ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.Зізаній, П.Шпілеўскі, К.Нядзведскі, І.Нядзёшаў, Я.Карскі, К.Каганец, Б.Пачобка, Б.Тарашкевіч, М.Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.Я.Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНІ́КА (Martinique),

уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км2. Нас. 407,3 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц.г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.

Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т.л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс. чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т.л. Мантань-Пеле.

Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км2, на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км2. У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.

Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс. чал. штогод, пераважна ў Францыю).

Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц. к-т нац. вызвалення.

З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т.л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.

На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.

Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс. дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн. франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс. га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс. т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр. з-д (Ламаптэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн. т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм. з-д (260 тыс. т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т.л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн. дол., імпарт — 1500—1700 млн. дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс. км2. Нас. 665,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).

Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).

Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн. т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-ра студз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.

Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш. араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км2. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс. ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст. н. э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл. ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд. дол. (1994), каля 20 тыс. дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн. т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж. Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн. т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд. кВтгадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс. га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс. га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс. км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд. дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.

Літ.:

Князев А.Г. Бахрейн и Катар. М., 1984.

Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Катара.

т. 8, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,

пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм. хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як ​1/5 нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.

У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш. сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т.л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.

У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.

На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНК Зах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б. ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б. СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.

Літ.:

Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.

А.Б.Дорына, Е.Ф.Саўчук.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812,

Айчынная вайна 1812, абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон І Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр І з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр І аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр І выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр І па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр І прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра І у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр І адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.В.Антонаў.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́М (Viêt Nam),

Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх. ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і Пд Паўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс. км². Нас. 71,8 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).

Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс. км²) і Хангха (каля 15 тыс. км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд. т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд. кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн. чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн. чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж. традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.

Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст. н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст. Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст. Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц. калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз. Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц. калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл. В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл. Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пдбрыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл. Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн. нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн. нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер. ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс. чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл. Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер. паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер. ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс. чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам. — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.

Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн. т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд. кВт·гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім. прам-сць (вытв-сць мінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як ​1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн. га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн. т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс. т.; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс. км, у т. л. гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс. км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс. км, аўтадарог больш за 300 тыс. км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд. дол., імпарт 2,3 млрд. дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал. гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн. нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс. чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс. чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс. чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс. чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс. чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс. чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец. навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц. дзярж. інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).

Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст. гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст. л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв. л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж. арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл. буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.

Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб. стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст. н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз. т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец. навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л. Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.

Тэатр. Традыц. віды в’етн. т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар. т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар. т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес. т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн. т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.

Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.

Літ.:

История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;

Новейшая история Вьетнама. М., 1984;

Вьетнам: Справ. М., 1993;

Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;

Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;

Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст. М., 1971.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс. км2. І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс. км2 (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс. чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г. Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).

Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т.л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх. суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.

Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш. мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс. чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км2. У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км2. У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц. яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр. паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс. км2) і яўрэйскую (14,1 тыс. км2, або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г. Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс. км2 (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл. Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.

У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс. км2). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс. чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на ​2/з за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж 1. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр. араб. партыя і інш. Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд. кВтгадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн. т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн. т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс. т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сць ваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш. Хім. прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн. т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч. прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс. га, у т.л. больш за 220 тыс. га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т.л. кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс. га, інш. фрукты — каля 55 тыс. га, палявыя культуры — каля 230 тыс. га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс. га, кветкі — каля 2 тыс. га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс. га. Штогадовы збор (тыс. т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн. тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс. л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс. км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс. міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд. дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд. дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал. гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс. чал., рэзерву — 430 тыс. чал. У сухап. войсках 134 тыс. чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс. артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс. чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс. чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж. рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т.л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн. ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр. ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац. б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац. цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-ка Н.-д. ін-та імя Х.Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр. муз. б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш. Н.-д. работу праводзяць Н.-д. ін-т імя Х.Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т.л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д. работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб. інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т.л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.

Літаратура. Да канца 19 ст. л-ра яўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл. Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.Д.Гордан, І.Х.Брэнер, Х.Н.Бялік, Ш.Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.Шлёнскага, Н.Альтэрмана, Л.Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.Ц.Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.Шалома і А.Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.Мосінзана, М.Шаміра, С.Ізхара, Н.Шахама і інш.). З 1960-х г. цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.Б.Іехошуа і А.Оза). Проза А.Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.Аміхай. Н.Зах, Д.Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.Бен-Нера, Я.Шабтая, Д.Шыца, Ш.Харэвен, Х.Беера, паэзіі Я.Гурвіца, М.Візелціра, А.Шабтая, І.Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.Кішона.

Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц. арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.Рэхтэры, Д.Кармі, М.Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.Мансфелвд, Д.Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.Рэзнік, Э.Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.Лупентэлер, Г.Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т.л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.Кармі, А.Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац. маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.Шэмі, І.Сімон, Х.Атар, А.Левін, графікі А.Эльвейл, Ш.Вейль, Я.Штэйнхард, скульптары Х.Арлова, М.Цыфер, Б.Лішанская, Я.Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.Ароху, Ш.Себу, скульптарам З.Бен-Цві, І.Данцыгеру, Д.Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар. маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.Агам, скульпт. Р.Царфаці, І.Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.Безем, А.Кахане, графіка А.Ашайіма, А.Пана, М.Шатры, Ш.Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.Капелян, М.Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.

Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац. муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр. муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр. сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз. т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар. муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.Лаўры) і ўсх. (Э.Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.Бен-Хаім, М.Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз. авангард (М.Капытман, Э.Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац. т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз. ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).

Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.Равіна, А.Мескін, Ш.Фінкель, М.Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.Бунім, П.Фрай, А.Халфі, Х.Мірон, З.Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац. т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.Эвен-Ора і інш.

Кіно. Уласная кінавытворчасць у 1. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.Габісан, Э.Фокс, Х.Азулай, Ш.Хасфары, О.Бен-Дор-Ніў, М.Бат-Адам, А.Даян, Д.Вольман, А.Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.Рыбенбах, Д.Бен-Шытрыт, А.Птай, Дж.Шлец, А.Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.

Літ.:

Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ. М., 1993;

Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;

Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;

Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;

Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ. М., 1994;

Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].

Г.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.В.Сініла (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Ізраіля.
Да арт. Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.
Да арт. Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Д.Кармі, І.Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Ш.Себа. Пастух. 1959.
Да арт. Ізраіль. Ш.Бек. Партрэт. 1970.
Да арт. Ізраіль. А.Левін. Від. 1924.
Да арт. Ізраіль. А.Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.
Да арт. Ізраіль. А.Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.
Да арт. Ізраіль. Н.Безем. Ільвіная брама. 1976.
Да арт. Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,

падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.

У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх. ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр. ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.

25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх. ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах. ч. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав. б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр. б. Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля ​1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;

Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;

Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.

В.А.Кадаўбовіч, В.Л.Насевіч (гісторыя).

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСТВА,

саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.

У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛ і г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб. стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.

У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».

У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз. т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап. ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс. чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн. сял. гаспадарак (каля 50 млн. чал.) — 75 млн. дзесяцін.

У Беларусі ў Д. пераведзена шляхта ВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап. ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс. дзес., Радзівілаў 178 тыс. дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс. дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс. дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс. дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».

Літ.:

Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;

Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;

Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;

Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;

Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.

1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл. Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв. гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт. Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш. сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт. Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім. прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г. БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.

Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.

Літ.:

Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;

Многонациональное советское государство. М., 1972;

В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;

Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.

Я.І.Бараноўскі.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)