ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,

мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш. дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),

1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).

2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.

3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК у матэматыцы,

лікавая характарыстыка матэм. аб’ектаў.

П. алгебраічнай крывой — найб. ступень членаў мнагаскладу, які апісвае дадзеную крывую. Напр., эліпс x​2/a​2 + y​2/b​2 = 1 — крывая 2-га парадку. П. бясконца малой велічыні a адносна бясконца малой велічыні b — лік n, пры якім існуе канечны ліміт Lim(a/b​n), адрозны ад 0. Аналагічна вызначаецца П. бясконца вялікіх велічынь. П. вытворнай — лік дыферэнцаванняў функцыі для атрымання зададзенай вытворнай (гл. Дыферэнцыяльнае злічэнне). Аналагічна вызначаецца П. дыферэнцыяла. П. дыферэнцыяльнага ўраўнення — найвышэйшы П. вытворнай, якая ўваходзіць у дадзенае ўраўненне. П. набліжэння — П. хібнасці набліжэння пераменнай велічыні адносна інш. пераменнай, паводзіны якой лічацца вядомымі.

Калі пры вылічэннях (даследаваннях) у матэм. выразах адкідваюцца ўсе ступені якой-н. велічыні, пачынаючы з n + 1, то г. зн., што вылічэнні (даследаванні) вядуцца з дакладнасцю да велічынь n-га П. Напр., пры даследаваннях ваганняў струны адкідваюць велічыні, якія маюць 2 і больш высокія ступені выгіну (лінеарызацыя задачы). Пры запісе вынікаў вымярэння фіз. велічынь лічаць, што велічыня мае П. 10​n, калі яе значэнне змяшчаецца ў межах ад 0,5∙10​n да 5∙10​n.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАВО́Д,

святлапровад, хвалявод аптычны, закрытае ўстройства для накіраванай перадачы светлавой энергіі.

У адкрытай прасторы перадача светлавой энергіі магчыма толькі ў межах прамой бачнасці і звязана са стратамі, абумоўленымі пач. разыходнасцю выпрамянення, яго паглынаннем і рассеяннем у атмасферы. Выкарыстанне С. дае магчымасць значна зменшыць страты светлавой энергіі, а таксама перадаваць яе па крывалінейных трасах. Паводле канструкцыі адрозніваюць С. лінзавыя, валаконныя, планарныя, палоскавыя і інш. Лінзавыя С. — сістэма размешчаных у трубе лінзаў, якія служаць для перыядычнай карэкцыі хвалевага фронту светлавога пучка. Найб. распаўсюджаны валаконныя С. (гл. Валаконная оптыка). Для патрэб інтэгральнай оптыкі распрацаваны планарныя і палоскавыя С. — тонкая (парадку даўжыні светлавой хвалі) празрыстая святловядучая плёнка, нанесеная на аднародную падложку. Паказчык пераламлення плёнкі большы, чым паказчык пераламлення падложкі і асяроддзя над С. Светлавая хваля ў такім С. распаўсюджваецца ў працэсе шматкратнага поўнага адбіцця ад яго сценак. Палоскавыя С. адрозніваюцца ад планарных шырынёй (сувымерная з даўжынёй светлавой хвалі).

Літ.:

Унгер Х.-Г. Планарные и волоконные оптические волноводы: Пер. с англ. М., 1980;

Волоконно-оптические системы передачи.М., 1992.

Я.​В.​Алішаў.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць устаноўленых або санкцыяніраваных дзяржавай прававых і лакальных норм, прынятых ва ўстаноўленым парадку самімі юрыд. асобамі. Вызначае асн. прынцыпы, формы і парадак арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулюе іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі с.-г. аграпрамысловых прадпрыемстваў і аб’яднанняў і інш. грамадзянамі ў сувязі з вядзеннем імі сельскай гаспадаркі. Гал. крыніца С.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Нормы С.п. ёсць таксама ў інш. галінах права (зямельнага, гаспадарчага, працоўнага і інш.). Асн. інстытуты С.п.: прававое становішча с.-г. прадпрыемстваў, вытв. аб’яднанняў у сельскай гаспадарцы; прававы статус работнікаў сельскай гаспадаркі; арганізацыйна-прававыя формы ўнутрыгаспадарчага кіравання с.-г. прадпрыемствамі і аб’яднаннямі; права землеўладання і землекарыстання с.-г. прадпрыемстваў, аб’яднанняў і грамадзян; прававы рэжым маёмасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў; прававое рэгуляванне арганізацыі, дысцыпліны і аховы працы на с.-г. прадпрыемствах; прававое рэгуляванне аплаты працы ў сельскай гаспадарцы; прававое рэгуляванне вытворча-гаспадарчай і фінансавай дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў; дагаворныя адносіны; прававое рэгуляванне сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і асабістай падсобнай гаспадаркі ў сельскай мясцовасці; адказнасць за парушэнне с.-г. заканадаўства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТАРАЖЫ́ТНЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ ПА ГІСТО́РЫІ ПО́ЛЬШЧЫ, ЛІТВЫ́ І СУСЕ́ДНІХ КРАІ́Н»

