род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх.Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).
Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУНДУКІ́ (Tamias),
род млекакормячых сям. вавёркавых атр. грызуноў. 18 відаў. Пашыраны пераважна ў хвойных лясах Паўн. паўшар’я. Найб. вядомы бурундук азіяцкі (T. sibiricus), пашыраны ў лясах паўн.-ўсх. Еўропы і ў Азіі.
Даўж. цела да 19 см, хваста да 12 см; маса да 145 г. Уздоўж спіны на жаўтавата-бурым фоне 5 чорных палос. Добра лазяць па дрэвах, гнёзды робяць у норах. Кормяцца насеннем дрэў, пупышкамі, грыбамі, ягадамі, зернем збожжавых злакаў. Восенню збіраюць вял. запасы ежы, якія выкарыстоўваюць вясной. Зімой у спячцы. Бурундук азіяцкі — носьбіт віруса клешчавога энцэфаліту. Промысел дзеля пушніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫСТРА́НКА (Alburnoides bipunctatus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас.Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (A. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.
Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА (Isatis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца вайда фарбавальная (I. tinctoria). Расце ўздоўж чыгунак як рэдкая занесеная расліна. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў гронкі. Плод — аднанасенны звіслы пляскаты стручок. Лек. (антыбіятычны і проціцынготны сродак, выкарыстоўваецца супраць хвароб селязёнкі), тэхн. (лісце мае фарбавальнікі — індыга і басму, у насенні да 30% тлустага алею тыпу льнянога), кармавыя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА, негрыцянскае проса,
перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum),
гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.
Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕЗІЁЗЫ, бабезіелёзы,
інвазійныя хваробы буйн. раг. жывёлы, авечак і козаў, якія выклікаюць паразіты эрытрацытаў — аднаклетачныя прасцейшыя з роду Babesia. Пашыраны ў некаторых краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Узбуджальнік бабезіёзаў буйн. раг. жывёлы (паўн. піраплазмоз) — Babesia bovis, авечак і козаў — Babesia ovis. Крыніца інвазіі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл, у эрытрацытах якіх знаходзяцца гэтыя паразіты. Пераносчыкі бабезіёзаў — пашавыя кляшчы. Пры развіцці хваробы разбураюцца эрытрацыты і пачынаецца анемія; парушаецца работа сэрца, лёгкіх, нырак, селязёнкі і інш. органаў. Гемаглабін разбураных эрытрацытаў трапляе ў мачу, афарбоўвае яе ў чырв. колер, адсюль нар. назва бабезіёзаў на Беларусі — крывямочка. Гл. таксама Піраплазмідозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙБА́К, стэпавы сурок (Marmota bobak),
млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.
Даўж. цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),
род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах. Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.
Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́НГ (Bandung),
горад у Інданезіі, на в-ве Ява. Адм. ц. правінцыі Зах. Ява. 2 млн.ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Тэкст. і харч.прам-сць; эл.-тэхн., гумаватэхн., металаапр. і зборныя прадпрыемствы, авіяц.з-д. Ун-т, нац. ін-ты: хіміі, фізікі, геалогіі, металургіі, электратэхнікі; ін-ты: тэкстыльны, тэхнікі і тэхналогіі, батыка і саматужных вырабаў; даследчы цэнтр па ядз. энергетыцы. Геал. музей. Музей выяўл. мастацтваў. Абсерваторыя. Горны курорт.
Засн. ў 1810. У 1942—45 акупіраваны Японіяй. У 1955 у Бандунгу адбылася канферэнцыя краін Азіі і Афрыкі (гл.Бандунгская канферэнцыя 1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С (Pimpinella anisum),
бядрынец анісавы, аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.
Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.