ФАРМАЛЬДЭГІ́Д [ад лац. form(ica) мурашка + альдэгід], мурашыны альдэгід, метаналь,

найпрасцейшы альдэгід, HCHO.

Бясколерны газ (tкіп 19,2 °C) з рэзкім пахам, шчыльн. 917,2 кг/м³ (вадкага пры -20 °C). Добра раствараецца ў вадзе, спіртах і інш. палярных растваральніках. Моцны аднаўляльнік (напр., асаджае серабро, плаціну, золата з раствораў іх солей). Лёгка полімерызуецца, асабліва пры t < 80 °C і ў прысутнасці вады, кіслот, шчолачаў; пры полімерызацыі ў непалярных растваральніках утварае поліфармальдэгід. У прам-сці атрымліваюць акісляльным дэгідрыраваннем метанолу CH3OH у паветры ў прысутнасці серабра або аксідаў металаў (жалеза, малібдэну, ванадыю). Выпускаюць у выглядзе водных раствораў (фармаліну) або цвёрдых парафармальдэгіду і цыклічнага трымеру Ф. — трыаксану (крышт. рэчыва, tm 64 °C), якія пры награванні з разбаўленымі мінер. к-тамі дэполімерызуюцца. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сінт. смол, гексаметылентэтраміну (уратрапіну), лек. сродкаў, фарбавальнікаў і інш., а таксама пры дубленні скур, як дэзінфіцыруючы, антысептычны і дэзадарыруючы сродак. Таксічны, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй. ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

уласцівасць (асаблівасць, характарыстыка) фіз. аб’екта (фіз. сістэмы, працэсу, з’явы), у якасных адносінах агульная для многіх аб’ектаў, аднак колькасна індывідуальная (адрозная) для кожнага з іх. Напр., колькасць рэчыва, магутнасць, маса, тэмпература, электрычны зарад, энергія.

Кожная Ф.в. мае назву (тэрмін), літарнае абазначэнне (сімвал) і аперацыйнае вызначэнне (дэфініцыю), якое паказвае спосаб яе вымярэння або ўраўненне сувязі з інш. пераменнымі і пастаяннымі Ф.в. (гл. Сістэма фізічных велічынь, Фізічныя пастаянныя). Розныя памеры аднародных Ф.в. характарызуюцца значэннем Ф.в. — колькаснай ацэнкай гэтай Ф.в. некаторым лікам (лікавым значэннем) прынятых для яе адзінак (гл. Адзінкі фізічных велічынь). Для знаходжання лікавых значэнняў Ф.в. распрацаваны розныя метады вымярэнняў з улікам магчымых выпадковых і сістэматычных хібнасцей. Паняццем «Ф.в.» карыстаюцца ў метралогіі, фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы і інш. навуках, калі колькасныя суадносіны паміж уласцівасцямі даследаваных аб’ектаў вызначаюцца фіз. метадамі.

Літ.:

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;

Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990;

Физические величины: Справ. М., 1991.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́КУС (Ficus),

род кветкавых раслін сям. тутавых. 800—1000 відаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, пераважна ў вільготных трапічных лясах Паўд. Азіі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць каля 10 відаў. Найб. вядомыя: інжыр, Ф. растрата (F. rostrata) і эластычны (F. elastica).

Вечназялёныя, зрэдку лістападныя дрэвы і кусты, часам ліяны. У трапічных лясах вялікія, гіганцкія дрэвы, выш. да 40 м, дыям. 3—5 м, часта з дошкападобнымі каранямі каля асновы. Многія Ф. маюць паветраныя карані, якія могуць так аплятаць дрэва-гаспадара, што яно гіне (т.зв. Ф.-задушальнік), або ўтвараць слупападобныя апоры (баньян). Лісце чаргаванае, суцэльнае або лопасцевае, глянцавае ці апушанае, даўж. да 70 см. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя, размешчаны ўнутры па сценках суквеццяў (сіконіяў). Плод — касцянкападобны, у суплоддзі. Некат. ядомыя (напр., інжыр, сікамор). Усе віды маюць у сабе млечны сок. Многія Ф. маюць каштоўную драўніну, некат. расліны-гаспадары лакавага чарвяца, з якога атрымліваюць шэлак (прыродную смалу жывёльнага паходжання). Харч., тэхн., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Фікус эластычны.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕ́КСІЯ (лац. flexio згінанне, выгін),

словазмяняльны афікс, апошняя змяняльная ч. слова, якая замяняецца на іншую пры скланенні, спражэнні слоў. Напр., «зім-а, зім-ы, зім-е, зім-ой», «няс-ём, нес-яце, няс-уць», «бел-ы, бел-ага, бел-аму». Як грамат. фармант Ф. проціпастаўляецца аснове слова: «бязмежн-ы», «узнікн-е». Як фармант рэлятыўны (канчатак) Ф. проціпастаўляецца суфіксу — фарманту дэрывацыйнаму, што не мае сінтакс. значэння: «лес-нік-і, лес-нік-оў, лес-нік-ам». Пры канверсіі сукупнасць Ф. выступае як словаўтваральны сродак. Ф. ўнутраная — чаргаванне гукаў у корані, якое мае словазмяняльнае або словаўтваральнае значэнне: англ. sing — спяваць, sang — спяваў, song — песня; параўн. рус. «воз — вез-ти», бел. «з-бор — з-бір-аць — са-бр-аць — бяр-у». Ф. нулявая — нявыражаны матэрыяльны канчатак, які выяўляецца на фоне рэальных, «непустых» афіксаў: «стол-Ø — стал-а — стал-у», «ног-і — ног-Ø — наг-ам».

