БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),
раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.А.Мантэйфель (1929).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́ННЫЯ СТЫМУЛЯ́ТАРЫ,
рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, якія стымулююць і паскараюць працэсы рэгенерацыі тканак пры ўвядзенні іх у арганізм. Вучэнне пра біягенныя стымулятары распрацавана У.П.Філатавым (1933). Прэпараты, што маюць біягенныя стымулятары, рыхтуюць з тканак раслін (экстракт алоэ, кансерваваная трава расходніку — біясед, сок каланхоэ), жывёл і чалавека пасля знаходжання іх у неспрыяльных умовах (цемра, ахаладжэнне), ліманных (ФіБС) і глеевых гразяў, торфу, дзе колькасць біягенных стымулятараў абумоўлена вымерлай мікрафлорай, мікрафаунай і інш. Механізм дзеяння біягенных стымулятараў вывучаны недастаткова. Біягенныя стымулятары выкарыстоўваюць на лячэнне пры запаленчых, дэгенератыўных і атрафічных працэсах, доўга незагойвальных ранах, язвах, хваробах вачэй, экзэмах, трэшчынах і пераломах касцей, эндаметрытах, пры затрымцы паследу, бясплоднасці і інш. У жывёлагадоўлі з іх дапамогай стымулююць рост маладняку, мнагаплоднасць с.-г.жывёл, павелічэнне іх прадукцыйнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,
старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар.т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віду прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМАРФІ́ЗМ (ад ды... + грэч. morphē форма),
наяўнасць у асобін аднаго віду жывёл ці раслін адной мясцовасці 2 формаў, якія адрозніваюцца морфафізіялагічнымі прыкметамі; разнавіднасць полімарфізму.
У жывёл найчасцей адзначаецца палавы Д., пры якім самцы і самкі адрозніваюцца паміж сабой памерамі, формай, афарбоўкай, паводзінамі (напр., адсутнасць рагоў у самак і наяўнасць іх у самцоў). Сезонны Д. абумоўлены зменамі тэмператур, пры якіх існуе арганізм (напр., бурая летняя і белая зімовая афарбоўка футра ў зайца-беляка). Можа праяўляцца і як прыватны выпадак чаргавання пакаленняў (у паразітычных чарвей, некат. насякомых) У раслін адрозніваюць Д., што праяўляецца ва ўсім вонкавым выглядзе або ў будове асобных органаў. Сезонны Д. у раслін — наяўнасць веснавой і асенняй формаў (напр., у братаўкі).
Да арт.Дымарфізм: жук-алень (1 — самка; 2 — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЖДЖЫ,
група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл.Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),
англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн.навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РЫКАЎ (Іван Сямёнавіч) (н. 15.9.1921, в. Хацілавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1976), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскую вет. акадэмію (1951). У 1957—91 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (у 1968—88 дырэктар). Навук. працы па біял. асновах прафілактыкі паразітозаў с.-г.жывёл. Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць меры барацьбы з трэматадозамі жвачных жывёл, рэкамендацыі па абеззаражванні гною з выкарыстаннем радыебіял. метадаў.
Тв.:
Экономическая эффективность ветеринарных мероприятий. Мн., 1981 (у сааўт.);
Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд, Мн., 1990 (у сааўт);
Лекарственные средства и биологические препараты в ветеринарии. Мн., 1993 (разам з А.Е.Антаненкам, С.С.Ліпніцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],
жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл.Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз.драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш.Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш.жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУШО́К (Маркел Емяльянавіч) (14.1.1881, с. Вярхнячка Уманскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 31.1.1952),
бел. вучоны ў галіне заалогіі. Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1947). Д-рбіял.н. (1937), праф. (1918). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1918 праф. Маскоўскага ун-та, з 1927 заг. кафедры Казанскага ун-та, з 1931 у Акіянаграфічным ін-це. У 1937—41 праф., у 1943—52 заг. кафедры, у 1950—52 прарэктар БДУ. Навук. працы па параўнальнай анатоміі жывёл, іхтыялогіі, герпеталогіі. Даследаваў пытанні паходжання лёгкіх і плавальнага пузыра, развіцця галавы пазваночных жывёл, сістэматыкі губак воз. Байкал і Баранцава м., іхтыяфауны Беларусі. Заснаваў у БДУ шкалу заолагаў марфолага-экалагічнага кірунку.
Тв.:
Карликовый сомик, его хозяйственное значение и биологические особенности. Мн., 1951.