МУРАВА́НКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ, Маламажэйкаўская царква-крэпасць,

помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.

А.​М.​Кулагін.

Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.​Гразноў.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.​Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял. Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.

А.​А.​Ярашэвіч.

Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Першы гатычны касцёл засн. ў 1395 пры кн. Вітаўце (існаваў да 1712). На яго месцы ўзведзены новы мураваны, у 1723 асвячоны віленскім біскупам Мацеем Анцатам. Храм 1-нефавы, з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўн. боку прылягае сакрысція. У кампазіцыі будынка 2 стараж. гранёныя капліцы ранейшага касцёла. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўвахода, сцяна гал. фасада і вежы ссунуты адносна падоўжнай восі будынка, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаны адзінай цягай карніза, які падзяляе гал. фасад на высокую ніжнюю частку і трохвугольны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі з пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага цела ў паўн. сцяне ўмуравана мемар. пліта, заказаная ў 1643 кашталянам Я.​Рудамінам у памяць пра брата і суседзяў, якія загінулі ў 1621 у баі з туркамі пад Хоцінам.

Т.​В.​Габрусь.

Навагрудскі фарны касцёл.
Навагрудскі фарны касцёл. Капліцы.

т. 11, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАРЧУ́К (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.​Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.​Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.​Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.​Каліноўскага, М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.​З.​Царука, Героя Сац. Працы Я.​І.​Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.​Летуном, У.​Гоманавым, В.​Цюрыным; 1984).

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІ́МАЎ Павел Сцяпанавіч [5.7.1802, с. Гарадок (б.с. Гарадок на тэр. сучаснага Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.7.1855], расійскі флатаводзец. Адмірал (1855). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1818), служыў на Балт. флоце. Удзельнік кругасветнага плавання на фрэгаце «Крэйсер» пад камандаваннем М.П.Лазарава (1822—25), Наварынскай бітвы 1827, рус.-тур. вайны 1828—29. Камандаваў фрэгатам «Палада» (з 1829), потым на Чарнаморскім флоце лінейным караблём «Сілістрыя» (з 1834), брыгадай караблёў (з 1845), флоцкай дывізіяй (з 1852). У Крымскую вайну 1853—56 разграміў гал. сілы тур. флоту ў Сінопскай бітве 1853, адзін з кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55лют. 1855 камандзір Севастопальскага порта і ваен. губернатар). 10.7.1855 смяротна паранены на Малахавым кургане. Помнік у Севастопалі (з 1959) і бюст у Вязьме (з сярэдзіны 1990-х г.). У СССР у 1944—91 існавалі ваен. ўзнагароды — ордэн Н. 1-й і 2-й ступеняў і медаль Н. Імем Н. названы шэраг баявых караблёў сав. і рас. ВМФ. З 1955—56 у С.-Пецярбургу дзейнічае Нахімаўскае вучылішча.

Літ.:

Адмирал Нахимов: Док. и очерки. Калининград, 1997.

П.С.Нахімаў.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],

сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.

Літ.:

Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл. М., 1982. Ч. 1.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГВА́РДЫЯ.

1) узброенае цывільнае апалчэнне. Упершыню створана ў Парыжы (пад камандаваннем ген. М.Ж. дэ Лафаета) у 1789 у пач. французскай рэвалюцыі 1789—99. Будавалася паводле тэр. прынцыпу (па кварталах і акругах). Атрады Н.г. ўдзельнічалі ў паўстанні 10.8.1792 і задушэнні контррэв. выступленняў (гл. Вандэйскія войны). Пры Напалеоне I Н.г. выкарыстоўвалася як дапаможная сіла. У 1828 распушчана. Адноўлена пасля ліп. рэвалюцыі 1830, у 1852 рэарганізавана. У час франка-прускай вайны (1870—71) частка Н.г. абараняла Парыж. У сак. 1871 створаны Цэнтр. к-т Н.г., які 18—28 сак. быў часовым рэв. урадам Парыжскай камуны 187/. Дэкрэтам камуны ад 29 сак. 1871 пастаянная армія заменена Н.г., на чале якой стаялі Я.Дамброўскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля ліквідацыі камуны Н.г. распушчана. У час рэвалюцый 1848—49 цывільныя апалчэнцы тыпу Н.г. (па-іншаму нар. міліцыя, цывільная гвардыя) дзейнічалі ў краінах Герм. саюза, Іспаніі, італьян. дзяржавах і інш. 2) Тэр. вайсковыя фарміраванні ў ЗША (каля 450 тыс. чал.) і шэрагу інш. краін; з’яўляюцца рэзервам рэгулярных узбр. сіл. У мірны час выкарыстоўваецца для выканання пэўных задач.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАПАЛІТА́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў Паўд. Італіі ў 1282—1815. Вылучылася ў 1282 з Сіцылійскага каралеўства пасля таго, як Карл Анжуйскі (гл. Анжуйская дынастыя) страціў Сіцылію. Сталіца каралеўства — г. Неапаль. Дасягнула магутнасці ў часы праўлення Роберта [1309—43], які ўзначаліў італьян. гвельфаў (гл. Гвельфы і гібеліны). У выніку жорсткай барацьбы за прастол у Н.к. ўсталявалася малодшае венг. адгалінаванне Анжуйскай дынастыі [1382—1435], Пастаянныя войны з Сіцыліяй і ўнутр. ўсобіцы аслаблялі каралеўскую ўладу. У 1442—43 дзяржаву заваяваў кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс V (у Н.к. — Альфонс I), заснавальнік у Н.к. Арагонскай дынастыі [1442—1501]. У выніку Італьян. войнаў 1494—1559 Н.к. — уладанне (з 1504) Іспаніі, разам з Сіцыліяй утварыла Сіцылій абедзвюх Каралеўства. Эканам. заняпад дзяржавы (асабліва гарадоў), падатковы ўціск з боку іспанцаў выклікалі ў 16—17 ст. у Н.к. шматлікія паўстанні. Пасля нядоўгага аўстр. праўлення (з 1707, фармальна ў 1714—35) пад уладай ісп. Бурбонаў. У 1805 акупіраваны франц. войскамі Напалеона I, кіравалі ген. Ж.​Банапарт (1806—08) і І.Мюрат (1808—15). Пасля разгрому Напалеона зноў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій; з 1860 у складзе аб’яднанага Італьян. каралеўства.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРУ́СКІ СТЫ́ЛЬ,

