ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.
Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.П.Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.
На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.Дз.Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.
Літ.:
Руководство по оториноларингологии. М., 1994;
Тугоухость. М., 1978.
І.А.Склют.
т. 11, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́СТА... (ад грэч. blastos парастак, зародак),
першая састаўная частка складаных слоў — біял. і мед. тэрмінаў, якая паказвае на сувязь з зародкам, напр. бластамікозы, бластацыста.
т. 3, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДКЛА́ДНАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА,
лячэбныя мерапрыемствы, якія праводзяць на этапе мед. эвакуацыі з мэтай вывядзення хворага са стану, небяспечнага для жыцця. Гл. Хуткая медыцынская дапамога.
т. 11, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАПЕ́НЯ (Павел Васілевіч) (27.12.1901, в. Маглысоўшчына Слуцкага р-на Мінскай вобласці — 13.11.1981),
бел. гігіеніст. Д-р мед. н. (1958), праф. (1967). Засл. дз. навукі Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1927). З 1937 дырэктар Бел. санітарнага ін-та. У 1946—63 дырэктар Бел. сан.-гігіенічнага НДІ; у 1968—73 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні гідрахім. асаблівасцяў крыніц водазабеспячэння для складання воднага кадастру, ген. схемы рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Беларусі.
Тв.:
Биологические пруды в практике очистки сточных вод. Мн., 1966 (у сааўт.).
т. 2, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (2.9.1795, г. Магілёў — 16.4.1867),
вучоны-фізік. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (з 1803), скончыў Магілёўскую гімназію (1812), філас. (1816) і мед. (1823) ф-ты Маскоўскага ун-та. З 1825 ад’юнкт-праф. Маскоўскага аддзялення мед.-хірург. акадэміі, чытаў курс лекцый па фізіцы і матэматыцы. У 1833—38 ардынарны праф. фізікі акадэміі, з 1836 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па даследаванні электрычнасці, гал. чынам удакладненні прыроды т.зв. жыццёвай і атм. электрычнасці, правёў шэраг эксперыментаў па тоеснасці абодвух відаў электрычнасці.
В.А.Гапоненка.
т. 4, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАЛО́ГІІ І МЕДЫЦЫ́НСКАЙ РАДЫЯЛО́ГІІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1960 у Мінску на базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (з 1934) і анкалагічных аддзяленняў 1-й клінічнай бальніцы Мінска. З 1965 у пас. Лясны Мінскага р-на. Галаўны навук., лячэбна-кансультацыйны і арганізац.-метадычны цэнтр па праблемах анкалогіі і мед. радыялогіі. Асн. кірункі даследаванняў: эпідэміял. і лабараторны кантроль злаякасных новаўтварэнняў, распрацоўка і ўдасканаленне метадаў дыягностыкі і лячэння рака з выкарыстаннем хіміягармонатэрапіі, прамянёвай тэрапіі, мадыфікавальных уздзеянняў; мед. рэабілітацыя анкалагічных хворых. Аспірантура з 1962. Выдае зб. «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́НАЎ (Леанід Генадзевіч) (н. 29.9.1950, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1973). З 1975 у Бел. н.-д. скурнавенералагічным ін-це, з 1988 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па алергічных дэрматозах, дыягностыцы і лячэнні лімфом скуры, рэпрадуктыўнай функцыі ў хворых на ганарэю і новых антыбактэрыяльных прэпаратах для яе лячэння.
Тв.:
Справочник по профессиональным болезням кожи. Мн., 1981 (у сааўт.);
Справочник врача общей практики. Т. 2. Мн., 1995 (у сааўт.).
т. 2, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́К (Фердынанд Міхайлавіч) (н. 27.3.1940, в. Шалькаўшчына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1990). Засл. дз. аховы здароўя Беларусі (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1968). З 1969 працуе ў ім (у 1987—89 прарэктар), адначасова ў 1973—87 гал. дзіцячы псіхіятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па біял. асновах псіхічных расстройстваў, праблемах дзіцячай псіхіятрыі, псіхічных наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тв.:
Практическое пособие по основам психосоматической медицины и психотерапии. Мн., 1996 (у сааўт).
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПАНО́ВІЧ (Віктар Якаўлевіч) (н. 15.4.1921, в. Сярэднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-отарыналарынголаг. Д-р мед. н. (1969), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951) і працуе ў гэтым ін-це. Навук. працы па біял. і крыягенных метадах лячэння ў отарыналарынгалогіі. З яго ўдзелам распрацаваны і выраблены фантомы-трэнажоры па отарыналарынгалогіі для падрыхтоўкі спецыялістаў па аказанні хуткай і неадкладнай дапамогі.
Тв.:
Аутогенные фибринные пленки в оториноларингологии. Мн., 1979;
Ангина и хронический тонзиллит. Мн., 1982;
Оториноларингологический атлас. М., 1989 (разам з В.М.Аляксандравым).
т. 5, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЬКЕ́ВІЧ (Юрый Валянцінавіч) (25.1.1905, ст. Стрэльна Ленінградскай вобл., Расія — 1.4.1974),
бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Чл.-кар. АМН СССР (1969), д-р мед. н. (1949), праф. (1950). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Іркуцкі ун-т (1930). З 1955 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па паталогіі баявых траўмаў, уплыву ахалоджвання на арганізм жывёл і чалавека, гісторыі паталагічнай анатоміі, перынатальнай паталогіі, тэраталогіі і генетыцы.
Тв.:
Патология последа человека и ее влияние на плод. Мн., 1968 (разам з М.Ю.Макавеевай, Б.І.Нікіфаравым).
т. 5, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)