АПАФЕРМЕ́НТ (ад апа... + фермент),

апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТУ́Р, α Валапаса,

зорка нулявой зорнай велічыні (-0,1 візуальнай зорнай велічыні). Самая яркая зорка Паўночнага паўшар’я неба. Свяцільнасць у 80 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 10 пс. Мае вялікі ўласны рух (2,3 за год).

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РМІЦА,

дэталь засцерагальнага ўзбраення сярэдневяковага воіна 12—17 ст. Мела выгляд кальчужнага палатна-прывескі, якое прымацоўвалася да шлема-шышака або місюркі (разнавіднасць шлема). Барміца прыкрывала патыліцу, шыю, вушы, плечы і лапаткі воіна ад удараў халоднай зброяй.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНДСПО́ЙТ (ад галанд. brandspuit пажарная помпа),

1) металічны наканечнік гнуткага шланга; устарэлая назва ствала ў пажарнай тэхніцы.

2) Пераносная ручная помпа для мыцця палуб, тушэння пажараў і інш. на суднах.

Лафетны брандспойт (ствол) для тушэння пажару.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРЫ́НА (франц. vitrine ад лац. vitrum шкло),

1) спецыяльнае акно ў магазіне для паказу тавараў.

2) Зашклёныя шафы, скрынкі для паказу розных экспанатаў у музеях і інш. установах. Для вітрыны вырабляецца спец. шкло павышанай трываласці («вітрыннае»).

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ГІЯ,

малая планета № 3501. Сярэдні дыяметр 17 км, пл. каля 90 км², сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 3 а.а., перыяд абарачэння 5 гадоў. Адкрытая ў 1971 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Наз. ў гонар астранома Алега Коратцава.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМАЛЫ́К,

горад ва Узбекістане, у Ташкенцкай вобл., на схілах Курамінскага хрыбта, за 18 км ад чыг. ст. Ахангаран. 116 тыс. ж. (1990). Цэнтр каляровай металургіі (горна-металургічны камбінат). Хім., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. ЦЭЦ.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Я (ад грэч. amphibolia двухсэнсавасць) у літаратуры, двухсэнсавасць выразу, якая ўзнікае ў выніку сінтаксічнай няўзгодненасці асобных частак выказвання. Напр., у радку верша В.​Макарэвіча «Гораду», «Былы я лесаруб, каваль» 2 словы «былы я» ўспрымаюцца як адно «былыя».

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НІЯ (ад грэч. agōnia барацьба),

згасанне асн. жыццёвых працэсаў у перыяд, які папярэднічае смерці. Суправаджаецца стратай свядомасці, парушэннем дыхання, згасаннем адчувальнасці, рэзкім спадам сардэчнай дзейнасці, памутненнем рагавіцы вока, сінявата-барвовым адценнем скуры. Працягласць агоніі — некалькі мінут, гадзіны.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕНКУ́Р (Azincourt),

сяло на Пд ад г. Кале (Францыя), каля якога ў час Стогадовай вайны 1337—1453 англ. войскі Генрыха V 25.10.1415 атрымалі перамогу над франц. арміяй, што дазволіла англічанам захапіць Пн Францыі, у т. л. Парыж.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)