НЕЎМЯША́ННЯ ПРЫ́НЦЫП у міжнародным праве,
адзін з асноўных прынцыпаў, які абавязвае_ кожную дзяржаву не ўмешвацца ў якой-н. форме ў справы інш. дзяржавы, што ўваходзяць у яе ўнутр. кампетэнцыю. Умяшаннем лічацца любыя меры інш. дзяржавы або міжнар. арг-цый, з дапамогай якіх яны спрабуюць перашкаджаць суб’екту міжнар. права вырашаць свае ўнутр. справы. Аднак некат. падзеі, што адбываюцца ў межах тэр. дзяржавы, могуць разглядацца як не маючыя адносін да яе выключнай кампетэнцыі (напр., калі падзеі ствараюць пагрозу міжнар. міру і бяспецы, тады дзеянні ААН або інш. членаў міжнар. супольнасці адносна гэтых падзей не будуць лічыцца парушэннем Н.п.).
Прынцып зафіксаваны ў агульнай форме ў Статуце ААН 1970 (п. 7, арт. 2) і канкрэтызаваны ў міжнар. дакументах, якія закранаюць прыязныя адносіны і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН: Дэкларацыі аб прынцыпах міжнар. права, Заключным акце нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Дэкларацыі ААН аб недапушчэнні ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржаў, аб ахове іх незалежнасці і суверэнітэту 1965 і інш.
І.М.Таніева.
т. 11, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТАК,
перавышэнне даходаў ад продажу тавараў (паслуг) над затратамі на іх вытв-сць і продаж; адзін з найб. важных паказчыкаў фін. вынікаў гасп. дзейнасці прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Вылічаецца як розніца паміж выручкай ад рэалізацыі прадукту гасп. дзейнасці і сумай выдаткаў фактараў вытв-сці на гэту дзейнасць у грашовым выражэнні. Адрозніваюць П.: поўны, ці агульны, які называецца валавым (балансавым); чысты, што застаецца пасля выплаты падаткаў і адлічэнняў; бухгалтарскі, які разлічваецца па бухгалтарскіх дакументах без уліку дакументальна не зафіксаваных выдаткаў самога прадпрымальніка, у т. л. ўпушчанай выгады; эканамічны, які ўлічвае часовыя, альтэрнатыўныя выдаткі. Звычайна эканам. П. меншы за бухгалтарскі на велічыню некампенсаваных уласных выдаткаў прадпрымальніка, не ўлічаных у сабекошт, у якія часам уключаюць упушчаныя магчымасці. Апрача таго, магчымы выдаткі, якія не пазначаны ў балансе. Чысты П. паступае ў распараджэнне прадпрыемства і выкарыстоўваецца для фарміравання фін. рэзерву, фондаў накаплення і спажывання, дывідэнднага і інш., а таксама можа быць перададзены ва ўласнасць членаў прац. калектыву, калі гэта прадугледжана статутам прадпрыемства.
т. 13, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФМО́ЎКА,
размяшчэнне канцавых рыфмаў у строфах вершаванага твора. Р. характарызуецца месцам і колькасцю зарыфмаваных слоў. Па месцы рыфмаў бывае сумежнай (аабб), перакрыжаванай (абаб), апаясной, або кальцавой (абба). Напр., сумежная Р.:
Дарогі доўгія ў жыцці
Нам без памылак не прайсці.
Ад невялікіх — не гаруй,
Ёсць слова добрае — «даруй»!
(П.Броўка. «Дарогі доўгія ў жыцці...»
перакрыжаваная Р.:
Знят з узбраення,
бо ўстарэў зусім
Славуты «максім»,
кулямёт станковы
А ты ўсё не старэеш,
Танк Максім, —
Гады ідуць, а ты штодзённа
новы...
(М.Аўрамчык. «...Калі запеў ты некалі ў гаі»)
апаясная Р.:
Мой народ жыве каля крыніц.
Мой народ любому дасць напіцца,
Акрамя гвалтоўнікаў і хціўцаў,
Акрамя забойцаў — чужаніц.
(Л.Дайнека. «Мой народ жыве каля крыніц...»)
Свой парадак Р. характэрны для цвёрдых форм верша (тэрцыны, секстыны, актавы і інш.), а таксама для строф, звязаных ланцуговымі і скразнымі рыфмамі. Па колькасці канцавых сугуччаў Р. бывае парная, трайная, чацвярная, шматкратная, манарыфма, тэрнарная, кватэрнарная.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАРЫНА́»,
тэрмін, які ў часы ВКЛ адпавядаў значэнням «традыцыі», «звычаі», што ў значнай ступені рэгулявалі прававое, сац.-эканам. і паліт. становішча пэўных класаў, сац. груп, асоб. Для феадалаў у многіх выпадках «С.» — сінонім даўнасці, якой яны абгрунтоўвалі свае паліт. прывілеі, права на зямлю і сялян. Сяляне і мяшчане атаясамлівалі «С.» са звычаямі, традыцыямі. У барацьбе супраць увядзення «навін», якія абцяжарвалі прававое становішча сялян, апошнія выкарыстоўвалі разнастайныя формы барацьбы (скаргі вял. князю, уцёкі ад сваіх гаспадароў, адмаўленне выконваць павіннасці і інш.). Гэта вымушала велікакняжацкую адміністрацыю прымаць пэўныя захады да захавання «С.». Жыгімонт III у Статуце ВКЛ 1588 урачыста абяцаў усім падданым захоўваць у непарушнасці даўнія звычаі, не ўводзіць новых павіннасцей і інш. Аднак як буйны землеўласнік вял. князь не мог не лічыцца з інтарэсамі феадалаў, якія імкнуліся захоўваць ранейшыя павіннасці залежнага ад іх насельніцтва і ўводзіць новыя. Таму некаторыя новаўвядзенні ўносіліся ў граматы і праз пэўны час набывалі сілу «С.». Гл. таксама Звычай.
