НЕСКРЫЖАВА́ЛЬНАСЦЬ,
немагчымасць свабоднага скрыжавання паміж асобінамі розных відаў, якія ў прыродных умовах насяляюць адну тэрыторыю, і пры аддаленай гібрыдызацыі. Прычына — рэпрадуктыўная ізаляцыя. Адыгрывае важную ролю ў відаўтварэнні, адзнака адасаблення віду. У селекцыі для пераадолення Н. выкарыстоўваюць спец. прыёмы: поліплаідыю, вегетатыўнае збліжэнне ў раслін, штучнае асемяненне ў жывёл.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Веньямін Веньямінавіч) (1839, Магілёўская губ. — 15.8.1881),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1862). У 1862—76 працаваў у Віцебскай буд.-дарожнай камісіі, у 1876—78 — полацкім епархіяльным архітэктарам. Аўтар праектаў рамонту з частковай рэстаўрацыяй Сафійскага сабора ў Полацку (1869), мураванай царквы для в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (1881).
т. 11, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́Д [ад грэч. pente пяць + (электр)од],
пяціэлектродная электронная лямпа. Мае катод, анод і 3 сеткі (кіравальную, экранную і антыдынатронную, ці ахоўную). З’явіўся як далейшае развіццё тэтрода. Выкарыстоўваецца для генерыравання (гл. Генератарная лямпа) і ўзмацнення нізка- і высокачастотных эл. сігналаў, фарміравання рознай формы эл. ваганняў у індыкатарных прыладах і інш.
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ФАС (грэч. pithos),
вялікая гліняная пасудзіна, пашыраная ў крыта-мікенскую і антычную эпохі для захоўвання збожжа і інш. гасп. прыпасаў. П. мелі яйцападобную форму і ў вышыню дасягалі 1,5—2 м. Эгейскія П. ўпрыгожвалі рэльефным фрызападобным арнаментам. Звычайна П. укопвалі ў глебу і зверху клалі на яго каменную ці гліняную накрыўку.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
магчымасць фіз. або юрыд. асобы своечасова выконваць свае фін. абавязацельствы па меры іх надыходу. Абумоўліваецца наяўнасцю ўласных або пазыковых сродкаў, дастатковых для выплаты даўгоў, аплаты паступіўшай або набытай прадукцыі, аказаных паслуг, выкананых работ. Адлюстроўвае фін. стан суб’екта гаспадарання, яго пакупныя здольнасці і залежыць ад поспеху і стабільнасці яго гасп. дзейнасці.
т. 12, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ЛКА,
прылада працы першабытнага чалавека для праколвання адтуліны ў скуры жывёл з мэтай пашыву з яе адзення, абутку і інш. З’явілася ў эпоху мусцье. Выраблялася з дробных крамянёвых пласцін ці адшчэпаў з вузкім і вострым канцом; рабілі таксама з косці і дрэва. З пашырэннем жалеза П. саступілі месца шылу з жалеза.
т. 12, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯРЫТЭ́Т (ням. Priorität ад лац. prior першы, старшы),
1) першынство ў часе ажыццяўлення якой-н. дзейнасці.
2) Неабходная ўмова выдачы патэнта на вынаходства, для прызнання навук, тэхн. дасягнення адкрыццём.
3) Пераважнае значэнне якога-н. нарматыўнага акта, закону. Напр., Беларусь прызнае П. агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім нац. заканадаўства.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-БЮРО́,
1) рэдакцыйны апарат для абслугоўвання прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на перыяд работы з’ездаў, канферэнцый, нарад. Арганізуе прэс-канферэнцыі, выпускае прэс-рэлізы і г.д. 2) Пастаянна дзеючы орган інфармацыі пры рэдакцыях газет, агенцтвах друку, пасольствах, прадстаўніцтвах і інш. установах, які забяспечвае друк гатовымі артыкуламі, інфармацыяй, ілюстрацыйным і інш. матэрыялам.
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ у паліграфіі,
адзінка даўжыні ў сістэме друкарскіх мер. У большасці еўрап. краін і СНД роўны 0,3759 мм (у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах 0,3515 мм). Служыць для вымярэння кегля шрыфту, наборных лінеек, інш. друкавальных элементаў, а таксама памераў прагальнага матэрыялу. Уведзены ў Францыі ў 1737 як 1/72 франц. цалі.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТАЦЫ́ЙНАЯ ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НА,
паліграфічная друкарская машына, у якой друкарская форма і паверхня, што прыціскае да яе паперу, з’яўляюцца цыліндрамі. Працэс друкавання на Р.д.м. неперарыўны (неперарыўнае вярчэнне цыліндраў), таму ў параўнанні з інш. друкарскімі машынамі яна мае больш высокую прадукцыйнасць. Выкарыстоўваецца для друкавання газет, кніг, часопісаў. Іл. гл. да арт. Друкарская машына.
т. 13, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)