БА́КЕН, бакан (галанд. baken),

плаваючы навігацыйны знак для абазначэння фарватараў або небяспечных месцаў на рэках, каналах і марскіх шляхах. Бываюць святлівыя, несвятлівыя ці з святлоадбівальным пакрыццём; робяць з дрэва або металу (канічнай, цыліндрычнай ці шарападобнай формы) і замацоўваюць на якары. Асвятленне на бакене пераважна электрычнае. Часам абсталёўваецца гукавым сігнальным прыстасаваннем.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ (Каспар) (1785, Гродзеншчына — 1854),

бел. жывапісец. У 1801—07 вучыўся ў Ф.Смуглевіча. У 1811—12 працаваў настаўнікам малявання ў Мінскай гімназіі, з 1813 — у Беластоку. У 1835 напісаў абразы для касцёла ў в. Вял. Эйсманты (Свіслацкі р-н). Аўтар шматлікіх бытавых замалёвак, у т. л. «Гарадская харчэўня», «Цыганы» і інш.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫДАФІЛІ́Я (ад лац. acidus кіслы + ...філія),

схільнасць клетачных структур афарбоўвацца кіслымі фарбавальнікамі (эазінам, кіслым фуксінам, пікрынавай кіслатой і інш.). Выбіральная адсорбцыя кіслых фарбавальнікаў вызначаецца шчолачнымі ўласцівасцямі тканкавых структур. Ацыдафілія разам з базафіліяй выкарыстоўваецца ў гісталагічнай практыцы, паталагічнай анатоміі, гематалогіі, анкалогіі і цыталогіі для адрознівання клетачных структур (напр., пры аналізе клетак крыві).

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення ў малекулу арганічных рэчываў ацыльнай групы (RCO). У залежнасці ад тыпу ацыльнай групы адрозніваюць ацэтыліраванне (ацыл воцатнай кіслаты), бензаіліраванне (ацыл бензойнай кіслаты), фарміліраванне (астатак мурашынай кіслаты HCO) і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысл. сінтэзе для «захоўвання» рэакцыйназдольных гідраксільных і амінных груп, таксама ў вытв-сці лекаў.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСФЕ́РА (ад грэч. bathys глыбокі + сфера),

назіральная камера сферычна-цыліндрычнай або сферычнай формы для даследавання марскіх глыбіняў, вывучэння падводнай флоры і фауны і інш. Апускаецца на кабель-тросе з надводнага судна або ўваходзіць у склад батыскафа. Забяспечваецца сістэмай рэгенерацыі паветра, ілюмінатарамі, вымяральнай і інш. апаратурай. Сканструявана ў 1892 італьянцам Бальзамела.

Батысфера.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКО́Н (англ. bacon),

засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Петраградзе,

беларускі культ.-асв. клуб у 1918 — пач. 1919. Створана Петраградскім аддзяленнем Бел. нац. камісарыята і Петраградскай бел. секцыяй РКП(б) [гл. ў арт. Беларускія секцыі РКП(б)]. Асн. ўвага аддавалася падрыхтоўцы кадраў для працы на Беларусі. У снеж. 1918 клуб аб’ядноўваў 207 чал.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫК, кубельчык,

бандарны выраб у беларусаў, пасудзіна на 3—4 л для дастаўкі стравы ў «рабочы вугал» — на жніво, сенажаць і інш. Меў форму невял. кадачкі з накрыўкай, што заціскалася паміж вушак папярэчынай і прыстасаванай да яе гнутай ручкай.

Бельчык. Вёска Валькі Талачынскага раёна Віцебскай вобл. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію BeO у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)