Літ.:

Морфологическая структура слова в индоевропейских языках. М., 1970.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛЕВАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у акустыцы — удзельны акустычны імпеданс (комплекснае супраціўленне) асяроддзя для плоскіх хваль. Вызначае ўмовы адбіцця і пераламлення хваль на мяжы асяроддзя.

Для газападобнага ці вадкага асяроддзя Х.с. роўнае адносінам гукавога ціску ў бягучай плоскай хвалі да вагальнай скорасці — скорасці (адносна асяроддзя) часціц, якія пры праходжанні хвалі вагаюцца каля становішча раўнавагі. Для неабмежаванага цвёрдага асяроддзя або стрыжня Х.с. выражаецца праз адносіны напружання механічнага да вагальнай скорасці часціц асяроддзя.

2) У газавай дынаміцы — аэрагідрадынамічнае супраціўленне (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне), якое ўзнікла пры звышгукавым цячэнні газу адносна цела. Абумоўлена стратамі энергіі на ўтварэнне ўдарных хваль. Х.с. для цяжкай вадкасці — складальныя сілы супраціўлення вадкасці руху цела. Узнікае, калі цела рухаецца каля свабоднай паверхні вадкасці ці паверхні падзелу вадкасцей з рознымі шчыльнасцямі. Абумоўлена ўтварэннем рухомым целам паверхневых хваль.

3) У электратэхніцы — адносіны напружання да сілы току ў пунктах лініі (напр., доўгай лініі), па якой распаўсюджваюцца эл.-магн. хвалі. Для павелічэння ккдз такой лініі яе нагрузку робяць роўнай (ці блізкай) да Х.с.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

тэрмадынамічная функцыя стану, якая вызначае змену тэрмадынамічных патэнцыялаў пры змене колькасці часціц у сістэме. Вызначаецца як прырашчэнне адвольнага патэнцыялу тэрмадынамічнага пры павелічэнні на 1 моль колькасці рэчыва пэўнай кампаненты сістэмы пры пастаянных астатніх параметрах стану. Уведзены Дж.У.Гібсам (1875) пры разглядзе хім. раўнавагі ў шматкампанентных сістэмах (адсюль назва).

Дазваляе сфармуляваць умовы раўнавагі тэрмадынамічнай, адна з якіх — Х.п. дадзенай кампаненты аднолькавы ў розных фазах і ў розных месцах адной фазы. Адсюль вынікае, што ў гетэрагенных сістэмах магчымы самаадвольны пераход толькі з фазы з большым Х.п. у фазу з меншым Х.п. Калі ўмовы раўнавагі Х.п. парушаюцца, у сістэме ўзнікае асматычны ціск. Як нарміровачная пастаянная Х.п. уваходзіць у размеркаванні Больцмана, Бозе—Эйнштэйна, Гібса, Фермі—Дзірака і інш. Для выраджанага газу электронаў (фермі-газу) Х.п. тоесна супадае з фермі энергіяй (у паўправадніках — з фермі ўзроўнем). Х.п. выкарыстоўваецца для апісання ўласцівасцей сістэм з пераменным лікам часціц, напр., дзе адбываюцца хім. рэакцыі, фазавыя пераходы, іанізацыя, растварэнне.

П.​С.​Габец.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛЕЎ,

гаспадарчая пабудова для ўтрымання свойскай жывёлы. Вядомы са старажытнасці ў большасці народаў свету, у славян з 5 ст. да н.э. На Беларусі вядомы ў 9 ст. як лёгкае збудаванне тыпу паветкі. У залежнасці ад жывёлы, якую трымаюць у Х., наз. аўчарня, кароўнік, свінарнік, цялятнік і інш. У некат. мясцовасцях (Паазер’е, Падняпроўе, Пн Цэнтр. Беларусі) вядомы і рэгіянальныя назвы Х. (напр., абора). У сял. сядзібе Х. ставяць асобна ад інш. пабудоў або ў комплексе з імі. Найчасцей гэта драўляная пабудова зрубнай ці зрубна-слупавой канструкцыі з 2- або 4-схільным дахам. Унутр. загародкі з лёгкіх жэрдак дзеляць Х. на ч. для рознай жывёлы. У калект. і фермерскіх гаспадарках Х. звычайна прыстасаваны для ўтрымання аднаго віду жывёлы, іх будуюць паводле спец. праектаў з улікам заатэхн. і інж. тэхналогій.

