ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),

пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТАІ́ЗМ (ад яп. сінта літар. — шлях багоў),

нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г. назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст. н.э., каб адрозніваць уласна яп. рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).

Літ.:

Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;

Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;

Религиозные традиции мира: Пер. с англ. М., 1996. Т. 2. С. 491—610;

Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;

Накорчевский А.А. Синто. СПб., 2000;

Japan: Profile of a Nation. Tokyo etc., 1994.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),

дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс. км². Нас. 24,3 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г. Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на ​1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.

Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр. ч. Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г. Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч. Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн. чал., біхарцы — каля 4,3 млн. чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн. чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс. чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс. чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.

Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.

Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв. нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.​М.​Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац. дэмакр. партыі. Н. — чл. ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.

Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац. дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн. га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн. га (арашаецца 0,85 млн. га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн. га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал. харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн. т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш. Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд. кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш. Гал. прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн. дол., імпарт — 1,7 млрд. дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд. дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.

Літ.:

Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;

Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя).

Герб і сцяг Непала.
Да арт. Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.
Да арт. Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.

т. 11, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),

Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б. ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс. км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).

Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс. км²), В. Абака (2 тыс. км²), В. Багама (1,1 тыс. км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аў В. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.

Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс. ж.), Фрыпарт (26 тыс. ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.

Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.​Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.

У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл. ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн. чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн. кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс. га, апрацоўваецца каля 9 тыс. га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс. гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс. км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.

Р.​А.​Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Багамскіх Астравоў.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ЦТВА,

сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.

У першыя гады пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыі асн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».

Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.​В.​Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.

Літ.:

Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв. Т. 3. (Полн. собр. соч. Т. 3);

Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;

Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;

Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.

В.​П.​Панюціч (да 1917), А.​М.​Сарокін (1917—1950-я г.).

т. 8, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,

адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял. Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд. ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр. ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр. ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж. ген.-палк. Я.​Ц.​Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.​С.​Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж. ген.-лейт. Ф.​Я.​Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.​А.​Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер. ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл. Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст. сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж. герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж. сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач. студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс. нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн. стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв. кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.​Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн. чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял. Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн. чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».

Літ.:

Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;

Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;

Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;

Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),

дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).

Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).

Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс. ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.​Калумбам у 1502. У 1605 тут засн. англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл. ААН (з 1979).

Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн. дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс. га зямлі, у т. л. каля 19 тыс. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс. га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс. т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал. прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.​Усходу) і нафтаперапр. з-д (б. ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц. с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн. кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс. км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн. дол., імпарт — 292,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Люсіі.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.

Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-ра рэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.

Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.​К.​Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.​І.​Губкіна, А.​І.​Цэлікава, А.​П.​Чакмарова, Г.​М.​Паўлава, В.​П.​Севярдэнкі, В.​С.​Смірнова, В.​М.​Чачына, А.​В.​Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,

з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.

Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.

Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.

Аптычная ізамерыя: 1 — малочнай кіслаты, малекулы з асіметрычным атамам вугляроду: 2 — асіметрычных малекул: а) замяшчальных аленаў; б) спіранаў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),

галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр. зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал. інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).

Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр. зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)