Э́ЛАС (скароч. ад Hellēnikos Laïkos Apeleutherotikos Statos Грэчаская народна-вызваленчая армія),

узброеныя сілы грэч. руху супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Створаны ў снеж. 1941 паводле рашэння ЭАМ на базе партыз. атрадаў. У кастр. 1944 ЭЛАС (налічвала 77 тыс. чал. на абавязковай службе, 50 тыс. рэзервістаў, 6 тыс. чал. у нац. міліцыі) вызваліла ўсю тэр. Грэцыі ад фаш. акупантаў. Расфарміравана (28 лют. 1945) паводле ўмоў Варкізскага пагаднення 1945.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (БКА),

арганізацыя камуніст. кірунку на тэр. Мінскай і Гродзенскай губ. у 1920. Створана 1 студз. на аснове арг-цыі «Маладая Беларусь». У ЦК БКА уваходзілі У.​М.​Ігнатоўскі (старшыня), С.​Г.​Булат, І.​П.​Каранеўскі. Прызнаючы праграму і тактыку РКП(б), БКА дамагалася аднаўлення БССР, якая б будавала свае адносіны з РСФСР на федэратыўных асновах. Імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах бел. народа, была як бы зародкам бел. нацыянал-бальшавізму. Яднала левыя элементы партыі бел. эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польск. інтэрвентамі. Члены БКА садзейнічалі аб’яднанню партыз. атрадаў у Мінскую паўстанцкую арг-цыю. Пасля яе разгрому польск. дэфензівай у крас. 1920 ЦК БКА уключыў сваіх прадстаўнікоў у Бел. паўстанцкі к-т, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызанаў. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі партыз. Атрады ў Докшыцах, Маладзечне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. Пасля вызвалення Мінска ад польск. інтэрвентаў БКА уключылася ў работу па адраджэнні нац. дзяржаўнасці бел. народа, удзельнічала ў падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР (31.7.1920). 20.8.1920 прынята ў склад КП(б)Б. У канцы 1920-х — 1930-я г. амаль усе б. члены БКА абвінавачаны ў правядзенні нац.-дэмакр. ідэалогіі і рэпрэсіраваны.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́ЦКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ імя У.​Е.​Лабанка.

Засн. ў 1969, адкрыты ў 1970 у г.п. Ушачы, у 1999 прысвоена імя У.Е.Лабанка. Пл. экспазіцыі 574 м², 4 залы, карцінная галерэя, выставачная зала, 13,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (2001). Аддзелы: мастацкі, ваенна-гіст., фондаў. На фасадзе будынка музея манум. кампазіцыя «Прарыў» (маст. Ю.​Любімаў), у вестыбюлі размалёўка на тэмы «Фашызму не прайсці», «Хлеб партызанскі», «Вызваленне», «У імя жыцця», «Крах фашызму» (маст. У.​Крываблоцкі, Прэмія камсамола Беларусі 1986). Сярод экспанатаў матэрыялы пра падзеі Вял. Айч. вайны на Ушаччыне, у т. л. ўзнікненне і дзейнасць падполля, партыз. руху, карта-схема «Ушацкае падполле», макеты лагера партыз. брыгады «Дубава» і аэрадрома, пра прарыў партызанамі блакады ў час карнай аперацыі «Веснавое свята», дакументы і асабістыя рэчы Героя Сав. Саюза Лабанка. У карціннай галерэі палотны, партрэты партызан, лінагравюры, сатыр. плакаты партызан-мастакоў М.Абрыньбы і М.Гуціева. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў: пісьменніка-дэмакрата А.​Вярыгу-Дарэўскага, нар. паэтаў Беларусі П.​Броўку, Р.​Барадуліна, нар. пісьменніка Беларусі В.​Быкава, нар. артыста Беларусі Г.​Гарбука і інш. Музей праводзіць выстаўкі карцін мясц. мастакоў, вырабаў металапластыкі, вышыванак, нар. творчасці і інш. За афармленне экспазіцый шэрагу музеяў, у т. л. і Ушацкага, мастаку Э.​Агуновічу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1993.

М.​М.​Кірпіч.

Ушацкі музей народнай славы імя У.​Е.​Лабанка.

