Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-П’ЕР І МІКЕЛО́Н (Saint-Pierre et Miquelon),
уладанне Францыі ў Атлантычным ак., на Пд ад в-ва Ньюфаўндленд. Складаецца з 8 астравоў, найб. з якіх Мікелон (пл. 216 км²) і Сен-П’ер (пл. 25 км²). Агульная пл. 242 км². Нас. 6,9 тыс.чал. (2000), нашчадкі франц. пасяленцаў з Нармандыі і Брэтані. Афіц. мова французская. Вернікі пераважна католікі. Адм., асноўны эканам. цэнтр і порт — г.Сен-П’ер. Астравы раўнінныя і ўзгорыстыя, выш. да 240 м (г. Гранд-Мантань на в-ве Мікелон). Клімат умераны марскі, вільготны. Сярэдняя т-раліп. 14 °C, лютага -3 °C. За год выпадае больш за 1400 мм ападкаў. У раслінным покрыве пераважаюць таежныя лясы з елкі, забалочаныя лугі, тарфяныя сфагнавыя балоты. Аснова гаспадаркі — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Валавы ўнутр. прадукт 74 млн.дол., каля 11 тыс.дол. на 1 чал. (1996). Прыбярэжная лоўля рыбы. У г. Сен-П’ер халадзільнікі і прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы (сушка, саленне, вэнджанне, вытв-сць кансерваў, рыбнай мукі і тлушчу); прадпрыемствы па рамонце рыбалавецкіх суднаў і рыштунку, абслугоўванне рыбалавецкіх суднаў і інш. Ёсць асобныя лесанарыхтоўчыя і дрэваапр. прадпрыемствы. Мясц. значэнне мае харч. (хлебапякарная, безалкагольных напіткаў) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 39 млн.кВт∙гадз (1996). На некалькіх звераводчых фермах вырошчваюць серабрыстых лісоў і норак. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3 тыс.га зямлі. Пераважае жывёлагадоўля, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Земляробства абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Найб. развіта вырошчванне агародніны і бульбы. Транспарт марскі, аўтамаб., авіяцыйны. Усе знешнегандл. сувязі адбываюцца праз порт Сен-П’ер, на астравах 114 км аўтадарог, у т. л. 69 км з цвёрдым пакрыццём; 2 аэрадромы, у т. л.міжнар. на в-ве Сен-П’ер (паветраная сувязь пераважна з Канадай). Замежны турызм (пераважна з Канады, ЗША Францыі). Экспарт — рыба, рыбапрадукты і пушніна; імпарт — харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Уладанне атрымлівае эканам. дапамогу Францыі. Грашовая адзінка — франц. франк.
У пач. 16 ст. С.-П. і М. наведвалі нармандскія, гасконскія і брэтонскія рыбакі. У 1536 франц. мараплавец Ж.Карцье абвясціў астравы ўладаннем Францыі. Уваходзіла ў склад франц. калоніі Квебек. Пасля страты Квебека ў сярэдзіне 18 ст. — адзінае франц. ўладанне ў Паўн. Амерыцы; канчаткова замацаваны за Францыяй у 1816. З 1946 заморская тэрыторыя Францыі, з 1976 — заморскі дэпартамент, з 1985 — тэр. адзінка Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЦІНІ́ЗМ (франц. crétinisme ад crétin крэцін, ідыёт, прыдуркаваты),
прыроджаная разумовая адсталасць з затрымкай фіз. развіцця і парушэннем функцый шчытападобнай залозы. Бывае ў выглядзе эндэмій (эндэмічны К.) і ўспышак (спарадычны К.). Псіхічная адсталасць пры выражаным К. дасягае ступені ідыятыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДА (франц. mode ад лац. modus мера, узор, спосаб),
1) непрацяглае панаванне пэўнага густу ў якой-н. сферы жыцця або культуры; у вузкім сэнсе — змена ўзораў адзення на працягу адносна кароткага прамежку часу.
2) Нетрывалая папулярнасць, якая хутка праходзіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА (франц. pas літар. крок),
танцавальная форма: 1) асобны выразны рух, які выконваецца адпаведна правілам класічнага танца; 2) танец у балеце; 3) шматчасткавая форма класічнага балета, у т. л.гран па, па-дэ-дэ, па-дэ-труа, па д’аксьён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЭВУ́ (ад франц. rendez-vous літар. прыходзьце, з’явіцеся),
1) дамоўленае раней спатканне, пераважна любоўнае.
2) У ваен.-марскім флоце вызначанае месца сустрэчы караблёў. Звычайна пры назначэнні Р. акрамя часу, шыраты і даўгаты месца вызначаюцца і курсы падыходу караблёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦІРА́ДА (ад франц. retirer адступаць),
1) адступальныя баявыя дзеянні войск (адыход) у мэтах заняцця новых пазіцый.
2) Умацаванні ў палявых пазіцыях і крапасных збудаваннях для абароны ў выпадку адступлення. Тэрмін «Р.» часам выкарыстоўваўся ў значэнні ўхілення ад рашучых дзеянняў.