БО́КУЦЬ Барыс Васілевіч
(27.10.1926, в. Сакольшчына Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 15.3.1993),
бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1974), д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі, У 1973—89 рэктар Гомельскага ун-та. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і электрадынаміцы аптычнаактыўных крышталёў. Высветліў асн. аспекты нелінейнага пераўтварэння частаты ў крышталях і стварыў (разам з супрацоўнікамі) перастройвальныя крыніцы кагерэнтнага аптычнага выпрамянення. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Достижения физической оптики в Белоруссии. Мн., 1979 (разам з В.В.Філіпавым);
Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах. Мн., 1980 (разам з Г.С.Міцюрычам, В.В.Шапялевічам).
т. 3, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНАЎСКІ РУХ,
браўнаўскі рух, хаатычны рух дробных часцінак, завіслых у вадкасці ці газе. Адкрыты Р.Броўнам у 1827, тэарэтычна абгрунтаваны А.Эйнштэйнам і М.Смалухоўскім (1905—06) на падставе малекулярна-кінетычнай тэорыі. Броўнаўскі рух абумоўлены цеплавым рухам малекул і адсутнасцю кампенсацыі ўдараў, якія адчувае часцінка з боку малекул. Інтэнсіўнасць броўнаўскага руху не залежыць ад часу і хім. уласцівасцей асяроддзя, але павялічваецца з ростам т-ры асяроддзя, памяншэннем яго вязкасці і памераў часцінак (незалежна ад іх хім. прыроды). Броўнаўскі рух адыгрывае важную ролю ў некаторых фіз.-хім. працэсах (напр. каагуляцыя), абмяжоўвае дакладнасць высокаадчувальных прылад. Тэорыя броўнаўскага руху займае значнае месца пры абгрунтаванні прынцыпаў статыстычнай фізікі.
т. 3, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,
бар’еры пашырэння, любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.
Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСАРБЕ́НТЫ,
штучныя і прыродныя матэрыялы з развітой паверхняй, на якой адбываецца адсорбцыя рэчываў. Уласцівасці адсарбентаў залежаць ад хім. саставу, фіз. стану паверхні, характару сітавін і ўдз. паверхні. Адсарбенты бываюць несітаватыя і сітаватыя.
Несітаватыя адсарбенты (молатыя крышталі, часцінкі дыму, сажа, аэрасіл) з удз. паверхняй ад 1 да 500 м²/г атрымліваюць тэрмічным раскладаннем ці няпоўным згараннем вуглевадародаў, пры спальванні элементаарган. ці галагенных злучэнняў. Сітаватыя адсарбенты (сілікагель, алюмагель, актыўны вугаль), удз. паверхня якіх дасягае 1000 м²/г, атрымліваюць хім. спосабамі апрацоўкі зыходных матэрыялаў, высушваннем геляў, сінтэзам сітаватых крышталёў тыпу цэалітаў ці тэрмічным раскладаннем карбанатаў, аксалатаў, гідраксідаў металаў, некаторых палімераў. Гл. таксама Адсорбер, Храматаграфія.
т. 1, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс. га) і Гродзенскай (20 тыс. га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).
т. 5, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙСЁНАК Віктар Анатолевіч
(н. 6.6.1950, в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1972), дзе і працаваў. З 1992 міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 1994 рэктар Рэсп. ін-та вышэйшай школы пры БДУ, з 1997 старшыня Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул, нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў тэорыю палярызацыйнай залежнасці паглынання і выпрамянення святла пры ўздзеянні лазернага выпрамянення на мнагаатамныя малекулы ў кандэнсаваных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Анизотропия поглощения и люминесценции многоатомных молекул. Мн., 1986 (разам з А.М.Саржэўскім).
А.І.Болсун.
т. 4, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛЬЧЫК Аляксандр Пятровіч
(н. 25.12.1935, в. Чырвонабярэжская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі вытворчасці і фізікахіміі торфу. Д-р тэхн. н. (1987). Акад. Міжнар. АН Еўразіі (1996). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1959). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фіз.-хім. уласцівасцей торфу і метадах яго рацыянальнага выкарыстання з атрыманнем новых прадуктаў.
Тв.:
Превращения торфа и его компонентов в процессе саморазогревания при хранении. Мн., 1972 (у сааўт.);
Повышение качества торфа как удобрения. Мн., 1978 (у сааўт.);
Превращения торфа при добыче и переработке. Мн., 1992.
т. 5, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШАНКО́Ў Віталій Міхайлавіч
(н. 23.7.1931, г. Арол, Расія),
бел. вучоны ў галіне акустаэлектронікі і тэхн. электрадынамікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Саратаўскі дзярж. ун-т (1954), там і працаваў. З 1974 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па вагальных і каналізавальных сістэмах ЗВЧ, звязаных сістэмах, перыядычных хваляводах. Распрацаваў новыя тыпы запавольвальных сістэм, тэлевізійныя фільтры на паверхневых акустычных хвалях, фільтры спец. прызначэння.
Тв.:
Измерение параметров замедляющих систем методом связанных линий. Ч. 1—3. Вопросы радиоэлектроники. Сер. 1. Электроника. 1968. № 9—11;
Субоптимальный метод синтеза фильтров на поверхностных акустических волнах // Радиоэлектроника. 1985. № 9. (разам з А.С.Рухленкам).
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ Аляксей Уладзіміравіч
(н. 15.5.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1995). Сын У.А.Белага. Скончыў Маскоўскі ун-т імя М.В.Ламаносава (1973). З 1973 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1992 у Прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы ўзаемадзеяння канцэнтраваных патокаў зараджаных часціц з кандэнсаванымі асяроддзямі, трыбатэхніцы. Развіў фіз. асновы іонна-прамянёвай апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў, метады мадыфікавання паверхневых слаёў зносаўстойлівых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Поверхностная упрочняющая обработка с применением концентрированных потоков энергии. Мн., 1990 (разам з Я.М.Макушком, І.Л.Побалем);
Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з Г.Дз.Карпенкам, М.К.Мышкіным).
т. 3, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія, парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)