т. 16, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНЕ́ВІЧ Павел Мікалаевіч (28.10.1912, в. Новыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1996),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі ў 1934—40 і з 1941. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну летам 1941 абараняў Гомель, потым у партыз. атрадзе, з 1943 у Чырв. Арміі на фронце. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву абароны ворага на правым беразе Віслы. Пасля вайны старшыня калгаса ў Гомельскай вобл., у 1948—67 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕНІСЕ́НКА Іван Піліпавіч (1913, в. Норкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.7.1943),

паэт, журналіст. Пісаў на рус. мове. З 1933 працаваў у чэрыкаўскай раённай газ. «Сацыялістычная перамога». З 1937 друкаваў вершы, допісы, нарысы ў рэсп. прэсе. У Айч. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Па заданні падп. райкома КПБ стаў сакратаром чэрыкаўскай акруговай паліцыі. Стварыў у Чэрыкаве антыфаш. арг-цыю. Быў выдадзены і арыштаваны. Пасля катаванняў расстраляны.

Літ.:

Цітоў К. Людзі, ён любіў вас! // Полымя. 1964. № 7.

І.П.Дзенісенка.

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж партызанамі атрада М.​М.​Нікіціна (з ліп. партыз. брыгада М.​М.​Нікіціна) і ням.-фаш. карнікамі ў ліп. 1942 у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14.6.1942 атрад карнікаў з 9 бронемашынамі і 6 танкамі ва ўрочышчы Доўгі Востраў (каля в. Александрова Дабрынёўскага с/с) акружыў партызан (120 чал.), якія на працягу 8 гадзін адбілі 21 атаку гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Гітлераўцы спалілі в. Александрова і расстралялі яе мужчынскае насельніцтва.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАЎ Ермалай Максімавіч (ліп. 1892, в. Кайкава Мінскага р-на — 1942),

удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцыі, патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі. З вясны 1918 старшыня Кайкаўскага падп. падрайкома РКП(б), нач. партыз. атрадаў. У Айч. вайну ўдзельнічаў у стварэнні Мінскага патрыятычнага падполля, наладжваў сувязь з партызанамі. Летам 1942 нам. нач. зоны Варашылаўскага падп. РК КП(б)Б, узначальваў падп. арг-цыю ў Пушкінскім пасёлку Мінска. 7.10.1942 схоплены фашыстамі і закатаваны.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЦЭБА́Л (Decebalus; ?—106),

цар дакаў [87—106]. Пасля перамогі над рымлянамі ў вайне пры імператару Даміцыяне ў 89 Д. заключыў мір, паводле якога Рым павінен быў штогод выплачваць дакам субсідыі. Умацаваў дзяржаву, устанавіў прагрэс. формы ўнутр. кіравання. У выніку войнаў з рым. імператарам Траянам (101—102 і 105—106) тэр. дакаў была заваявана і ўтворана рым. прав. Дакія. Пасля падзення сталіцы дакаў Д. уцёк у горы, нейкі час вёў партыз. вайну супраць рымлян. Пераканаўшыся ў беспаспяховасці барацьбы, скончыў самагубствам.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. да ліст. 1942 у г.п. Жыткавічы Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 20 чал. (кіраўнік Е.​Я.​Гораў), мела сувязь з партыз. і дыверсійна-разведвальнай групамі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод салдат ворага, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан бланкі ням. дакументаў, медыкаменты, звесткі пра рух воінскіх эшалонаў і ахову чыгункі, размяшчэнне войск праціўніка. Пусцілі пад адхон 9 эшалонаў ворага. Пасля арышту кіраўніка і некалькіх удзельнікаў падполля патрыёты пайшлі да партызан.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАЦЕ́НЯ Уладзімір Ігнатавіч (сак. 1917, в. Смалічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 23.2.1943),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Друкаваўся з 1932. Аўтар зб. апавяданняў «Любоў» (1938). Служыў у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну пад Полацкам трапіў у акружэнне. Уцёк з ням.-фаш. канцлагера і прыйшоў дадому. Па даручэнні камандавання партыз. атрада В.​А.​Васільева («Дзядзі Васі») уладкаваўся ў Краснаслабодскую сярэднюю школу, пасля ў Слуцкі сірочы прытулак. Вёў падп. работу. Выдадзены правакатарам, закатаваны фашыстамі.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)