(«Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae gentiumque finitimarum historiam illustrantia»),

археаграфічнае выданне дакументаў з Ватыканскага архіва па гісторыі Польшчы і ВКЛ 11—18 ст. Падрыхтавана гісторыкам царквы А.​Тайнерам, выдадзена ў 4 тамах у Рыме ў 1860—64. Змешчаны лісты рымскіх пап да каралёў Польшчы і вял. князёў ВКЛ, вял. магістраў Нямецкага ордэна, біскупаў, абатаў і інш. асоб у гэтых краінах, інструкцыі папскім нунцыям у Польшчы і Рэчы Паспалітай і рэляцыі ад іх у Рым, лісты ад манархаў і інш. асоб да рымскіх пап; матэрыялы справаводства Рэчы Паспалітай па рэліг. пытаннях. Матэрыялы выдання асвятляюць становішча каталіцкай царквы ў Польшчы і ВКЛ, увядзенне і ўмацаванне каталіцтва ў Літве, міжнар. адносіны ВКЛ, падрыхтоўку і правядзенне уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі, рэліг. барацьбу ў Рэчы Паспалітай у 16—18 ст., дзейнасць Радамскай, Барскай, Слуцкай, Тарунскай, Таргавіцкай і інш. канфедэрацый. Усяго надрукавана каля 3 тыс. дакументаў, у асн. на лацінскай, італьянскай і французскай мовах. Большасць крыніц надрукавана ўпершыню. Дакументы размешчаны ў храналагічным парадку. Змешчаны геаграфічна-імянныя паказальнікі, архіўныя шыфры, але археаграфічныя каментарыі адсутнічаюць.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТВО́РЧЫ САЮ́З,

грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў, якія сваімі дасягненнямі зрабілі ўклад у развіццё культуры, мастацтва і інш. культ. творчай дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь ствараецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для задавальнення іх духоўных або інш. нематэрыяльных патрэб. Прававымі крыніцамі Т.с. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб творчых саюзах і творчых работніках» ад 16.12.1999 і інш. заканадаўчыя акты. Членамі (удзельнікамі) Т.с. могуць быць фіз. асобы, якія займаюцца культ. творчай дзейнасцю або прадстаўляюць пэўную творчую прафесію. Умовы і парадак прыёму ў члены Т.с. вызначаюцца статутам Т.с. Ствараюцца і дзейнічаюць Т.с. на прынцыпах добраахвотнасці, незалежнасці, самакіравання і галоснасці, яны незалежныя ў сваёй дзейнасці ад паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў. Дзяржава рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы культурнай творчай дзейнасці, садзейнічае стварэнню спрыяльных умоў для забеспячэння і папулярызацыі дзейнасці Т.с., пашырэнню іх міжнар. сувязей. Найб. вядомыя і масавыя бел. Т.с.: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз кампазітараў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі, Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, Саюз журналістаў Беларусі і інш.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУТРЫКРЫШТАЛІ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,

крышталічнае поле, неаднароднае электрычнае (радзей магн.) поле, якое існуе ўнутры крышталёў і ўздзейнічае на электроны і ядры атамаў.

