БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 16 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,56 км², даўж. 1,12 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 4,2 км².

Схілы катлавіны выш. да 8 м, на У і ПдУ да 15—20 м, пераважна разараныя. Берагі пясчаныя, параслі хмызняком, паўн.-ўсх. забалочаныя. Вакол возера тарфяністая пойма. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЖА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн.-зах. ускраіне г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,93 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. Вадазбору 11,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—7 м, разараныя, зах. пад лесам, берагі нізкія, на У высокія, пясчаныя. Дно пясчанае, месцамі сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Святца і Ельня.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ШЧА,

возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэшча (выцякае з возера) за 12 км на ПдЗ ад г. Лепель. Пл. 4,08 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 1,3 м. Пл. вадазбору 127 км².

Схілы катлавіны спадзістыя, пад лесам і хмызняком. Берагі тарфяністыя, забалочаныя. Дно плоскае, глеістае. Зарастае. Упадае р. Кеста, выцякае р. Бярэшча, праз Бярэзінскі канал злучана з воз. Плаўна. Гнездаванне лебедзя-шыпуна, занесенага ў Чырвоную кнігу.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССМЕ́РТНЫ (Аркадзь Львовіч) (2.5.1893, г. Сураж Бранскай вобл., Расія — 3.9.1955),

бел. скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1939). Праф. (1946). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1917). Адзін з арганізатараў першай на Беларусі нар. кансерваторыі (Віцебск, 1918), дырэктар Бел. муз. тэхнікума (з 1924), заг. кафедры Бел. кансерваторыі (1932—55). Удзельнік (1-я скрыпка) Дзяржаўнага смыковага квартэта БССР. Кіраваў канцэртамі сімф. аркестраў муз. тэхнікума, Бел. радыёцэнтра, кансерваторыі. Выступаў як скрыпач-саліст, выкананне вызначалася выразнасцю, адухоўленасцю, тэхн. свабодай.

В.​П.​Пракапцова.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБКО́Ў (Уладзімір Васілевіч) (н. 31.10.1936, в. Папаратнае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай матэматыкі. Д-р фізіка-матэм. н. (1996), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе. Навук. даследаванні па выліч. метадах рашэння звычайных дыферэнц. ураўненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Вычислительные методы. Т. 1—2. М., 1976—77 (разам з У.​І.​Крыловым, П.​І.​Манастырным);

Избранные численные методы решения на ЭВМ инженерных и научных задач. Мн., 1985 (разам з Л.​М.​Гарадзецкім).

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́Ў (Усевалад Міхайлавіч) (1.12.1922, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 1.7.1979),

расійскі спартсмен (футбол, хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1967). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1956) і Ваенны ін-т фіз. культуры і спорту (1960). Алімп. чэмпіён (1956, Карціна-д’Ампецца, Італія), чэмпіён свету (1954, 1956) і Еўропы (1954—56) па хакеі з шайбай. У 1946—56 чэмпіён СССР па футболе і хакеі з шайбай. Аўтар кніг «Самы цікавы матч» (1963), «Рыцары спорту» (1971).

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Янка, за 16 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 1,04 км², даўж. 2,42 км, найб. шыр. 0,63 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 11,8 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае, зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 3 м. Упадаюць 2 ручаі, на Пд выцякае р. Янка.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́НАЎ (Генадзь Пятровіч) (29.11.1911, с. Тубанаеўка Спаскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1977),

архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1940). У 1946—50 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы ў Мінску: праект забудовы 1-й чаргі праспекта Ф.​Скарыны (1945—54, у сааўт., Дзярж. прэмія Беларусі 1968), Цэнтральнай пл. (1948, у сааўт.), моста цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны (1952, у сааўт.), корпуса гасцініцы «Мінск» і інш. Аўтар праекта забудовы цэнтра г. Улан-Батар (1957—61).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Павел Захаравіч) (9.3.1874, с. Осьміна, Лужскі р-н Ленініградскай вобл. — 14.9.1950),

рускі спявак (бас-барытон). Нар. арт. СССР (1939). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1903, з 1919 выкладаў у ёй, праф. з 1926). Удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.​П.​Дзягілева (у 1913—14). Сярод лепшых партый: Руслан («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Князь Ігар і Барыс Гадуноў у аднайм. операх А.​Барадзіна і М.​Мусаргскага.

Літ.:

Лебедев Д. П.​З.​Андреев: Очерк жизни и творческой деятельности. Л., 1971.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЦІ́ПАЎ (Васіль Рыгоравіч) (н. 15.2.1924, в. Бокачы Палкінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія),

дэндролаг. Д-р біял. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Леніградскую лесатэхн. акадэмію (1952). Працаваў у бат. садах Латвійскай і Беларускай АН, у Чарнавіцкім ун-це. З 1977 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па садова-паркавым і ландшафтным мастацтве, праблемах экалогіі.

Тв.:

Парки Белоруссии. Мн., 1974;

Устойчивость древесных растений к промышленным газам. Мн., 1979;

Определитель древесных растений. Мн., 1994 (разам з І.​В.​Гуняжэнкам).

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)