агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз.калібрам зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРУТО́ВІЧ ((Narutowicz) Габрыэль) (17.3.1865, г. Цельшай, Літва — 16.12.1922),
польскі дзярж. дзеяч, інжынер-канструктар. Вучыўся ў Пецярбургскім (1884—86) і Цюрыхскім (1886—91) ун-тах. Праектаваў і кіраваў буд-вам ГЭС у Швейцарыі, Італіі, Іспаніі. З 1908 праф. Вышэйшай політэхн. школы ў Цюрыху. У 1-ю сусв. вайну ўзначальваў Польскі грамадскі к-т у Цюрыху, быў чл. дырэкцыі Ген.к-та дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы, т.зв.к-та ў Веве. З 1920 у Польшчы: міністр публічных работ (1920—21), міністр замежных спраў (1922). 9.12.1922 выбраны першым прэзідэнтам Польскай Рэспублікі пры падтрымцы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нац. меншасцей, што выклікала рэзкія нападкі правых. Застрэлены ў Варшаве нацыяналістам Э.Невядомскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫ РАБО́ЧЫ ЧАС,
частка рабочага часу, на працягу якога ў сферы матэрыяльнай вытв-сці ствараецца неабходны прадукт, што выкарыстоўваецца для задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей работніка і членаў яго сям’і. Прац. дзень падзяляецца на 2 часткі. Адна з іх складае час, за які рабочы стварае эквівалент вартасці сваёй рабочай сілы (Н.р.ч.), а праца, затрачаная на яго, — неабходную працу. Другая частка прац. дня па-за межамі Н.р.ч. складае прыбавачны рабочы час, а затрачаная ў гэты час праца — прыбавачную працу. Н.р.ч. ствараецца эквівалент аплаты працы і частка грамадскіх фондаў спажывання (напр., затраты на адукацыю, ахову здароўя, культуру і г. д.). Развіццё грамадскай вытв-сці, рост прадукцыйнасці працы вядзе да скарачэння Н.р.ч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,
сістэма адліку, у якой не выконваецца інерцыі закон. Практычна ўсе рэальныя сістэмы адліку — неінерцыяльныя, яны рухаюцца з паскарэннем (напр., верцяцца) адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай с Сонцам (т.зв. сістэма Каперніка), і ў іх дзейнічаюць сілы інерцыі.
У адрозненне ад інерцыяльных сістэм адліку, якія не адрозніваюцца адна ад адной, кожная Н.с.а. мае свае асаблівасці, што вызначаюцца характарам руху самой сістэмы, выбарам цела адліку і наяўнасцю сіл прыцягнення (гравітацыйнага ўзаемадзеяння). Напр., у некаторых Н.с.а. можна выявіць часткі прасторы, дзе сілы інерцыі практычна не дзейнічаюць. Гэтыя асаблівасці ўлічваюцца пры разліках руху цел (касм. апаратаў, камет, астэроідаў і інш.) адносна Н.с.а., звязаных з Зямлёй ці інш. аб’ектам Сонечнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЎНАЛЕ́ТНІЯ,
асобы, якія не дасягнулі ўзросту, з якім закон звязвае наступленне дзеяздольнасці. Паводле права Рэспублікі Беларусь Н. — асобы, што не дасягнулі 18 гадоў. Законныя інтарэсы Н. (поўнасцю або часткова) ажыццяўляюць іх бацькі або апекуны ці інш. законныя прадстаўнікі. Закон прадугледжвае меры, якія спецыяльна абараняюць іх працоўныя, цывільныя, аліментныя і інш. правы. Н. ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў ажыццяўляюць са згоды бацькоў або апекуноў здзелкі, а таксама самастойна могуць ажыццяўляць дробныя быт. здзелкі, распараджацца сваім заробкам, стыпендыяй. ажыццяўляць аўтарскія і вынаходніцкія правы. У крымін. працэсе ўстаноўлены асобы парадак разгляду спраў аб Н. (крымін. адказнасць за пэўныя цяжкія злачынствы настае з 14 гадоў), які забяспечвае найб. дакладнае іх расследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РНСТА ТЭАРЭ́МА,
адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля:
. Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз.трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ТКАтэкстыльная,
тонкі, гнуткі, трывалы выраб вял. даўжыні з тэкст.валокнаў прыродных ці валокнаў хімічных. Адрозніваюць Н. зыходныя, што не падзяляюцца ў падоўжным напрамку без парушэння (напр., элементарныя натуральныя Н., у т. л. шоўк-сырэц, монанітка), першасныя (пража і комплексныя, якія складаюцца з некалькіх элементарных Н.) і другасныя (кручаныя; звычайна атрымліваюць скручваннем некалькіх першасных Н.). Другасныя Н. вырабляюць тэкстураванымі (высокааб’ёмнымі) і фасоннымі (з петлямі, патаўшчэннямі і інш.перыяд. змяненнямі структуры Н.). Скручваннем пражы і комплексных Н. атрымліваюць Н. камбінаваныя. Паводле саставу падзяляюць на аднародныя — з валокнаў аднаго віду (напр., баваўняныя, шарсцяныя, віскозныя) і змяшаныя — з валокнаў розных відаў (напр., ільнолаўсанавыя). Выкарыстоўваюць для вырабу тканіны, трыкатажу, нятканых матэрыялаў, штучнага футра, швейных Н. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,
якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РНЫЯ САБА́КІ,
група парод паляўнічых сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на жывёл, што хаваюцца ў норах (лісоў, барсукоў, янотападобных сабак і інш.). Гоняць звера па ходах нары, забіваюць яго там або выганяюць пад выстрал паляўнічага. У якасці Н.с. выкарыстоўваюцца вельштэр’ер, таксы, фокстэр’еры, лэйклендтэр’ер, ням. паляўнічы, або ягдтэр’ер, скайтэр’ер, чэш. тэр’ер, шатл., або скотчтэр’ер, і некат. інш.тэр’еры. Таксама могуць высочваць дзічыну, знаходзіць і прыносіць падстрэленую дзічыну на зямлі і ў вадзе, браць след і заганяць звера, працаваць па крывавым следзе, выкарыстоўваюцца ў паляванні на дзікоў (найб. буйныя); знішчаюць пацукоў у гасп. памяшканнях. Гл. таксама іл. да арт.Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі.