КО́КЛЮШ (ад франц. coqueluche кашаль),

вострая інфекц. хвароба з прыступамі спазматычнага кашлю. Найчасцей хварэюць дзеці. Узбуджальнік — палачка Бардэ-Жангу (апісаны ў 1906 бельг. бактэрыёлагам Ж.​Бардэ і франц. О.​Жангу). Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Пасля хваробы развіваецца імунітэт.

Інкубацыйны перыяд 2—15 дзён. Нетыповы «назойлівы» кашаль праз 2—3 тыдні пераходзіць у прыступападобны з глыбокім свістам пасля 2—3 кашлевых штуршкоў (рэпрызы). Прыступ канчаецца выдзяленнем вязкай празрыстай макроты з ірвотай. Твар хворага робіцца адутлаватым, павекі ацёчнымі, бывае кровазліццё ў скуру. кан’юнктыву вачэй, тоўшчу павекаў. Ускладненні: пашкоджанне лёгкіх (пнеўманія, эмфізема, пнеўматоракс), нерв. сістэмы (да кровазліцця ў мозг) і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],

прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл. Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл. Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл. Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФА́РКТ МІЯКА́РДА,

сардэчна-сасудзістая хвароба з утварэннем ачага амярцвення — некрозу ў сардэчнай мышцы; найб. цяжкае ўскладненне ішэмічнай хваробы сэрца. Адна з найважн. сац.-мед. праблем сучаснасці. Найчасцей узнікае на фоне стэнакардыі, атэрасклерозу каранарных артэрый. Развіццю І.м. садзейнічаюць неадпаведныя фіз. нагрузкі, гіпертанічныя крызы, хваляванні, парушэнні рытмаў сэрца і інш. Бывае буйна- і дробнаачаговы; у залежнасці ад лакалізацыі некрозу І.м. левага жалудачка (іншы раз правага) — пярэдні, задні ці ніжні задні. Прыкметы: моцны боль за грудзінай, пры атыповай форме — у вобласці жывата, левым плячы, сківіцы, рэзкі ўпадак сіл, дыхавіца, парушэнне дзейнасці сэрца. Ускладненні: калапс, анеўрызма сэрца, сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, пасцельны рэжым, дыета.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),

перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл. Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.

На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.

Антракноз: 1 — фасолі; 2 — агуркоў; 3 — чорных парэчак.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАКА́МЕРА (ад бара... + камера),

герметычная камера, дзе штучна ствараецца паніжаны (вакуумная баракамера) ці павышаны (кампрэсійная баракамера) бараметрычны ціск. Баракамеру, у якой можна мяняць тэмпературу, наз. тэрмабаракамерай. Аб’ём баракамеры — ад доляў да некалькіх соцень кубічных метраў.

Мае апаратуру для змены ціску і падтрымкі яго на зададзеным узроўні, назіральныя вокны, люкі, гукавую і светлавую сігналізацыю, перагаворныя прылады, асвятленне і інш. Выкарыстоўваецца для наземных выпрабаванняў самалётаў і касм. апаратаў ці іх адсекаў і элементаў, трэніровак лётчыкаў і касманаўтаў, вывучэння ўплыву на жывыя арганізмы гіпаксіі, паніжанага ці павышанага ціску і яго рэзкіх перападаў, змены газавага асяроддзя; лячэння шэрагу захворванняў (коклюшу, бранхіяльнай астмы, кесоннай хваробы і інш.) метадамі гіпербарычнай аксігенацыі і выканання некаторых хірург. аперацый (напр., аперацыі на адкрытым сэрцы).

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛУСЦЕ́ННЕ,

лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭГАРЫ́НЫ (Gregarinia),

падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).

Даўж. цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).

Грэгарыны: а — узброеная, б — прусаковая (1 — эпімерыт; 2 — протамерыт; 3 — дэйтамерыт; 4 — ядро).

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),

хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)