне нац. праблем. Карысталася падтрымкай пісьменнікаў і вучоных розных краін свету. Выйшлі 132 нумары.

В.​Ц.​Якавенка.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ КА́РТА СВЕ́ТУ,

геаграфічная карта зямнога шара, на якой паказаны краіны свету, іх сталіцы, буйныя гарады і шляхі зносін. Могуць таксама адлюстроўваць граніцы аўт. утварэнняў у складзе дзяржаў з федэральным уладкаваннем. Сучасная П.к.с. налічвае больш за 200 краін, з іх 192 суверэнныя дзяржавы. У шырокім сэнсе П.к.с. — звод звестак па паліт. геаграфіі свету.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-МО́РСБІ (Port Moresby),

Морсбі, горад, сталіца дзяржавы Папуа—Новая Гвінея. Знаходзіцца на паўд. узбярэжжы в-ва Новая Гвінея. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Гал. паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Пераважае харч. і харчасмакавая прам-сць (апрацоўка кавы, какавы, какосавых арэхаў). Перапрацоўка каўчуку. Ун-т. Нац. музей.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́НДЭ (Лукаш Апанасавіч) (1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.​І.​Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.​Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.​Купалы і Я.​Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

І.​Э.​Багдановіч.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,

добраахвотная навукова-грамадская арг-цыя, якая аб’ядноўвае вучоных і спецыялістаў, што працуюць у галіне сацыялогіі. Створана ў 1994, з’яўляецца правапераемніцай Бел. аддзялення Сав. сацыялагічнай асацыяцыі. Асн. задачы: павышэнне прафес. ўзроўню членаў асацыяцыі, пашырэнне сацыялагічных ведаў; садзейнічанне развіццю сацыялагічнай навукі, павышэнню абгрунтаванасці і дзейнасці яе рэкамендацый; выяўленне прыярытэтных кірункаў сац.-эканам., паліт. і культ. развіцця Беларусі і асобных яе рэгіёнаў; развіццё навук. сувязяў і супрацоўніцтва з сацыёлагамі інш. краін і міжнар. навук. арг-цыямі; арганізацыя і правядзенне навук. кангрэсаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў; выдавецкая дзейнасць. У рамках Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі вядзецца экспертна-кансультацыйная дзейнасць па пытаннях сацыялогіі, праводзяцца сацыялагічныя экспертызы паліт., прававых, эканам., тэхн. і інш. праектаў. Разам з інш. навук. ўстановамі і арг-цыямі выдала манаграфіі А.​В.​Рубанава «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» (1994), Г.​М.​Сакаловай «Эканамічная сацыялогія», Я.​М.​Бабосава «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» (1995) і інш.

В.​А.​Кліменка.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГІ,

1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся з інш. паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.

2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.​Гартны, І.​Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.​Коласа, Гартнага, М. і Г.​Гарэцкіх, Я.​Дылы, Дварчаніна, Я.​Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.

Літ.:

Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены 9.3.1918 Выканаўчым камітэтам рады Усебеларускага з’езда ў Мінску. Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Канстытуцыйны лад БНР закладваўся як дэмакр., парламенцкай і прававой дзяржавы. Да склікання Устаноўчага Сойма заканадаўчая ўлада ў БНР перадавалася радзе Усебел. з’езда, выканаўчая — Народнаму сакратарыяту Беларусі. Грамадзянам БНР гарантавалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, паліт., прафесійных і культ. арг-цый, свабода сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля. Народам БНР прадастаўлялася права на нац.-персанальную аўтаномію, іх мовы абвяшчаліся раўнапраўнымі. Касавалася прыватная ўласнасць на зямлю, якая без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе; лясы, азёры і нетры абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы.

Аднак у дакуменце не вызначаліся дакладныя тэр. дзяржавы і характар адносін БНР з інш. дзяржавамі. У выніку ўнутр. барацьбы ў кіраўніцтве БНР, Беларускай сацыялістычнай грамадзе і пад уздзеяннем знешніх абставін Рада БНР вымушана была прыняць Трэцюю Устаўную грамату.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)