АДЫХО́ДНІЦТВА,

часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр. прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс. чал. Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАНІБЕ́КАЎ Уладзімір Аляксандравіч (н. 13.5.1942, с. Іскандар Ташкенцкай вобл., Узбекістан),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981). Лётчык-касманаўт СССР (1978), ген.-маёр авіяцыі (1985). Скончыў Ейскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1965). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 10—16.1.1978 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-27» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26» (экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка), 22—30.3.1981 з У.Д.Гурагчам — палёт на КК «Саюз-32» (як камандзір) і на АС «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных), 24.6.—2.7.1982 з А.С.Іванчэнкавым і Ж.Л.Крэцьенам — палёт на КК «Саюз Т-6» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), 17—29 7.1984 з С.Я.Савіцкай і І.П.Воўкам — палёт на КК «Саюз Т-12» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж Л.​Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.​Ю.​Ацькоў), ажыццявіў выхад у касм. прастору, 6.6—26.9.1985 з Савіных — палёт на КК «Саюз Т-13» і на АС «Салют-7». Правёў у космасе 148,67 сут.

У.А.Джанібекаў.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЗЫКО́ВІЧ Фёдар Міхайлавіч (18.2.1903, в. Старое Заліцвінне Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.4.1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст. с.-г. школу Беларусі імя Леніна (1936). З 1923 на сав., прафсаюзнай, культ.-асв. і пед. рабоце на Магілёўшчыне і Міншчыне. З 1938 дырэктар Рэсп. школы старшынь калгасаў, інструктар ЦК КП(б)Б, заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар Палескага абкома КП(б)Б. У пач. Вял. Айч. вайны адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі. Са жн. 1941 у Чырв. Арміі на Цэнтр., Паўд.-Зах., Зах., Бранскім франтах: камісар кав. групы, кав. і стралк. дывізій. З ліст. 1942 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Палескай вобл., з лют. 1943 1-ы сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б, камандзір Палескага партыз. злучэння. Загінуў у баі. На месцы яго гібелі (паміж чыг. ст. Брынёва і Старушкі на лініі Калінкавічы—Лунінец) абеліск, на будынку чыг. ст. Старушкі мемар. дошка. У 1977 перапахаваны на Кургане Славы ў Мазыры.

Э.​Ф.​Языковіч.

т. 18, кн. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.

Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял. Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.), выдмы,

формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.

Пясчаная дзюна на ўзбярэжжы Прыбалтыкі.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),

найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,

зменены паясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ РУМЫ́НСКІЯ ГО́РЫ, Апусені (Munţii Apuseni),

частка горнай сістэмы Карпат на З Румыніі. Абмежаваны на З Сярэднедунайскай раўнінай, на Пн — далінай р. Самеш, на У — Трансільванскім плато, на Пд — далінай р. Мурэш. Вылучаюць цэнтр. платопадобны горны масіў Біхар (выш. да 1848 м), вапняковыя горы Траскэў (да 1370 м) і Металіч (да 1438 м), на З хрыбты Кодру (1112 м), Зэранд і Пэдура-Краюлуй (ніжэй за 1000 м), на Пн — хрыбты Месеш, Плапіш і Фэджэт. Складзены з гранітаў, крышт. сланцаў, вапнякоў і вулканічных парод. Радовішчы каляровых металаў (золата, серабро, поліметалы, ртуць), здабыча мармуру. андэзіту, вапняку. Букавыя, дубовыя і хваёвыя лясы, лугі.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБА́К,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна, за 17 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,23 км², даўж. 870 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 8,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 12,5 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на У да 25 м), на Пд невыразныя, разараныя, на Пн пад лесам і хмызняком, на ПдЗ сплавінныя. Пойма шыр. да 10 м, пераўвільготненая, месцамі тарфяністая, парослая хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, глыбакаводная зона плоская, выслана сапрапелем. На Пд упадае ручай з воз. Бабча, на Пн выцякае ручай у воз. Ладасна.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАВІЦЫПІТА́ЛЬНЫЯ, спарыннёвыя (Clavicipitales),

парадак сумчатых грыбоў. 23 роды. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі каля 10 відаў з родаў клавіцэпс, кордыцэпс, эпіхлёэ і інш. Паразітуюць на кветкавых раслінах, пераважна злакавых і асаковых, а таксама на грыбах, насякомых, павуках, некат. — на глебе або драўніне.

Стромы цёмныя ці светлыя, распасцёртыя або галоўчатыя, дыферэнцыраваны на стэрыльную ножку і расшыраную ч. з пладовымі целамі (перытэцыі) выш. ад 1—2 мм да 10—15 (30) см. Перытэцыі паглыблены ў строму ці знаходзяцца на яе паверхні. Сумкі цыліндрычныя, маюць 8 ніткападобных спор з папярочнымі перагародкамі. Спелыя споры выкідваюцца з сумкі праз пору. У цыкле развіцця ёсць сумчатая і канідыяльная стадыі.

С.​І.​Бельская.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)