ПІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПОЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да снеж. 1943 у Пінску пад кіраўніцтвам у розны час пінскіх падп. абкома, гаркома і райкома КП(б)Б. Складалася з 4 груп (больш за 50 чал.): на мармеладнай ф-цы (кіраўнік І.А.Галамазава), у прыгарадзе Казлякавічы (Я.А.Шаламіцкі, М.І.Чалей), фанерным з-дзе і запалкавай ф-цы (М.М.Калодзіч), на рачным флоце (М.І.Гарбачэўскі, Л.В.Прытулецкі). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, праводзілі агітац. работу ў фаш. фарміраваннях; з 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання, адзенне, медыкаменты, разведданыя. Праводзілі дыверсіі, у т. л. вывелі са строю 12 і патапілі 11 рухавікоў рачных суднаў, падарвалі ням. магазін і шпіталь, вадакачку, рухавік на запалкавай ф-цы, падпалілі лесапільны з-д. У канцы 1943 з-за пагрозы арыштаў падпольшчыкі пайшлі ў брыгады Пінскага партыз. злучэння і да ўкр. партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік падгар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,
накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.
У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн.плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г.пад кіраўніцтвам акад. М.А.Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
раздзел механікі, які вывучае пластычнае дэфармаванне (пластычнасць) цел. Займаецца пабудовай матэм. мадэляў пластычных цел, метадамі вызначэння напружанняў механічных і дэфармацый у пластычна дэфармаваных целах пад уздзеяннем нагрузак, т-р і інш. Выкарыстоўваецца пры разліку канструкцый, збудаванняў, машын, тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў ціскам (коўкі, штампоўкі і інш.), шэрагу прыродных працэсаў (напр., гораўтварэння, дрэйфу кантынентаў).
П.т. разглядае целы, якія не падпарадкоўваюцца законам пругкасці (гл.Пругкасці тэорыя) з пачатку прыкладання знешніх уздзеянняў (пластычнае цела) або з некаторай стадыі нагружэння (пругка-пластычнае цела). Зыходныя даныя атрымліваюць эксперыментальна пры выпрабаваннях узораў на расцяжэнне-сцісканне. Найб. развітыя тэорыі: пластычнага цячэння (устанаўлівае сувязь паміж тэнзарам напружанняў і тэнзарам прырашчэнняў пластычнай дэфармацыі), ідэальнай пластычнасці, пругкапластычных працэсаў, дэфармацыйныя тэорыі пластычнасці.
Літ.:
Соколовский В.В. Теория пластичности. 3 изд. М., 1969;
Ивлев Д.Д., Быковцев Г.И. Теория упрочняющегося пластического тела. М., 1971;
Ильюшин А.А. Пластичность: Основы общей мат. теории. М., 1963;
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КІ́РХА,
лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́І (Proteidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 2 роды, 2—6 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. Еўрапейскі П., або ольм (Proteus anguineus, або P. anguinus) жыве ў падземных (пячорных) вадаёмах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Амерыканскі П. (Necturus maculosus) утварае 5 падвідаў (часта лічаць асобнымі відамі), жыве ў чыстых азёрах з пясчаным дном і багатай расліннасцю. Мяркуецца, што П. — неатэнічныя лічынкі невядомых саламандраў (гл.Неатэнія).
Цела выцягнутае, хвост доўгі, вёслападобны, з плаўніковай складкай. Вонкавых шчэлепаў 3 пары. Кормяцца беспазваночнымі. Апладненне ўнутранае. Даўж. П. еўрап да 30 см, афарбоўка цела бледна-ружовая. Канечнасці слабыя, на пярэдніх па 3 пальцы, на задніх па 2. Вочы пад скурай, рэдукаваныя. Адкладвае да 80 яец або нараджае 2 дзіцяняці. Даўж. П. амер. да 43 см, афарбоўка зменлівая, ад карычнева-чырв. да шэрай з блакітна-чорнымі плямамі. На канечнасцях па 4 пальцы. Вочы прыкметныя. Адкладвае некалькі дзесяткаў яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДНІКАЎ (Павел Іванавіч) (14.7.1911, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.2000),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1937). Працаваў у рэдакцыях газет, на радыё. У 1937 арыштаваны, высланы ў Бурацію, потым жыў у Іркуцкай, Омскай абласцях, Краснаярскім краі. З 1946 настаўнічаў ў Смаленскай вобл., з 1952 у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. У 1968—71 працаваў у бюлетэні «Служба быту Беларусі». Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў «Песні грузчыкаў» (1932, падпсеўд. Паўлюк Буравей, з Я.Субачам). Аўтар зб-каў вершаў «Час майго нараджэння» (1968), «Прысады» (1979), «Заасцёр’е» (1986), «Заранка» (1987), «Познія ягады» (1990), «Пароша» (1996). Тэма рэпрэсій у паэме «Таймыр» (нап. 1975—87), аповесцях «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) і інш. Напісаў успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, З.Бядулю, У.Галубка, Ц.Гартнага, П.Глебку, К.Грыневіча, А Пруднікава і інш.
Та: Мая магістраль Мн., 1981; Крыніцы. Мн., 1991; За калючым дротам. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш.сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.