КРОВАЗВАРО́Т,

цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.​Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАФА́ГІ [ад макра... + фаг(і)],

палібласты, клеткі мезенхімнага, манацытарнага паходжання ў жывёльным арганізме, здольныя да актыўнага захопу і засваення бактэрый, чужародных і таксічных для арганізма часцінак, рэшткаў пашкоджаных клетак і інш. Тэрмін уведзены І.І.Мечнікавым (1892). М. — буйныя клеткі (20—100 мкм) са зменлівай формай, псеўдаподыямі, маюць арганелы для ўнутрыклетачнага ператраўлення паглынутага матэрыялу (лізасомы, фагасомы, мультывезікулярныя рэшткавыя цельцы) і сінтэзу (эндаплазматычная сетка, мітахондрыі) антыбактэрыяльных і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Адыгрываюць вядучую ролю ў імунітэце, ажыццяўляюць фагацытоз. Знаходзяцца ў крыві (манацыты), злучальнай тканцы (гістыяцыты), крывятворных органах, печані (купфераўскія клеткі), сценках альвеол лёгкага (лёгачныя М.), брушной і плеўральнай поласцях (перытаніяльныя і плеўральныя М.). У млекакормячых утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу. Гл. таксама Мезенхіма, Рэтыкулацыты, Фагацыты.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАПЛАЗІ́Я (ад грэч. metaplasis пераўтварэнне),

1) ператварэнне аднаго віду тканкі ў другі ў чалавека і пазваночных жывёл. Напр., пераход плазматычнага ці цыліндрычнага эпітэлію ў чалавека ў шматслойны плоскі ў бронхах, слізістай абалонцы страўніка і інш. У хвастатых земнаводных адбываецца пры рэгенерацыі хрусталіка і сятчаткі вока. Адрозніваюць М. прамую і непрамую. Пры прамой ідзе трансфармацыя тканак без размнажэння клетак; пры непрамой — разрастаюцца маладыя клеткі. Вылучаюць 2 фазы непрамой М.: размнажэнне клетак (неапластычная фаза) і дыферэнцыроўка клетак з утварэннем новай тканкі (метапластычная фаза). Ачагі М. — перадпухлінны стан арганізма.

2) М., ці метаплазіс — перыяд росквіту ў індывід. развіцці асобіны і ў гісторыі некат. груповак арганізмаў (праяўляецца ў моцнай зменлівасці і мностве асобін).

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,

парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.

А.​А.​Арцішэўскі.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯФЁДАЎ (Леанід Іванавіч) (н. 20.8.1952, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1975). З 1978 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1989 заг. лабараторыі, з 1998 дырэктар). Навук. працы па малекулярных механізмах рэгуляцыі абмену рэчываў, накіраванай карэкцыі метабалічных працэсаў пры паталаг., стрэсавым і экстрэмальным стане арганізма, стварэнні лек. прэпаратаў на аснове амінакіслот, парэнтэральным жыўленні.

Тв.:

Механизмы регуляции метаболического баланса: результаты и перспективы применения аминокислот и их композиций в качестве универсальных биологически активных природных регуляторов направленного действия и эффективных лекарственных препаратов (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1998. № 4;

Таурин: Биохимия, фармакология, мед. применение. Гродно, 1999.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГА́НГЛІІ (ад пара... + гангліі),

эндакрынныя залозы пазваночных жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць пераважна катэхаламіны, з’яўляюцца таксама дадатковымі органамі нерв. сістэмы, што ажыццяўляюць хемарэцэпцыю. Некат. П. (мазгавое рэчыва наднырачнікаў, паяснічны, аартальны) маюць сакраторныя храмафінныя клеткі, у эмбрыягенезе ўзнікаюць разам з нейрабластамі сімпатычнай нерв. сістэмы. Выдзяляюць у кроў адрэналін ці норадрэналін. Інш. П. (пераважна ў месцах разгалінавання парасімпатычнай нерв. сістэмы, вочныя, лёгачныя, касцёвамазгавыя, абалонак мозга, каратыдны і П. па ходу сасудаў тулава і канечнасцей) з’яўляюцца нехрамафіннымі і паходзяць з эмбрыянальных закладак па ходу IX і X пар чэрапна-мазгавых нерваў. Выдзяляюць у кроў, магчыма, ацэтылхалін і поліпептыдныя гармоны. Сакрэты П. ажыццяўляюць рэгуляцыю агульных і мясц. фізіял. рэакцый і мабілізацыю сістэм арганізма пры стрэсе.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,

храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬМАНЕЛЁЗЫ,

вострыя інфекцыйныя захворванні чалавека і жывёл, якія выклікаюць сальманелы; пераважна пашкоджваецца страўнікава-кішэчны тракт. Вядома больш за 2 тыс. сератыпаў узбуджальніка С. Для чалавека крыніца заражэння — свойскія жывёлы і птушкі, таксама людзі-носьбіты сальманел. Інфекцыя заносіцца праз прадукты харчавання, кантактна-бытавым шляхам. Вылучаюць лакалізаваныя формы С., генералізаваныя і бактэрыяносьбіцтва. Пры лакалізаваных цячэнне хваробы вострае, з высокай т-рай цела, болямі ў вобласці жывата, ірвотай, вадзяністым стулам са сліззю, абязводжваннем арганізма. Пры генералізаваных С. узбуджальнік цыркулюе ў крыві; назіраецца працяглая ліхаманка з сімптомамі інтаксікацыі. Бактэрыяносьбіцтва выяўляецца пры бактэрыял. абследаванні. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы і птушкі заражаюцца праз кармы, глебу, ваду, пры кантакце з хворымі, праз прадметы догляду.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),

спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл. Генетычны код).

Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл. Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл. Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл. Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл. Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл. Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.

А.​Г.​Купцова.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск крыві ўнутры аорты і буйных артэрый. Узнікае ад нагнятальнай дзейнасці сэрца, супраціўлення сасудаў і абумоўлены гідрастатычнымі сіламі. Найб. супраціўленне цёку крыві ў аорце і артэрыях. Артэрыяльны ціск у перыяд скарачэння (сісталы) жалудачкаў сэрца наз. сісталічным, у час расслаблення (дыясталы) — дыясталічным. Вымяраецца ў мм рт. сл. Макс. ўзроўню (верхні) дасягае ў перыяд скарачэння (сісталы), мінім. (ніжні) — у час расслаблення (дыясталы). Велічыня артэрыяльнага ціску залежыць ад віду жывёл, стану сэрца і сасудаў, колькасці крыві, узросту, індывід. асаблівасцяў арганізма і інш. У буйных артэрыях чалавека сісталічны ціск у норме складае 110—130, а дыясталічны — 60—80 мм рт. сл. З узростам артэрыяльны ціск крыху павышаецца. Існуюць 2 метады вымярэння артэрыяльнага ціску: прамы (крывавы) і ўскосны (бяскроўны) з дапамогай спец. прыладаў.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)