БЕЛЯНЕ́Ц,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 27 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,28 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 0,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на У 5—6 м. Берагі высокія, стромкія, на Пн нізкія, затарфаваныя. Дно сапрапелістае, зарастае імхамі.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНАРДО́С (Мікалай Мікалаевіч) (8.7.1842, с. Маставое Мікалаеўскай вобл., Украіна — 21.9.1905),

рускі вынаходнік у галіне электразваркі. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (Масква). З 1865 больш за 100 вынаходстваў у розных галінах (сельскай гаспадарцы, транспарце і інш.). Распрацаваў спосаб эл. дугавой зваркі металаў (1881), інш. спосабы зваркі і паяння.

Літ.:

Никитин В.П. Н.​Н.​Бенардос, 1842—1905 // Люди русской науки. М., 1965.

М.М.Бенардос.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕМЕР ((Bessemer) Генры) (19.1.1813, Чарлтан, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 15.3.1898),

англійскі вынаходнік-металург. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1879). Атрымаў больш за 100 патэнтаў на вынаходствы і ўдасканаленні ў галіне механікі і металургіі. Стварыў канвертарны спосаб пераплаўкі чыгуну ў сталь (1856, т.зв. бесемераўскі працэс). У 1860 запатэнтаваў вярчальны канвертар. Прапанаваў бяззліткавую пракатку сталі.

Літ.:

Сорокин Ю.Н. Генри Бессемер // Вопр. истории естествознания и техники. М., 1956. Вып. 1.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНА МАЛА́Я ў матэматыцы,

пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні меншай за любы папярэдне зададзены лік (мяжой з’яўляецца 0); адваротная да бесканечна вялікай. Калі x — бесканечна малая, то скарочана запісваюць lim x = 0 або x → 0. У матэм. аналізе важныя адносіны бесканечна малых адна да адной і іх сума пры неабмежаванай колькасці складаемых. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ пры Дзяржаўным патэнтным ведамстве Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1977 у Мінску на базе навук.-тэхн. б-кі Ін-та навук.-тэхн. інфармацыі. Найб. поўны на Беларусі фонд навук.-тэхн. л-ры і дакументацыі па ўсіх галінах прам-сці — больш за 20 млн. адзінак. Рэсп. цэнтр міжбібліятэчнага абанемента па тэхн. л-ры, метадычны цэнтр навук.-тэхн. б-к Беларусі. Мае 5 абл. філіялаў.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Чорнае возера,

у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вузлянка, за 18 км на Пд ад г.п. Мядзел, у межах гідралаг. заказніка Чарэмшыца. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма шыр. да 500 м, нізкая, забалочаная, з сеткай меліярац. каналаў.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМПІЯ́НСКІЯ ГО́РЫ (Grampians),

самыя высокія горы в-ва Вялікабрытанія. Размешчаны на Пн, у Шатландыі: частка Паўночна-Шатландскага нагор’я. Працягнуліся з З на У амаль на 250 км. Выш. да 1343 м (г. Бен-Невіс). Складзены з гнейсаў, сланцаў, гранітаў. Характэрны згладжаныя вяршыні, старажытналедавіковыя формы рэльефу. Клімат умераны марскі. Ападкаў да 1000 мм за год. Тарфянікі, зараснікі верасу, лугі. Рэзерваты: Глен-Рой, Карнгарм, М’юір-оф-Дынет.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГА́ЗЫ,

газы, якія выдзяляюцца вулканамі ў час вывяржэння (эруптыўныя) і спакойнай дзейнасці (фумарольныя). У іх уваходзяць пара вады (больш за 90% аб’ёму), дыаксіды вугляроду і серы, аксід вугляроду, метан, вадарод, азот, сера, фторысты і хлорысты вадарод і інш. Эруптыўныя вулканічныя газы выходзяць з кратэра, трэшчын, паверхні магмы, фумарольныя — з паверхні фумарольных палёў і застылай лавы. Праходзячы праз падземныя воды, награюць іх, утвараюцца гарачыя крыніцы (гл. Гейзеры).

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),

слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.

Л.​І.​Бурак.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНО́СЛІВАСЦЬ матэрыялаў,

здольнасць матэрыялаў супраціўляцца ўздзеянню паўторных (цыклічных), знакапераменных нагрузак, у выніку якіх развіваецца стомленасць матэрыялаў. Характарызуецца мяжой вынослівасці — колькасцю цыклаў нагрузак да ўзнікнення макрашчылін або поўнага разбурэння матэрыялу. Мяжа вынослівасці можа быць меншая за мяжу трываласці або мяжу цякучасці. Вынослівасць залежыць ад уласцівасцей матэрыялу, віду нагрузкі, стану паверхні, памераў дэталі або канструкцыі і інш. Улічваецца пры канструяванні машын і праектаванні збудаванняў.

М.​К.​Балыкін.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)