НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ БУДЫ́НКІ,
комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял. Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.Іваноў), матэматыкі (арх. А.А.Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.А.Воінаў), Цэнтр. навук. б-кі імя Я.Коласа (арх. Э.Гальдштэйн).
На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.Аладава, В Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы (арх. А.Духан, А.Красоўскі, Л.Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.Малышаў, А.Пецярбуржцаў, Я.Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.Вінаградаў, Г.Гераўкер, Б.Папоў) і інш. Іл. гл. да арт. Мінск.
С.А.Сергачоў.
т. 11, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд. ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял. кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жылібер засн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт. Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай І у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук. мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.Дэмбоўскі, Л.Калянкоўскі, В.Камарніцкі, Г.Лаўмянскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням. акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).
В.Ф.Шалькевіч.
т. 4, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ХУ (Oahu),
востраў у Ціхім ак., у складзе Гавайскіх астравоў. Тэр. ЗША. Пл. 1574 км². Нас. 836,2 тыс. Чал. (1990). Паверхня гарыстая (выш. да 1228 м), складзена з лавы. Клімат пасатны. Найб. населены і эканам. развіты востраў архіпелага. Важны трансп. вузел. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Турызм. Гал. горад і адм. ц. штата Гаваі—Ганалулу. На востраве ваенна-марская база ЗША Пёрл-Харбар.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДУРАХМА́НАВА (Дзільбар Гулямаўна) (н. 1.5.1936, Масква),
узбекскі дырыжор. Нар. артыстка СССР (1977). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1960). Дырыжор, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. Пад яе кіраўніцтвам паст. оперныя («Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Атэла» Дж.Вердзі, «Вогненны анёл» С.Пракоф’ева, «Пётр Першы» А.Пятрова) і балетныя («Лебядзінае возера» Чайкоўскага, «Жызэль» А.Адана, «Спартак» А.Хачатурана, «Ганна Карэніна» Р.Шчадрына) спектаклі. Дзярж. прэмія Узбекістана 1973.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,
сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗА́ВА (Сэйдзі) (н. 1.9.1935, г. Хатан, Кітай),
японскі дырыжор. Вучыўся ў Токіо, у Парыжы і Зах. Берліне. З 1961 у Нью-Йоркскім філарманічным аркестры, з 1965 у Таронта, з 1970 гал. дырыжор сімф. аркестраў у Сан-Францыска і Бостане. Адзін з кіраўнікоў фестываляў Беркшырскага муз. цэнтра ў Танглвудзе (ЗША, з 1970). Першыя прэміі на Міжнар. конкурсах дырыжораў (Безансон, Францыя, 1959; Танглвуд, 1960).
т. 1, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА АСТРАВЫ́ (Admiralty Islands),
група вулканічных і каралавых астравоў на З Ціхага ак., у Бісмарка архіпелагу. Уваходзіць у склад Папуа—Новая Гвінея. Пл. 2072 км². Нас. 33,3 тыс. чал. (1978), папуасы. Выш. да 719 м. Найб. значны в-аў Манус (1,6 тыс. км²). Клімат трапічны, вільготны. Плантацыі какосавых пальмаў. Рыбалоўства. Гал. горад — Ларэнгау. Адкрыты ў 1527—29 ісп. мараплаўцам А.Сааведра.
т. 1, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВІ́НК (Aguincum),
горад рымскіх часоў (каля 10 да н.э. — 409 н.э.), з 107 н.э. — гал. горад рым. правінцыі Ніжняя Панонія. Руіны Аквінка знаходзяцца каля Будапешта. Раскопкі вядуцца з 1775. Аквінк складаўся з паселішча мясц. племя эравіскаў, рым. ўмацаванага лагера, ваен. ці лагернага горада і цывільнага горада. У час раскопак выяўлены рамесныя кварталы, амфітэатр, абарончыя сцены, водаправод, палац намесніка Ніжняй Паноніі і інш.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЭ́СКУ ((Alexandrescu) Сікэ Васіле) (15.9.1896 — 1973),
румынскі рэжысёр. Нар. арт. Румыніі (1959). У тэатры з 1913. З 1947 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Бухарэсце, з 1967 дырэктар Драм. т-ра ў Брашове. Садзейнічаў уключэнню ў рэпертуар нац. драматургіі, развіццю рэаліст. традыцый: «Безыменная зорка» М.Себасцьяна, «Рэвізор» М.Гогаля, «Самадуры» К.Гальдоні. Дзярж. прэміі Румыніі 1954 («Згубленае пісьмо» І.Л.Караджале) і 1957 («Асабістая справа» А.П.Штэйна).
т. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКАЯ ХА́РТЫЯ,
збор статутных дакументаў па пытаннях алімпійскага руху. Зацверджана ў 1894 Міжнар. спарт. кангрэсам у Парыжы. Вызначае асн. мэты, прынцыпы, палажэнні і правілы арганізацыі і правядзення Алімпійскіх гульняў. Гал. палажэнні алімпійскай хартыі распрацаваны П. дэ Кубертэнам. Складаецца з 5 раздзелаў, афіц. тлумачэнняў і інструкцый, якія маюць абавязковы характар. Да Алімпійскай хартыі прыкладаюцца правілы правядзення рэгіянальных гульняў, якія апякуе Міжнародны алімпійскі камітэт.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)