ВАЎЧО́,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка (выцякае з возера), за 1,5 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,38 км², даўж. 1,28 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 3,28 км. Пл. вадазбору 78,4 км².

Схілы катлавіны выш. 5—17 м, пераважна разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі месцамі пад хмызняком. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. На Пд упадаюць ручаі з азёраў Вечалле і Дземінец.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧЫЦА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 10 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 69,8 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на Пн і ПнУ 5—7 м), на ПнЗ невыразныя, парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Зарастае падводнай расліннасцю. Праз возера цячэ р. Ідута.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКЧА́НСКІ,

біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).

Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РГАС (Burgos),

горад на Пн Іспаніі, у аўт. вобл. Кастылія-Леон. Адм. ц. правінцыі Бургас. Засн. каля 856. 164 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог, гандл. цэнтр. Тэкст. (пераважна шарсцяная), харч., мэблевая прам-сць; вытв-сць сінт. валокнаў; металаапр., цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы. Атамная электрастанцыя. Турызм. Архіепіскапства. Арх. помнікі, у т. л. гатычны сабор 13—16 ст. (б. мячэць; занесена ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); замак. Кірмаш і святы св. Пятра (чэрвень).

Саборы 13—16 ст. у Бургасе.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЬКО́ (Мікола) (Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТЫ́ЛКІН (Віктар Васілевіч) (н. 27.10.1923, Масква),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1975). Д-р ваен. навук (1969), праф. (1970). Скончыў Разанскае артыл. вучылішча (1942), Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір батарэі ст. лейт. Бутылкін вызначыўся 15.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Лоеў Гомельскай вобл. З 1956 на н.-д. рабоце, у 1985—88 заг. кафедры ў Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЦЬЯ́НАЎ (Даніла Дзяменцьевіч) (н. 9-12.1918, в. Хамёнкі Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. эпізаатолаг. Д-р вет. н. (1974), праф. (1975). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1939). У 1947—54 і з 1964 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па патагенезе і імунітэце пры рожы і інш. хваробах свіней, мерах барацьбы з лептаспірозам і пастэрэлёзам с.-г. жывёл, адначасовай вакцынацыі жывёл супраць некалькіх інфекцый.

Тв.:

Одновременная вакцинация животных против нескольких инфекций. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РА ЗАЛАТА́Я, цукроўка двайная,

сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Бэра залатая.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Адкрыты 29.5.1970 у г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. Плошча выставачных залаў 259 м². У музеі 406 экспанатаў (1996). Экспануюцца творы Бялыніцкага-Бірулі («Лёд прайшоў», «Лес зазелянеў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі», усяго 26 карцін), бел. жывапісцаў Н.​Воранава, П.​Данелія, Ф.​Дарашэвіча, К.​Касмачова, П.​Крохалева, А.​Шыбнёва, скульпт. Л.​Гумілеўскага, І.​Міско, Г.​Мурамцава, С.​Селіханава і інш.

Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Адна з залаў музея.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)