ГРЫ́НЧАНКА (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 21.6.1938, г. Краснаград, Украіна),

спявак (бас). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965). З 1966 саліст Узбекскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Маскоўскай філармоніі. Сярод партый: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца многіх вак. твораў узб. кампазітараў, у рэпертуары таксама ўкр. нар. песні, рамансы ўкр. кампазітараў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1981.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙМЛЕР ((Daimler) Готліб Вільгельм) (17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),

нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.​Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».

Л.​М.​Шахлевіч.

Г.Даймлер.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРЭ́ЎСКІ (Іван Апанасавіч) (11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус. сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першага рус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.​Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.​Ф.​Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.​Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.​Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ РА́НГІ,

службовыя званні работнікаў дыпламатычнай службы. Кожная дзяржава мае сваю сістэму Д.р. Паводле Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 24.4.1992 і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.4.1995 для дыпламат. работнікаў Беларусі ўстаноўлены наст. Д.р.: надзвычайны і паўнамоцны пасол, надзвычайны і паўнамоцны пасланнік 1-га і 2-га класа, саветнік 1-га і 2-га класа, першы сакратар 1-га і 2-га класа, другі сакратар 1-га і 2-га класа, трэці сакратар, аташэ. Парадак прысваення Д.р. рэгламентуецца заканадаўствам.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРЛІНГ-О́НЕС ((Kamerling Onnes) Гейке) (21.9.1853, г. Гронінген, Нідэрланды — 21.2.1926),

нідэрландскі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Гронінгенскі ун-т (1876). У 1878—82 у Політэхн. школе ў г. Дэлфт, у 1882—1923 праф. Лейдэнскага ун-та, арганізатар і першы дырэктар (1894—1923) Лейдэнскай крыягеннай лабараторыі. Навук. працы па крыягеннай фізіцы, тэрмадынаміцы, магнітаоптыцы і радыеактыўнасці. Першым дасягнуў тэмператур, блізкіх да абсалютнага нуля, і атрымаў (1908) вадкі гелій. Адкрыў звышправоднасць (1911). Нобелеўская прэмія 1913.

Г.Камерлінг-Онес.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЗО́ЎША»

(«Mazowsze»),

Дзяржаўны ансамбль песні і танца «Мазоўша» імя Т.​Сыгетынскага Рэспублікі Польшча. Створаны ў 1949. Працуе ў в. Каролін каля Варшавы. Арганізатар і першы кіраўнік Т.​Сыгетынскі (з 1955 ансамбль яго імя), з 1955 кіраўнік М.​Зімінская-Сыгетынская. У складзе калектыву хар. і балетная групы, інстр. ансамбль. У рэпертуары больш за 100 маст. апрацовак польскіх нар. песень і танцаў, пераважна цэнтр. Польшчы, арыгінальныя творы польскіх і інш. кампазітараў, у т. л. песні Сыгетынскага.

Неаднаразова выступаў на Беларусі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́КА (Апанас Паўлавіч) (н. 5.2.1935, в. Бродак Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1967). Працаваў на заводзе, у саўгасе, на шахце, у школе-інтэрнаце, на радыё, у крычаўскай райгазеце. Друкуецца з 1960. Піша сатыр. і гумарыст. творы. Першы зб. «І ў хвост і ў грыву» (1976, з Э.​Калядэнкам, З.​Шостакам, М.​Коўзкім). Аўтар кн. «Маўчанне навыперадкі» (1980), «Свой хлопец» (1985), «Праверка» (1990). Апавяданні і аповесці П. адметныя грунтоўным веданнем жыцця, цёплым гумарам, вострай сац. накіраванасцю.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СІКАЎ (Уладзімір Маркавіч) (10.8.1922, в. Мікольск Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.1.1984),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Каўказскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір аддзялення ўзвода разведкі сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Румыніі і Польшчы: 31.5.1944 выявіў агнявыя кропкі праціўніка каля г. Ясы; 21.8.1944 закідаў гранатамі ў варожым тыле будынак з гітлераўцамі; 31.1.1945 у баі за г. Хмяльнік падняў у атаку байцоў і першы ўварваўся ў варожыя траншэі, захапіў палонных.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУНА́РЫУ ((Prunariu) Думітру) (н. 27.9.1952, г. Брашоў, Румынія),

першы касманаўт Румыніі. Герой Сав. Саюза (1981). Герой Румыніі (1981). Лётчык-касманаўт Румыніі (1981). Палкоўнік. Скончыў Бухарэсцкі політэхн. ін-т (1976), Ваенна-авіяц. афіцэрскую школу (1977). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 14—22.5.1981 з Л.І.Паповым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-40» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных). У космасе правёў 7,86 сут. З 1990 нач. грамадзянскай авіяцыі Румыніі. З 1998 прэзідэнт Касмічнага агенцтва Румыніі.

У.​С.​Ларыёнаў.

Д.Прунарыу.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМРЭ́СЛІНГ (англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),

від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца за спец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.​Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)