ДРАГУ́Н (Фёдар Міхайлавіч) (н. 21.12.1962, Мінск),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1989). Працуе ў БПА з 1994. Асн. творы: вітражы ў бібліятэцы імя А.С.Пушкіна ў Мінску (1990—91), у зале Нар. адраджэння ў Горацкай гімназіі (1993), у Рэсп. медыка-генетычным цэнтры («Сонца на зямлі», 1994), у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1995), у Доме культуры г. Івацэвічы (1995). Сярод жывапісных твораў «Купальская ноч» (1992), «Поле ўдоў» (1993), «Дзікая ягада» і «Зорка Венера» (абодва 1994), «Летуценні» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСТАБІЛІЗА́ТАР,
прыстасаванне для стабілізацыі асобных аб’ектаў ці прылад і вызначэння вуглавых адхіленняў. Асн. частка — гіраскоп. Адрозніваюць гідрастабілізатары непасрэдныя, сілавыя, індыкатарныя.
Непасрэдныя гідрастабілізатары дзейнічаюць на аснове стабілізавальных уласцівасцей трохступеннага гіраскопа; выкарыстоўваюцца як гіраскапічныя сістэмы сачэння, для стабілізацыі адчувальных элементаў сістэм кіравання, як стабілізатары суднаў, вагонаў аднарэйкавай чыгункі. Сілавыя гідрастабілізатары — электрамех. прыстасаванні, якія акрамя гіраскопаў маюць спец. рухавікі для пераадольвання ўздзеяння на стабілізуемы аб’ект знешніх узбуральных момантаў; выкарыстоўваюцца на суднах, лятальных апаратах. Індыкатарныя гідрастабілізатары — сістэмы аўтам. рэгулявання: вызначаюць становішча аб’екта і кіруюць сістэмамі сачэння, якія стабілізуюць аб’ект; выкарыстоўваюцца ў інерцыйных навігацыйных сістэмах на суднах і лятальных апаратах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ ЎЧАСТКО́ВЫ НАЧА́ЛЬНІК,
адм.-судовая службовая асоба ў рас. вёсцы ў 1889—1917. Паводле закону ад 12.7.1889, які пашыраўся на рус. і часткова на ўкр. губерні, З.ў.н. вылучаўся з патомных дваран, што мелі нерухомую ўласнасць. Паводле закону ад 12.6.1900 пасада ўведзена таксама ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай, з 1904 — у Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях. У руках З.ў.н. была сканцэнтравана адм. ўлада над органамі сял. грамадскага кіравання, пазней да яго перайшлі і функцыі міравых суддзяў; саслоўныя ж правы сялян былі яшчэ больш абмежаваны, адм.-паліцэйскае самавольства і прыгнёт над імі ўзмацніліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),
старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж.кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЕ́ЛЬКА (Ала Іванаўна) (н. 14.2.1960, в. Небытаў Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1983). Працавала ў Доме літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у Бел. фондзе культуры, у газ. «Беларускае тэлебачанне і радыё», з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1977. Асн. тэмы твораў — драматызм жаночага лёсу, чалавек і прырода: зб. вершаў «Цвет алешыны» (1985). Піша для дзяцей. Адшукала і апублікавала вершы рэпрэсіраванай бел. паэтэсы Лесі Беларускі, якая загінула ў лагеры на Калыме. Пераклала на бел. мову араб. казкі «Тысяча і адна ноч» (1998), асобныя творы балг. пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́ГА ((Cossiga) Франчэска) (н. 26.7.1928, г. Сасары, Італія),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. у галіне канстытуцыйнага права ва ун-це г. Сасары. Чл.Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП, 1945—85). Дэп. парламента (з 1958) і адзін з кіраўнікоў парламенцкай групы ХДП (з 1963). У 1966—74 дзярж. сакратар у шэрагу мін-ваў, у 1974—75 міністр па рэформе сістэмы кіравання, у 1975—78 міністр унутр. спраў (рэарганізаваў паліцыю, стварыў падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам); падаў у адстаўку пасля забойства «чырвонымі брыгадамі» А.Мора. У 1979—80 прэм’ер-міністр, у 1983—85 старшыня сената. У 1985—92 прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗІ,
лінія сувязі, у якой перадача сігналаў ажыццяўляецца з дапамогай радыёхваль, што распаўсюджваюцца ў атмасферы Зямлі, водным асяроддзі, касм. прасторы.
У радыёсувязі адрозніваюць доўга-, сярэдне-, каротка-, ультракароткахвалевыя Л.р., у якіх для перадачы сігналаў выкарыстоўваюць розныя слаі атмасферы, што адрозніваюцца сваімі эл.-маг. ўласцівасцямі і адпаведна рознымі ўмовамі распаўсюджвання і адбіцця радыёхваль. Найб. пашыраны радыёрэлейныя лініі сувязі, у якіх выкарыстаны асаблівы эфект распаўсюджвання ЗВЧ-радыёхваль. З развіццём касманаўтыкі для сувязі паміж касм. лятальнымі апаратамі і наземнымі пунктамі кіравання створаны розныя касм. і спадарожнікавыя Л.р. (гл.Касмічная сувязь, Спадарожнікавая сувязь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,
суб’ектыўныя правы ўдзельнікаў праваадносін, звязаныя з валоданнем, карыстаннем і распараджэннем маёмасцю, а таксама з тымі матэрыяльнымі (маёмаснымі) патрабаваннямі, якія ўзнікаюць паміж удзельнікамі цывільнага абароту ў сувязі з размеркаваннем і абменам гэтай маёмасці (таварамі, паслугамі, работамі, каштоўнымі паперамі, грашамі і інш.). Да М.п. належаць правамоцтвы ўласніка, правы гасп. вядзення, аператыўнага кіравання (рэчавыя М.п.) і абавязацельныя (у т. л. права на пакрыццё шкоды, нанесенай жыццю або здароўю грамадзяніна, а таксама шкоды, нанесенай маёмасці фіз. або юрыд. асобы), права аўтараў і вынаходнікаў на ўзнагароду за створаныя імі творы (зробленыя вынаходствы), спадчынныя правы.