АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНКСССР
(АДПУ),
орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВКСССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖ,
вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст. — Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл.Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял.Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв. — жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав.войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц.войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РБСКІ (Андрэй Міхайлавіч) (1528—83),
расійскі ваен. і паліт. дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Князь. З смаленска-яраслаўскіх князёў, нашчадак Рурыкавічаў. У 1540—50-я г. прыбліжаны цара Івана IV Грознага, чл. Выбранай рады. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52. У Лівонскую вайну 1558—83 з 1561 узначальваў рас.войскі ў Прыбалтыцы, у 1562 кіраваў паходам на Віцебск, потым ваявода ў г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Баючыся магчымых рэпрэсій (гл.Апрычніна), К. ў 1564 уцёк у ВКЛ. Атрымаў у часовае карыстанне вял. маёнткі, у т. л. Крэўскае староства, г. Ковель і інш.Чл. каралеўскай рады Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у паходах Стафана Баторыя супраць рас. войск у 1576 і 1581. Быў двойчы жанаты з прадстаўніцамі мясц. знаці Беларусі. Як праваслаўны выступаў супраць ідэй Рэфармацыі. Аўтар трох пасланняў да Івана IV (1564—79), у якіх асуджаў жорсткасць і дэспатызм цара, антысамаўладніцкага памфлета «Гісторыя пра вялікага князя Маскоўскага» (1573) і інш. твораў.
Тв.:
Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЫ́, Коцелы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял.кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш.Найб. вядомыя К.:
Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл.Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА ПЯТРО́ЎНА (29 12.1709, Масква — 5.1.1762),
расійская імператрыца [1741—62]. З дынастыі Раманавых. Дачка Пятра I і Кацярыны I. Заняла прастол у выніку дварцовага перавароту 6.12.1741 супраць малалетняга Івана VI Антонавіча і яго маці Ганны Леапольдаўны (рэгенткі пры ім). Прызначыла пераемнікам свайго пляменніка Карла Петэра Ульрыха фон Гольштэйн-Готарпа (пазней Пётр III), у 1745 ажаніла яго з прынцэсай Соф’яй Аўгустай Фрэдэрыкай фон Ангальт-Цэрбсцкай (будучая Кацярына II). У час праўлення Л.П. ў Расіі ліквідаваны ўнутр. мытні (з 1.4.1754), адменена пакаранне смерцю (1756), заснаваны Маскоўскі універсітэт (1755), першы рас. публічны т-р (1756), Пецярбургская Акадэмія мастацтваў (1757), адбылася рас.-швед. вайна 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743, рас.войскі ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне 1756—63.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986;
Наумов В.П. Елизавета Петровна // Вопр. истории. 1993. № 5;
Валишевский К.Ф. Дочь Петра Великого. Ростов н/Д, 1998.
Імператрыца Лізавета Пятроўна. Гравюра Ж.Меку паводле арыгінала А.Бенера. 1817.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав.войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т. л.рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр.войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл.Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).
Літ.:
Виноградов А. Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
візантыйская дзяржава ў М.Азіі ў 1204—61, якая ўзнікла пасля захопу Канстанцінопаля крыжаносцамі. Сталіца — г. Нікея (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Першым правіцелем быў Феодар I Ласкарыс [1204—22] з тытулам дэспата, з 1208 — імператара. Н.і. вызначылася ў барацьбе з Лацінскай імперыяй, туркамі-сельджукамі і Трапезундскай імперыяй. У 1214 Феодар I адваяваў частку чарнаморскага ўзбярэжжа ў Трапезундскай дынастыі і падпісаў Німфейскі дагавор, які замацаваў межы паміж Н.і. і Лац. імперыяй. Н.і. гандлявала з Генуяй, Канійскім султанатам, Руссю. Нікейскі імператар Іаан III Дука Ватац адваяваў у лацінян іх уладанні ў М.Азіі, у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі. Імператар Міхаіл VIII Палеалог [1258—61] у 1259 разбіў каля Пелагоніі войска антынікейскай кааліцыі (Эпірская дзяржава, Сіцылійскае каралеўства, Ахейскае княства, каралеўства Сербія). У 1261 Н.і. падпісала Німфейскі дагавор з Генуяй, паводле якога ў абмен на ваен. дапамогу супраць венецыянцаў і Лац. імперыі прадастаўляла генуэзскім купцам гандл. прывілеі. У 1261 нікейскія войскі занялі Канстанцінопаль, імператар Міхаіл VIII перанёс сюды сталіцу і аднавіў Візантыю.