кірунак у рус. архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. Пачатак пакладзены ў Абрамцаве пад Масквой, у маст. гуртку С.​І.​Мамантава (канец 1870 — пач. 1880-х г.), які аб’ядноўваў прыхільнікаў новых форм сінтэзу мастацтваў. Агульныя прынцыпы формаўтварэння, пластычнасць, стракатая дэкаратыўнасць пабудоў дазваляе разглядаць Н.с. як нац.-рамант. плынь у рамках стылю мадэрн. Для Н.с. характэрна стварэнне суцэльнага арх.-маст. вобраза, асацыятыўна звязанага з першакрыніцай, а не кампіляцыя стараж.-рус. форм. У арсенал стылізаваных форм уключаліся матывы асн. школ страж.-рус. дойлідства (наўгародскай, уладзіміра-суздальскай, т.зв. нарышкінскага барока і інш.). У праектаванні пабудоў удзельнічалі мастакі В.​Васняцоў (фасад Траццякоўскай галерэі, 1900—05), С.​Малюцін (даходны дом Пярцовай, 1905—07, з арх. Н.​Жукавым), арх. Ф.​Шэхтэль (Яраслаўскі вакзал, 1902—04, усе ў Маскве) і інш. Прадстаўнікі позняга Н.с. амаль літаральна ўзнаўлялі формы стараж.-рус. пабудоў (А.​Шчусеў, сабор Марфа-Марыінскага манастыра, 1908—12 у Маскве). Н.с. атрымаў увасабленне таксама ў дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы, сцэнаграфіі.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Неарускі стыль. Яраслаўскі вакзал у Маскве. Арх. Ф.​Шэхтэль. 1902—04.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАРАГУА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1979, Сандзінісцкая рэвалюцыя,

узброенае выступленне апазіц. сіл у Нікарагуа ў маі—ліп. 1979, якое прывяло да падзення дыктатуры А.Самосы Дэбайле. Падрыхтавана ў выніку актывізацыі дзеянняў (з 1977) партыз. атрадаў Сандзінісцкага фронту нацыянальнага вызвалення і згуртавання інш. апазіц. сіл пасля інспіраванага ўладамі забойства нікарагуанскага выдаўца газет П.​Дж.​Чаморы (1978). У маі 1979 сандзіністы (гал. сіла рэвалюцыі) пачалі ген. наступленне на сталіцу, у ходзе якога яны занялі больш за 20 гарадоў, 12 чэрв. атакавалі сталічны аэрапорт Манагуа. Пад іх ударамі фактычна перастала існаваць Нац. гвардыя — гал. апора Самосы. 4 чэрв. ў краіне пачалася ўсеаг. забастоўка, ЗША (знешнепаліт. саюзнік нікарагуанскага рэжыму) рэкамендавалі Самосе пайсці ў адстаўку, і 17 ліп. дыктатар пакінуў краіну. У вызваленую да 19 ліп. сталіцу 20 ліп. прыбыў Часовы дэмакр. ўрад нац. адраджэння (створаны 17 ліп. з прадстаўнікоў апазіц. сіл краіны) на чале з Д.Артэгам Сааведрам, які пачаў радыкальныя сац.-эканам. пераўтварэнні.

Літ.:

Никарагуа: путь борьбы и победы: [Сб.]. М., 1984;

Идейное наследие Сандино: (Сб. док. и материалов): Пер. с исп. М., 1982.

Н.​Р.​Кошалева.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)