Існаваў у 16 ст. на паўд.-зах. беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замка вызначала канфігурацыя мыса, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з 4 вуглавымі чацверыковымі 3-яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытых двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне з боку перашыйка паміж ракой і возерам. 1-павярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замка, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўра войск. С.з. разбураны войскамі ВКЛ у 1566, потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83. Вядомы паводле малюнка С.Пахалавіцкага 1579.
Ю.А.Якімовіч.
Сітнаўскі замак. З малюнка С.Пахалавіцкага. 1579.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых навуч. устаноў Еўропы. Засн. ў 1450 у г. Барселона (аўт. вобласць Каталонія, Іспанія). У 1873 ун-т атрымаў статус дзярж. установы, з 1985 незалежная ВНУ. Выкладанне на каталонскай і ісп. мовах. У складзе ун-та дэпартаменты, ф-ты, ін-ты, цэнтры, школы, 17 б-к, абсерваторыя, музеі. Найб. значнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца дэпартаменты: гуманітарных і сацыяльных навук (ф-ты: філас., геагр., гіст., філал., мастацтваў); права, эканомікі і сац. навук (ф-ты: права, эканомікі і кіравання бізнесам, у т. л. статыстыка і сацыялогія); эксперыментальных навук і матэматыкі (ф-ты: біял., хіміі, фізікі, матэматыкі, геал.); навук аб здароўі (ф-ты: мед., фармакалагічны, стаматалагічны, псіхалогіі), цэнтр сястрынскай справы і інш.; адукацыйных навук (ф-тадукац. навук, цэнтр адукацыі). Ін-ты: адукац. навук, па вывучэнні працы, сучасных моў, Іспаніі, краін Усходу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З (БСС),
арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час.«Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.
Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.Шырма і М.Забэйда-Суміцкі). Вільня.Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
велічыні, якія вызначаюць становішча пунктаў на Зямлі і ў каляземнай прасторы адносна паверхні зямнога эліпсоіда — геагр. шырата, даўгата і вышыня пункта. Геадэзічную шырату і даўгату вылічваюць ад зыходнага пункта «Пулкава» метадам трыянгуляцыі, вышыню — ад нуля Кранштацкага футштока нівеліраваннем. Выкарыстоўваюцца і інш. сістэмы каардынат: для вызначэння геадэзічных каардынат пунктаў у прасторы — прамавугольная дэкартава сістэма каардынат з пачаткам у цэнтры зямнога эліпсоіда; для вызначэння планавага становішча пунктаў на параўнальна невял. аб’ектах — прамавугольная сістэма каардынат на плоскасці; для інж. работ — сістэма занальных плоскіх прамавугольных каардынат у праекцыі Гаўса—Кругера з пачаткам каардынат у пункце перасячэння восевага (сярэдняга) мерыдыяна шасціградуснай зоны з экватарам. Геадэзічныя каардынаты адрозніваюцца ад астранамічных некалькімі секундамі на раўнінных тэрыторыях і некалькімі дзесяткамі секунд у перадгорных і горных раёнах. Гэта абумоўлена адступленнем фігуры геоіда ад матэм. фігуры эліпсоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц ТЫЗЕНГА́ЎЗА.
Пабудаваны ў 1760—70-я г. ў Гродне (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака, маст. П.Гежыдовіч, А.Грушэцкі) як палац А.Тызенгаўза (з пач. 19 ст. рэзідэнцыя губернатара). Кампазіцыйны цэнтр Гарадніцы, гал. фасадам выходзіў на плошчу і ўтвараў трапецападобны курданёр. Аднапавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невял. мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у плане бельведэрам з купалам і скульпт. выявай Цэрэры над гал. уваходам. Аздабленне фасадаў мела элементы стылю ракако, у каларыстычным вырашэнні — спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Парадныя залы былі аздоблены плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру. У ансамбль уваходзіў будынак Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Разбураны ў 1915. На ПнУ ад палаца праф. Ж.Э.Жыліберам быў створаны Гродзенскі батанічны сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫ́ЛІЯ-ЛА-МА́НЧА (Castilla-La Mancha),
аўтаномная вобласць у цэнтр.ч. Іспаніі. Пл. 79,2 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1991). Уключае правінцыі: Альбасетэ, Сьюдад-Рэаль, Куэнка, Гвадалахара, Таледа. Адм. ц. — г.Таледа. Найб. значныя гарады і эканам.цэнтры: Альбасетэ, Гвадалахара, Сьюдад-Рэаль. Займае паўд.ч. пласкагор’я Месета (выш. 600—800 м). На ўскраінах: Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, Сьера-Марэна і інш. горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. рэкі: Таха, Гвадыяна, Хукар. Натуральная расліннасць — хмызнякі тыпу маквіс, у гарах участкі шыракалістых і хвойных лясоў. Найб. развіта арашальнае земляробства і горназдабыўная прам-сць. Гал.с.-г. культуры: вінаград, пшаніца, ячмень, цукр. буракі, тытунь, алівы. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Здабыча ртутных (Альмадэн), марганцавых, медных, жал., свінцовых руд, каменнага вугалю. Развіта харч. (у т. л. вінаробчая), металаапр., керамічная, хім., нафтаперапр., прам-сць. Паблізу г. Гвадалахара АЭС. Развіты турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЮШЭ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч; н. 1.3.1947, Мінск),
бел. пісьменнік. Канд.філал.н. (1987). Скончыў БДУ (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1987). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», апараце ЦК ЛКСМБ, у 1979—84 і ў 1992—94 гал. рэдактар газ. «Знамя юности», у 1987—94 нам.гал. рэдактара час. «Крыніца». Друкуецца з 1968. У цэнтры твораў К. маральна-этычныя праблемы сучасніка, аналіз складаных сітуацый і пошукі выйсця з іх, тэмы Вял.Айч. вайны, спорту і інш. Аўтар кніг «Першая восень» (1972), «Трэці раунд» (1977), «Адзін дождж на ўсіх» (1979), «Дні, як усе іншыя» (1981), «Сустрэча пасля развітання» (1984) і інш., сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Клімука «Хроніка знаходжання на зямлі» (1981, з В.Грышановічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.Бэкана, І.Ньютана, Ч.Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.Максвел, П.Дзірак, Дж.Дж.Томсан, Э.Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтрынавук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.