АЛЕ́ЙНІКАЎ (Пётр Марцінавіч) (12.7.1914, в. Крывель Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.6.1965),

рус. кінаакцёр. Скончыў Ін-т сцэн. мастацтваў у Ленінградзе (1935). З 1932 здымаўся ў кіно. Яго героі — абаяльныя маладыя хлопцы, нястомныя гумарысты, адданыя сябры, добрыя і высакародныя: Малібога («Сямёра смелых»), Пётр Алейнікаў («Камсамольск»), Ваня Курскі («Вялікае жыццё»), Саўка («Трактарысты»), танкіст («Беларускія навелы») і інш. Творчаму шляху Алейнікава прысвечаны фільм «Пётр Марцінавіч і гады вялікага жыцця».

П.М.Алейнікаў.
П.М.Алейнікаў (у цэнтры) у ролі Малібогі (фільм «Сямёра смелых»).

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж партызанамі атрада М.​М.​Нікіціна (з ліп. партыз. брыгада М.​М.​Нікіціна) і ням.-фаш. карнікамі ў ліп. 1942 у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14.6.1942 атрад карнікаў з 9 бронемашынамі і 6 танкамі ва ўрочышчы Доўгі Востраў (каля в. Александрова Дабрынёўскага с/с) акружыў партызан (120 чал.), якія на працягу 8 гадзін адбілі 21 атаку гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Гітлераўцы спалілі в. Александрова і расстралялі яе мужчынскае насельніцтва.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЬТО́НА»

(Altona — прыгарад Гамбурга),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан, якія выйшлі з акружэння ў ходзе карнай аперацыі «Гамбург». Праводзілася ў 2-й пал. снеж. 1942 у Івацэвіцкім, Ганцавіцкім, Ляхавіцкім, Баранавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. сіламі 14-га паліцэйскага палка СС, спец. камандамі паліцыі бяспекі, СД і інш. карнымі баявымі групамі. Карнікі тыдзень беспаспяхова праследавалі партызан, учынілі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі. У ходзе аперацыі гітлераўцы расстралялі і спалілі жывымі больш за тысячу дзяцей, жанчын і старых.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЛЬЯНЮ́К (Уладзімір Сцяпанавіч) (1917, г. Дно Пскоўскай вобл. — 26.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны студэнт Камуніст. ін-та журналістыкі ў Мінску. З жн. 1941 у складзе Камароўскай падп. парт. групы г. Мінска. З пач. мая 1942 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, заг. аддзела агітацыі і прапаганды, рэдактар падп. Выданняў, 1-га нумара падп. газ. «Звязда». Загінуў пры выкананні баявога задання.

У.С.Амельянюк.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНО́Н (Agnon; сапр. Чачкес) Шмуэль Іосеф

(17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),

ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.

Ш.І.Агнон.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАРЭ́ВІЧ (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1848, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 1912),

расійскі вучоны. Д-р юрыд. н. (1877), праф. Новарасійскага (Адэскага, 1882) і Варшаўскага (1887) ун-таў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). З 1874 праф. у Дзямідаўскім юрыд. ліцэі ў Яраслаўлі. Навук. працы па гісторыі і практыцы рым. права.

Тв.:

История византийского права. Ч. 1—2. Ярославль, 1876—77;

Античный мир и христианство. Ярославль, 1880;

Система римского права. Т. 1—3. Спб., Варшава, 1887—89.

В.​А.​Гапоненка.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРАЦКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),

рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́Б’Е,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 1,4 км². Даўж. 3,2 км, найб. шыр. 0,8 км, найб. глыб. 2,9 м. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы выш. да 4 м, парослыя лесам і хмызняком, на З разараныя. Берагі нізкія. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей укрыла сапрапелем, зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Дубра, Вялікая Ельня, Дуброк, з возера выцякае р. Абабіца. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м.

Возера Абаб’е.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛЯ́НКА,

рака на У Беларусі ў Талачынскім, Сенненскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток Лучосы. Даўж. 89 км. Пл. вадазбору каля 810 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., цячэ па Чашніцкай раўніне і Лучоскай нізіне. Даліна шыр. 0,6—0,8 км, у ніж. цячэнні да 2 км. Пойма двухбаковая, шыр. ад 0,2 да 0,3 км. Рэчышча звілістае, шыр. 5—10 м. Каля 70% гадавога сцёку прыпадае на вясну. У Талачынскім р-не на рацэ плаціна. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)