ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ХАСЭ́ (San José),
горад, сталіца Коста-Рыкі. Знаходзіцца на міжгорным вулканічным плато на выш. каля 1100 м, паблізу дзеючых вулканаў Ірасу і Поас. Каля 1,3 млн.ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Паліт., культ. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., металаапр., гарбарна-абутковая, тэкст., тытунёвая. 2 ун-ты. Акадэмія гісторыі і мовы. Нац.тэатр. Музеі: Нац., Туземны. Арх. помнікі калан. перыяду. Частыя землетрасенні.
Засн. ў 1738 іспанцамі. У 1755 сюды прымусова перасялілі жыхароў далін Асеры і Эрэдыя. У 1813 атрымаў гар. правы. У 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з ростам плантацый тытуню стаў цэнтрам тытунёвай вытв-сці. З 1823 сталіца Коста-Рыкі (разам з г. Картага, амаль поўнасцю разбураным вывяржэннем вулкана Ірасу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),
правінцыя на Пдцэнтр.ч. Канады. Пл. 651,9 тыс.км². Нас. 990,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г.вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш.Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСТВА (у праве),
засведчаны ў органах ЗАЦСа факт паходжання дзіцяці ад пэўнага мужчыны. Пры нараджэнні дзіцяці ў маці, якая знаходзіцца ў шлюбе, дзейнічае прэзумпцыя, што бацькам з’яўляецца яе муж. У гэтым выпадку звесткі пра бацьку ў запіс аб нараджэнні дзіцяці ўносяцца на падставе пасведчання аб шлюбе. Калі шлюб не быў зарэгістраваны, запіс пра бацьку робіцца па сумеснай заяве бацькі і маці. У выпадку адмовы бацькі прызнаць сваім дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, спрэчкі аб устанаўленні бацькоўства вырашае суд. Пры нараджэнні дзіцяці незамужняй жанчынай звесткі пра фактычнага бацьку ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца, калі бацька адмовіцца прызнаць дзіця сваім і няма рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. У такіх выпадках запіс пра бацьку дзіцяці робіцца на прозвішча маці, а імя і імя па бацьку запісваецца па яе ўказанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],
драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.
Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,
фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).
Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш.фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРА́Н»,
савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.
Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл.«Спэйс Шатл».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДЫ СУ́ШЫ,
воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн.км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн.км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн.км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн.км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн.км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн.км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).