В.Ф.Голубеў.
т. 15, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ЎНАЕ АСУДЖЭ́ННЕ,
адна з мер крымінальна-прававога ўздзеяння, прадугледжаная крымінальным правам Рэспублікі Беларусь. Калі пры назначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджаецца за злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў або да накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, суд з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці ўчыненага і асобы вінаватага, інш. акалічнасцей справы прыйдзе да пераканання, што мэты крымін. адказнасці могуць быць дасягнуты без адбыцця назначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні назначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне назначанае пакаранне, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну асуджаны не ўчыніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязацельствы. Выпрабавальны тэрмін назначаецца ад 1 да 3 гадоў. Калі ўмоўна асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не даказаў свайго імкнення выправіцца ці ўчыніў новае злачынства, ён можа быць накіраваны для адбыцця назначанага пакарання з улікам пакарання за новае злачынства.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 16, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАКУ́РАЎ Сяргей Каюмавіч (н. 1.1.1941, Масква),
расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1991). Скончыў тэатр. вучылішча пры Цэнтр. дзіцячым т-ры (1964). Працаваў у т-рах Масквы, у 1978—87 у драм. т-ры імя Станіслаўскага. Акцёр адкрытага тэмпераменту, яго ігра адметная псіхал. глыбінёй, драм. напружанасцю. Сярод роляў: Аляксандраў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў і іншыя» паводле А.Чэхава), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Ён («Маналог пра шлюб» Э.Радзінскага), Сяргей Нячаеў, Трушнікаў («Не быў..., не знаходзіўся..., не ўдзельнічаў...», «Партрэт для першай паласы» Ю.Макарава) і інш. З 1967 здымаецца ў кіно: «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» (1974), «Сібірыяда», «Смак хлеба» (абодва 1979), «Ратаўнік» (1980), «Армавір!», «Божае стварэнне» (абодва 1991), «Эскадрон» (1992), «Адзін пасярэдзіне Расіі» (1994), «Журавіны ў цукры» (1995), «Пан Тадэвуш» (1999), «Тайны палацавых пераваротаў» (2000), «Дзікунка» (2001) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1980.
Літ.:
Закржевская Л. С.Шакуров. М., 1982.
т. 17, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́КЦЫЯ (ад лац. fictio выдумка),
нешта несапраўднае, наўмысна выдуманае з пэўнымі мэтамі; падман, які не адпавядае рэчаіснасці.
т. 16, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЦВЁРДАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект (цела), адлегласць паміж любымі двума пунктамі якога ўвесь час застаецца пастаяннай; адно з асн. паняццяў механікі. Абсалютна цвёрдым целам можна лічыць сістэму матэрыяльных пунктаў, жорстка звязаных паміж сабой, або кожнае рэальнае цела, памеры і форма якога ў працэсе руху і ўзаемадзеяння з інш. целамі не мяняюцца, г. зн., што дэфармацыя адсутнічае або настолькі малая, што яе можна не ўлічваць. Мадэль абсалютна цвёрдага цела выкарыстоўваецца для тлумачэння ўласцівасцяў эўклідавай прасторы, вызначэння сістэмы адліку і апісання мех. руху рэальных аб’ектаў без уліку дэфармацыі.
т. 1, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́НЕЎ-СЛАВЯ́НСКІ (сапр. Агрэнеў) Дзмітрый Аляксандравіч
(19.12.1836, або 1834, Масква — 23.7.1908),
рускі спявак (тэнар), харавы дырыжор. Арганізатар і кіраўнік хору «Славянская капэла» (1868), з якім канцэртаваў па Расіі і за мяжой. У праграмах былі і бел. нар. песні («Чаму ж мне не пець», «Ці не дудка мая» і інш.). Адыграў значную ролю ў прапагандзе слав. муз. фальклору, хоць маст. якасці некат. яго запісаў і апрацовак, адбор нар. песень крытыкаваліся знаўцамі музыкі.
Літ.:
Локшин Д.Л. Замечательные русские хоры и их дирижёры. 2 изд. М., 1963.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛНЫРА, Болнара,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 40 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 2,7 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 64,6 км².
Схілы катлавіны амаль не выражаны, берагі нізкія, забалочаныя, парослыя лесам. Дно плоскае, глеістае. Расліннасць утварае паласу шыр. да 150 м. Вакол возера паласа балот шыр. да 3 км. Праз возера працякае р. Дражбітка, сцёк па канаве ў р. Свіна.
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)