ПУНКТ у паліграфіі,
адзінка даўжыні ў сістэме друкарскіх мер. У большасці еўрап. краін і СНД роўны 0,3759 мм (у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах 0,3515 мм). Служыць для вымярэння кегля шрыфту, наборных лінеек, інш. друкавальных элементаў, а таксама памераў прагальнага матэрыялу. Уведзены ў Францыі ў 1737 як 1/72 франц. цалі.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЛІ́К (ваен.),
група ваеннаслужачых, якая непасрэдна абслугоўвае гармату, мінамёт, пускавую ўстаноўку і інш. віды зброі і тэхнікі; першасная арганізац. адзінка (падраздзяленне) у артылерыі, ракетных войсках, ППА, войсках сувязі і інш. Р. узначальвае камандзір (афіцэр, прапаршчык або сяржант). Колькасць асабовага складу ў Р. залежыць ад віду (сістэмы) зброі (тэхнікі).
М.Г.Нікіцін.
т. 13, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́ЦІНСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі. Цэнтр — чыг. ст. Сіроціна, з 1927 г.п. Шуміліна. 20.8.1924 падзелены на 12 сельсаветаў. З 20.2.1938 С.р. у Віцебскай вобл. У 1941 складаўся з г.п. Шуміліна і 14 сельсаветаў. У ліст. 1961 перайменаваны ў Шумілінскі раён.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
В.Л.Насевіч, В.П.Панюціч.
т. 4, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНІ́ЦТВА,
вытворча-тэрытарыяльная адзінка ў лясной гаспадарцы. Можа ўваходзіць у склад лясгаса або леспрамгаса. На замацаванай за ім тэрыторыі дзярж. ляснога фонду ажыццяўляе мерапрыемствы па вырошчванні, выкарыстанні і ахове лясоў, кантралюе работу лесанарыхтоўшчыкаў, дапамагае калгасам і саўгасам у арганізацыі і вядзенні гаспадаркі ў іх лясах, адпускае лес на пні і лесаматэрыялы, арганізуе і кантралюе нарыхтоўку грыбоў, ягад, лек. раслін, сена і інш. Асн. тэр. адзінка Л. — лясны квартал. Л. падзяляюцца на тэхн. ўчасткі (аб’езды), апошнія — на абходы. Адказны за вядзенне гаспадаркі ў Л. — ляснічы, у тэхн. участку — участковы тэхнік-лесавод, у абходзе — ляснік. На Беларусі (1999) 720 Л. сярэдняй пл. 9,25 тыс. га, у складзе якіх 1941 тэхн. ўчастак і 10,6 тыс. абходаў. Сярэдняя пл. тэхн. ўчастка 3,4 тыс. га, абходу — 630 га. У Л. могуць арганізоўвацца лясныя гадавальнікі, пункты па нарыхтоўцы і перапрацоўцы грыбоў і ягад. Л. ёсць у лясной гаспадарцы Расіі, многіх інш. краін свету.
т. 9, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ РАЁН ДРУГІ́,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Бабруйскай акругі. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 1072 км², нас. 42,3 тыс. чал. (без г. Бабруйск), 311 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 14 сельсаветаў. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 4.8.1927 аб’яднаны з Бабруйскім раёнам першым у адзіны Бабруйскі раён.
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАНА (Adana),
Сейхан, горад на Пд Турцыі. Адм. ц. іля (адм. адзінка) Адана. Знаходзіцца на раўніне Кілікія на берагах р. Сейхан. 916 тыс. ж. (1990), з прыгарадамі 864 тыс. ж. На чыг. магістралі Стамбул—Багдад. Гандлёва-прамысл. цэнтр баваўнаводчага раёна. С.-г. машынабудаванне, тэкст., харч., тытунёвая, хім., цэментная, дрэваапр. прам-сць. Ун-т.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСТВА,
1) адм.-гасп. адзінка ў ВКЛ і ў Польшчы ў 15—18 ст. У войтаўства ўваходзілі адна або некалькі вёсак, што найчасцей складалі невял. зямельнае ўладанне на велікакняжацкіх землях, якім кіраваў сельскі войт, або горад, часам з навакольнымі землямі, якім кіраваў гар. войт.
2) Назва пасады войта паводле Статута ВКЛ 1588.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́РКА,
найдрабнейшая адзінка дыялектнай мовы, сродак зносін жыхароў аднаго рэгіёна. Кожная гаворка (на Беларусі, напр., слуцкая, навагрудская, чэрвеньская) уяўляе сабой пэўную сістэму ўзаемазвязаных асаблівасцей: фанетычных, граматычных, лексіка-фразеалагічных, што функцыянуюць як элементы складанага моўнага арганізма. Група або некалькі груп мясц. гаворак, аб’яднаных агульнасцю рыс у фанетыцы, граматычным і лексічным складзе, утвараюць дыялект.
т. 4, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РНЕЦ,
1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарнец малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарцам, роўным 3,2798 л.
2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)