ЕЎРО́ПА,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3140 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 670,9 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 3 сут 13 гадз 18 мін. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыў Г.​Галілей (1610).

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАСТО́ЧЧА,

вёска ў Лугава-Слабадскім с/с Мінскага р-на. Цэнтр саўгаса. За 20 км на ПдУ ад г. Мінск. 1953 ж., 634 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ХАД пункт захаду,

адзін з 4 гал. пунктаў гарызонту (старон свету); пункт перасячэння матэм. (сапраўднага) гарызонту з нябесным экватарам (гл. Нябесная сфера). Размяшчаецца злева ад назіральніка, які стаіць тварам на Пн. Абазначаецца літарамі З або W.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. insula востраў),

працэс узнікнення ізаляцыі папуляцый ва ўмовах існавання на астравах. Да І. належаць разнастайныя вынікі такой ізаляцыі з магчымасцю ўзнікнення калапсу. І. таксама магчыма ў форме геагр. ці экалагічнай ізаляцыі розных відаў.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУСУСЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. intus унутр + susceptio прыняцце на сябе),

разрастанне абалонак клетак раслін у выніку пранікнення новых малекул цэлюлозы і протапекціну ў сфарміраваную абалонку. Рост і патаўшчэнне абалонак адбываецца за кошт І. і налажэння слаёў знутры (апазіцыя).

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАРТМЕНТАЛІЗА́ЦЫЯ клеткі,

раздзяленне клеткі на кампартменты (адсекі), якія адасабляюцца ад астатняй ч. клеткі пранікальнай мембранай і набываюць спецыфічныя марфал. ці біяхім. ўласцівасці. Адлюстроўвае структурную або біяхім. спецыялізацыю асобных фрагментаў клеткі і забяспечвае прасторавую арганізацыю метабалічных працэсаў.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ТАР (ад лац. conservator ахавальнік),

1) прыхільнік кансерватыўных поглядаў, праціўнік прагрэсу і пераўтварэнняў (у паліт. жыцці, л-ры і мастацтве, навуцы).

2) Член кансерватыўных партый у Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах (гл. Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі).

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЁІДА (ад кардыя... + грэч. eidos выгляд),

плоская алгебраічная лінія, якая апісваецца пунктам М. акружнасці радыуса г, што коціцца па акружнасці з тым жа радыусам. К. з’яўляецца канхоідай акружнасці і прыватным выпадкам эпіцыклоіды. Гл. Гіпацыклоіда і эпіцыклоіда.

Кардыёіда.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОД у бухгалтэрыі,

умоўная лічбавая адзінка рахунка бухгалтарскага ўліку для аблягчэння бухгалтарскіх запісаў. Сінтэтычныя рахункі звычайна кадзіруюць двухзначнымі лічбамі ад 01 да 99, а субрахункі — трохзначнымі (першыя 2 лічбы абазначаюць нумар сінтэтычнага рахунка, а трэцяя — субрахунка).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)