ГО́РВАЛЬ,

бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЛЬСАН (Nelson),

рака ў Канадзе. Даўж. 640 км, пл. басейна 1072 тыс. км². Выцякае з воз. Вініпег, працякае цераз шэраг азёр, утварае парогі, упадае ў Гудзонаў заліў. Ажыццяўляе сцёк азёрна-рачной сістэмы Боу—Саскачэван—Нельсан. Сярэдні гадавы расход вады каля 2700 m​3/с. Ледастаў ад ліст. да мая. На Н. — вадасх. Вініпег. Суднаходная ў ніжнім цячэнні.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЦІ́Н,

алкалоід тытуню (да 8%), некаторых інш. раслін; вытворнае пірыдзіну. Моцны яд. Пры курэнні тытуню Н. пранікае ў дыхальныя шляхі, усмоктваецца і ўздзейнічае на нерв. сістэму. У малых дозах выклікае ўзбуджэнне, у вял. — параліч нерв. сістэмы. Шматразовае паглынанне Н. невял. дозамі пры курэнні вядзе да хранічнага атручэння (нікацінізм). Сульфат Н. выкарыстоўваюць для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС ((Parsons) Чарлз Алджэрнан) (13.6.1854, Лондан — 11.2.1931),

англійскі інжынер і прадпрымальнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1898). Замежны чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў каледж Сент-Джона Кембрыджскага ун-та (1876). Вынайшаў шматступеньчатую рэактыўную паравую турбіну (1884), што адыграла значную ролю ў развіцці энергетыкі. У 1889 заснаваў прадпрыемства па вытв-сці паравых турбін сваёй сістэмы і інш. эл. абсталявання.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАВЫ́ СУД,

ніжэйшае звяно суд. сістэмы шэрагу дзяржаў. Разглядае справы -пра малазначныя злачынствы і правапарушэнні, а таксама дробныя грамадз. спрэчкі паміж прыватнымі асобамі. М.с. звычайна выбіраюцца насельніцтвам і дзейнічаюць у складзе аднаго суддзі (міравы суддзя). Упершыню створаны ў Англіі (14 ст.), потым ў Паўн. Амерыцы (17 ст.), Францыі (канец 18 ст.), Рас. імперыі (2-я пал. 19 ст.).

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСЕ́НКА (Ірына Міхайлаўна) (н. 29.8.1954, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1997). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1977) і працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі гіпафізарна-тырэоіднай сістэмы дзяцей, рэабілітацыі аслабленых дзяцей бязлекавымі сродкамі (рэфлексатэрапія, фітатэрапія, масаж і інш.).

Тв.:

Сборник вопросов и ответов по клинической медицине. Витебск, 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МРЫ (Mamry),

возера на ПнУ Польшчы, у складзе Мазурскіх азёр. Пл. 104,9 км², глыб. да 44 м. Ледавіковага паходжання. Размешчана ў паніжэнні паміж стараж. марэннымі градамі. Складаецца з некалькіх плёсаў, з’яднаных пратокамі. Берагавая лінія моцна парэзаная, даўж. 180 км. Шматлікія водмелі і астравы. Сцёк на Пн і Пд у сістэмы рэк Прэголя і Вісла. Суднаходства. Рыбалоўства.

Т.​Каліцкі.

т. 10, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТО́НА (Menton),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі, адзін з буйнейшых курортаў Рыўеры. На У ад г. Ніца, на ўзбярэжжы Міжземнага м. (Блакітны бераг). Развіваецца з 19 ст., мае міжнар. значэнне. Клімат міжземнаморскага тыпу, спрыяльны для лячэння хвароб абмену рэчываў, органаў дыхання, функц. расстройстваў нерв. сістэмы. Буйны цэнтр міжнар. турызму. Атэлі, лячэбніцы, пансіянаты і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,

паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.​Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

частка норм прававой сістэмы, якая рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры расследаванні злачынстваў, разглядзе і вырашэнні крымін. і цывільных спраў. П.п. непарыўна звязана з матэрыяльным правам, паколькі замацоўвае працэсуальныя формы, неабходныя для яго ажыццяўлення і абароны. На Беларусі пры захаванні норм П.п. разглядаюцца справы аб адм. правапарушэннях, арбітражных і гасп. спрэчках, а таксама ў парадку канстытуцыйнага судаводства.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)