Літ.:

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Хлявы: уверсе — з галубятняй, на Палессі; унізе — у вёсцы Шані Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19—1-я пал. 20 ст. Малюнкі.

т. 17, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́ХАЎ, Чэхаў Андрэй (?—паміж 23.1 і 8.12.1629), расійскі ліцейшчык, гарматны і звонавы майстар (паводле некат. звестак, выхадзец з Беларусі). Больш за 60 гадоў працаваў у Маскве на Гарматным двары, дзе стварыў шмат (вядома больш за 20) цяжкіх бронзавых гладкаствольных гармат, у т. л. «Цар-гармату» (1586). Звычайна кожнай гармаце Ч. даваў назву, напр., «Лісіца» (1575), «Воўк» (1576), «Інрог» («Аднарог», 1577), «Леў» і «Аспід» (1590), «Цар Ахілес» (1617) і інш., упрыгожваў гарэльефам, багатым арнаментам і надпісамі. Гарматы былі выдатным дасягненнем тагачаснай артыл. тэхнікі, служылі шмат гадоў, некат. з іх выкарыстоўваліся ў Паўн. вайне 1700—21. Захавалася 12 гармат Ч., з іх 7 знаходзяцца ў Ваен.-гіст. музеі артылерыі, інж. войск і войск сувязі ў Пецярбургу, 3 — у Маскоўскім Крамлі, 2 — у Швецыі (у Грыпсхольмскім замку, каля Стакгольма, куды яны трапілі ў выніку Лівонскай вайны 1558—83). Ч. ствараў таксама званы, у т. л. «Рэвут» (1621—22) масай 200 пудоў (каля 32 т) для званіцы «Іван Вялікі». Навучыў свайму майстэрству шматлікіх вучняў.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

асноўнае эксплуатацыйнае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, што ажыццяўляе прыём, адпраўленне, фарміраванне і расфарміраванне цягнікоў, абслугоўванне пасажыраў, прыём і выдачу грузаў; лінейнае падраздзяленне чыгункі. Да асн. збудаванняў і ўстройстваў Ч.с. адносяцца: станцыйныя пуці, чыгуначныя вакзалы і службова-тэхн. будынкі; платформы (пасажырскія і грузавыя, у т. л. апарэлі), склады, пагрузачна-разгрузачныя пляцоўкі і сродкі механізацыі работ (напр., краны розных тыпаў, аўтакары і электракары), пешаходныя масткі і тунэлі; прыстасаванні для тэхн. абслугоўвання лакаматываў і вагонаў (на буйных станцыях — лакаматыўныя і вагонныя дэпо); устройствы станцыйнай чыгуначнай сігналізацыі, блакіроўкі і сувязі (гл. таксама Аўтаблакіроўка). Паводле характару работы Ч.с. падзяляюцца на прамежкавыя, участковыя, сартавальныя, грузавыя і пасажырскія. Ч.с., размешчаныя на перасячэнні, злучэнні 2 ці больш чыг. ліній, утвараюць чыгуначны вузел. Паводле аб’ёму і складанасці работы адрозніваюць пазакласныя (з вял. аб’ёмам работы і высокім узроўнем тэхн. аснашчэння) і Ч.с. 1—5-га класаў. Назвы Ч.с. і схему іх размяшчэння на бел. чыгунцы гл. пры арт. Беларуская чыгунка.

І.​А.​Елавы.

Чыгуначная станцыя Мінск-Пасажырскі.

т. 17, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХТА (ад ням. Schacht),

1) горнае прадпрыемства для здабычы карысных выкапняў падземным спосабам і адгрузкі іх спажыўцу ці абагачальнай фабрыцы.

Бываюць Ш. вугальныя, жалезарудныя, саляныя. Калі здабыча вядзецца з дапамогай струменя вады — наз. гідрашахтай. Ш. складаецца з падземных горных вырабатак, дзе праводзяцца падземныя горныя работы, шахтавага ствала, будынкаў і канструкцый на паверхні, каб абслугоўваць горныя работы, прымаць карысныя выкапні і рыхтаваць іх для адпраўкі спажыўцам. Людзей і грузы ў Ш. перавозіць рудніковы транспарт (гл. Рудніковае транспартаванне). Глыбіня — ад сотняў м да некалькіх км. Ш. на магутных радовішчах дзейнічаюць 50—70 і больш гадоў.

На Беларусі Ш. карыстаюцца на прадпрыемствах ВА «Беларуськалій» (г. Салігорск).

2) Вертыкальная падоўжная поласць у некаторых канструкцыях, збудаваннях (напр., Ш. печы, топкі, ліфта).

А.​А.​Калагрыўка.

Схема шахты, якая распрацоўвае пакатыя вугальныя пласты: 1 — вентыляцыйны штрэк; 2 — ачышчальны забой (лава); 3 — адкатачны штрэк; 4 — брэмсберг; 5 — хаднікі; 6 і 8 — збудаванні галоўнага і дапаможнага ствалоў; 7 — будынак сартавання; 9 — электрападстанцыя; 10 — пародны бункер.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)