Электрычнае У.п. мае электрастатычнае (на адлегласцях парадку міжатамных дадатныя і адмоўныя зарады не кампенсуюць адзін аднаго) і абменнае (гл. Абменнае ўзаемадзеянне) паходжанне; напружанасць дасягае 10​10 В/м. Мае сіметрыю, якая вызначаецца сіметрыяй крышталёў. Абумоўлівае расшчапленне энергет. узроўняў электронаў у атаме (гл. Зонная тэорыя, Штарка з’ява). Эфекты, выкліканыя эл. У.п., важныя для магнітаўпарадкаваных рэчываў і дамешкавых парамагн. іонаў у крышталях (гл. Парамагнетызм) яны вызначаюць магн. момант іона, магнітную анізатрапію, магнітастрыкцыю, а таксама спектраскапічныя ўласцівасці крышталя. Магнітнае У.п. мае эл.-магн. і абменнае паходжанне. Эл.-магн. ўклад (за кошт дыполь-дыпольнага ўзаемадзеяння) невялікі (10​5 А/м), абменныя палі значныя (напружанасць дасягае 10​8 А/м). Выяўляецца ў расшчапленні ўзроўняў парамагн. іонаў і ядраў (гл. Зеемана з’ява). Даследаванне магн. У.п. дае звесткі пра магн. ўласцівасці рэчыва, характар хім. сувязі ў крышталі і інш. У.п. даследуюцца пры дапамозе аптычнай спектраскапіі, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ядзернага магнітнага рэзанансу, Мёсбаўэра эфекту і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРОНТ [франц. front ад лац. frons (frontis) лоб, пярэдні бок],

1) аператыўна-стратэг. аб’яднанне ўзбр. сіл, якое ствараецца звычайна з пачаткам вайны для вырашэння аператыўна-стратэг. задач на кантынент. тэатры ваен. дзеянняў. Як правіла, задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. Ф., аб’яднаннямі і злучэннямі розных відаў узбр. сіл, а ў некат. выпадках і самастойна. У 1-ю сусв. вайну ў Расіі было 5 Ф.; у вял. Айч. вайну ў СССР — больш за 10. На тэр. Беларусі ў розныя часы дзейнічалі; Зах., Цэнтр., Бел., Калінінскі, потым — 1-ы, 2-і, 3-і Бел.; 1-ы і 2-і Прыбалт. франты. У арміях ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. аператыўна-стратэг. аб’яднаннямі былі групы армій, у Японіі — Ф., якія выконвалі аператыўныя задачы.

2) Лінія, на якой разгорнуты перадавыя падраздзяленні (лінія межавання з праціўнікам на тэатры ваен. дзеянняў).

3) Раён (паласа, зона) тэрыторыі, дзе вядуцца баявыя дзеянні (у разуменнях «Ф.» і «тыл»).

4) Бок баявога парадку (аператыўнага пастраення) войск, павернуты да праціўніка і інш. 5) Бок строю, у які ваеннаслужачыя павернуты тварам (машыны — пярэдняй часткай).

т. 16, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРЭ́МУМ (лац. extremum крайняе),

значэнне функцыі, якое адпавядае яе максімуму ці мінімуму (гл. Максімум і мінімум). Адрозніваюць Э. лакальны (у некаторым дастаткова малым наваколлі пункта) і глабальны, які з’яўляецца найбольшым ці найменшым значэннем функцыі ў вобласці вызначэння. Функцыя мае лакальны максімум (мінімум) у некаторым пункце, калі яна вызначана ў некаторым наваколлі гэтага пункта і значэнні ва ўсіх дастаткова блізкіх да яе пунктах не большыя (не меншыя) за значэнне функцыі ў гэтым пункце. Напр., лакальны максімум функцыі y = x​3/3 − x​2 + 1/3 роўны 1/3 у пункце x = 0, лакальны мінімум -1 у пункце x = 2. Глабальнага Э. гэта функцыя на (−∞, ∞) не мае. Неабходнай умовай існавання лакальнага Э. дыферэнцавальнай функцыі ў некаторым пункце з’яўляецца роўнасць нулю вытворнай (для функцыі некалькіх пераменных — усіх частковых вытворных першага парадку ў гэтым пункце); дастатковая ўмова існавання лакальнага Э. функцыі адной пераменнай — змена знака вытворнай пры пераходзе праз гэты пункт.

Літ.:

Гл. да арт. Дыферэнцыяльнае злічэнне.

А.​А.​Гусак.

Экстрэмумы функцыі y = x​3/3 − x​2 + ​1/3.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)