ЛЕЎ III (Leōn) Ісаўр, Леў III Сірыец (каля 675, Германікія, цяпер г. Мараш, Турцыя — 18.6.741), візантыйскі імператар [717—741], заснавальнік Ісаўрыйскай дынастыі. Узмацніў знешнепаліт. становішча імперыі: адбіў націск арабаў, якія ў 717—718 вялі аблогу Канстанцінопаля; пасля перамогі ў 740 пад Акраінонам вярнуў ч. візант. уладанняў у М. Азіі. З мэтай умацавання цэнтр. улады і абароны інтарэсаў ваенна-служылай знаці выдаў у 726 Эклогу (зб. законаў). Рэфармаваў армію, распачаў рэформы ў галіне права, грамадскіх адносін і царк. палітыкі. Узначальваў рух іканаборства, што прывяло ў 730 да разрыву адносін з рым. курыяй.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫЛЬЯ́НІ (Modigliani) Франка (н. 18.6.1918, Рым),

эканаміст ЗША. Д-р сац. н. (1944). Скончыў ун-т у Рыме (1939). Працаваў у амер. каледжах і ун-тах (Ілінойскім, Чыкагскім, Карнегі-Мелана, Паўн.-Заходнім, Гарвардскім), у Новай школе сац. даследаванняў, Масачусецкім тэхн. ін-це. З 1966 навук. кансультант Савета кіраўнікоў Федэральнай рэзервовай сістэмы, з 1971 — старшы саветнік Брукінгскай камісіі па эканам. актыўнасці. Навук. працы ў галіне аналізу праблем зберажэнняў і фін. рынкаў; распрацаваў тэорыі асабістых фінансаў і фінансаў карпарацый. Адзін з аўтараў кн. «Кошт капіталу, фінансы карпарацый і тэорыя інвестыцый» (1958). Нобелеўская прэмія 1985.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НУС (Manus),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у архіпелагу Адміралцейства астравы. Тэр. дзяржавы Папуа—Новая Гвінея. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 36 тыс. чал. (1980). У цэнтры вострава горы, выш. да 719 м. Клімат субэкватарыяльны, вільготны. Вечназялёныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы. Гал. г. Ларэнгау.

Да арт. Манументальны жывапіс. Мікеланджэла. Сівіла Кумская. З размалёўкі столі Сіксцінскай капэлы. Паміж 1508—12. Рым. Ватыкан.
Да арт. Манументальны жывапіс. К.​Д.​Гескі. Размалёўка скляпенняў трансепта ў інтэр’еры касцёла езуітаў у Нясвіжы. 18 ст.
Да арт. Манументальны жывапіс. Фрэска ў інтэр’еры касцёла кармелітаў у Магілёве. 18 ст.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІГУ́ЛА Мікалай Паўлавіч (н. 7.11.1936, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1968). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1954—86 спартсмен-інструктар ЦСКА, выкладчык Вышэйшага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча (Мінск); у 1986—91 трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. гімнастыцы. У 1977—80 старшыня Федэрацыі гімнастыкі Беларусі. Сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) у камандным першынстве. Чэмпіён СССР (1960) у практыкаваннях на брусах. Шматразовы чэмпіён Беларусі (1955—67). Сярод выхаванцаў — Н.Кім, А.​Малееў (сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў, 1972). З 1991 у ЗША, трэнер па гімнастыцы.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУЛЯ́РЫ (лац. populares ад populus народ),

ідэйна-палітычная плынь у Стараж. Рыме ў канцы 2—1 ст. да н.э. Абаранялі інтарэсы плебсу, у першую чаргу сельскага, супрацьстаялі аптыматам. У цэнтры барацьбы з аптыматамі былі аграрнае пытанне і дэмакратызацыя рым. дзяржавы. Абапіраючыся на нар. сход, П. імкнуліся абмежаваць буйное і аднавіць сял. землеўладанне, забараніць даўгавую кабалу, адмяніць ліхвярства. Значную ролю сярод П. адыгрывалі браты Гракхі, Апулей Сатурнін. Уплыў П. у сваіх мэтах выкарыстоўвалі Г.Марый, Ліцыній Крас, Цэзар.

Літ.:

Трухина Н.Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики (II в. до н.э.). М., 1986. С. 56—59.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРО́НІЙ, Гай Петроній Арбітр (Gaius Petronius Arbiter; ? — 66 н.э.),

рымскі пісьменнік. Арыстакрат, «арбітр элегантнасці» пры двары імператара Нерона. Абвінавачаны ў змове, скончыў самагубствам. Верагодны аўтар рамана «Сатуры» («Сатырыкон»; мяркуюць, складаўся з 20 кніг), напісанага прозай з вершаванымі ўстаўкамі іранічна-сентэнцыйнага зместу. Захаваліся ўрыўкі, у якіх апісаны авантурныя і любоўныя гісторыі герояў з нізоў грамадства. Твору ўласцівы шырокі быт. фон, каларытныя замалёўкі нораваў эпохі Рым. імперыі. Аўтар выкарыстаў моўную характарыстыку для індывідуалізацыі персанажаў, стварыў узоры прастамоўя.

Тв.:

Рус. пер. — Сатирикон // Ахилл Татий. Лонг. Петроний. Апулей. М., 1969;

У кн.: Античный плутовской роман. Л., 1991.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Малодшы,

Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.

Тв.:

Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІ́НЦЫЯ (лац. provincia),

1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.

2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).

3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).

4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЮ́СТЫЙ Гай Крысп (Gaius Sallustius Crispus; 86—35 да н.э.),

старажытнарымскі гісторык і дзярж. дзеяч. Удзельнічаў у грамадз. войнах 49—45 да н.э. на баку Ю.​Цэзара. З 46 да н.э. праконсул рым. правінцыі Новая Афрыка. Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) займаўся літ. дзейнасцю. Захаваліся інвектыва (выступленне) С. супраць Цыцэрона (54 да н.э.), лісты да Цэзара (каля 50—46 да н.э.) з прапановамі рэфармавання дзярж. ладу, 2 кнігі «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна», адметныя глыбокім псіхал. аналізам, дакладнасцю ацэнак падзей, напружанай дынамікай апавядання, невял. фрагменты твора «Гісторыя» (36—35 да н.э.).

Тв.:

Рус. пер. — Соч. М., 1981.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́РДЗІ (Sordi) Альберта (н. 15.6.1919, Рым),

італьянскі акцёр, рэжысёр. У кіно з 1937. Стварыў трагікамічныя вобразы ў фільмах рэж. Ф.​Феліні «Белы шэйх», «Мамчыны сынкі», М.​Манічэлі «Тато і каралі Рыма», «Дробны, дробны буржуа», «Маркіз дэль Грыло», В. Дэ Сікі «Страшны суд», «Бум», Дз.​Рызі «Цяжкае жыццё» (у пракаце «Журналіст з Рыма») і інш. Паставіў і зняўся ў фільмах «Лонданскі туман» (1965), «Італьянец у Амерыцы» (1967), «Каханне маё, дапамажы мне» (1969), «Пакуль ёсць вайна, ёсць надзея» (1974, у пракаце «Гандляры смерцю»), «Я ведаю, што ты ведаеш, што я ведаю» (1982), «Таксіст» (1983), «Усіх за краты» (1984) і інш.

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)