ЖО́ЎЦЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

высокамалекулярныя монакарбонавыя поліцыклічныя кіслоты з класа стэрынаў, вытворныя халанавай к-ты. Утвараюцца ў клетках печані чалавека і многіх жывёльных арганізмаў і выдзяляюцца з жоўцю.

Да Ж.к. належаць холевая, дэзоксіхолевая, літахолевая і інш. к-ты. Асн. частка іх у жоўці злучаецца з глікаколам і таўрынам і ўтварае т. зв. парныя Ж.к. (напр., глікахолевыя к-ты), солі якіх садзейнічаюць эмульгаванню і ператраўленню тлушчаў, усмоктванню тлустых к-т. Ж.к., што атрымліваюць з жоўці вышэйшых жывёл, выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці як сыравіна для вытв-сці палавых гармонаў і інш.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎКО́Ў (Міхаіл Анатолевіч) (н. 19.11.1961, г. Салігорск Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі і геамеханікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Бел. н.-д. і праектным ін-це горнай і хім. прам-сці, з 1997 у БПА. Навук. працы па інтэгральных ураўненнях, механіцы дэфармаванага цвёрдага цела, матэм. мадэляванні.

Тв.:

Метод квазифункций Грина в механике деформируемого твердого тела. Мн., 1993 (разам з М.​Дз.​Мартыненкам);

Теоретические основы деформационной механики блочнослоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995 (з ім жа).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВА́ЛАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для завалкі (загрузкі) у сталеплавільныя агрэгаты (печы) цвёрдай шыхты (стальны лом, чыгун, руда, флюсы). Бываюць падлогавыя рэйкавыя (выкарыстоўваюцца ў мартэнаўскіх цэхах з печамі ёмістасцю 150 т і болей), бязрэйкавыя (для печаў ёмістасцю 5—20 т) і падвесныя (для печаў 20—150 т). Падлогавыя З.м. — цялежкі з хобатам, які ўводзіць у завалачнае акно печы мульду з шыхтай; падвесныя — маставы кран з галоўнай (загрузачнай) і дапаможнай (кранавай, для рамонтных работ) цялежкамі.

Падлогавая рэйкавая завалачная машына: 1 — мульда; 2 — мульдавая цялежка; 3 — цялежка машыны; 4 — мост.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ДНІ МОСТ,

сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.

Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКІДНА́Я ТЭ́ХНІКА ў драўляным дойлідстве,

спосаб узвядзення будынкаў і збудаванняў з асобных праслаў, зробленых з бярвён, брусоў, плашак, дыляў, дошак і інш., канцы якіх устаўлены ў шулы (вертыкальна пастаўленыя бярвёны або брусы з пазамі). На тэр. Беларусі вядома ў жытлах з каменнага веку. У 16 — пач. 20 ст. выкарыстоўвалася пераважна ў гасп., вытв. і некат. грамадскіх будынках (хлявы, аборы, гумны, адрыны, корчмы, крамы, склады, бровары і інш.), агароджах. У сядзібнай забудове часам замест драўляных шулаў выкарыстоўваліся мураваныя слупы. Цяпер З.т. выкарыстоўваюць у гасп. пабудовах на вёсцы.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМА́Н, пінакалінавы эфір метылфторфасфонавай кіслаты,

атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Сінтэзаваны ў Германіі (1944). Прыкладна ў 3 разы больш таксічны і стойкі, чым зарын. Выклікае міёз (звужэнне зрэнак вачэй). Лятальная таксічная доза (умоўна) пры дзеянні праз органы дыхання — 0,05 мг мін/л, праз скуру — 1,4 мг/кг.

З. — бясколерная вадкасць з пахам камфары, tкіп 190 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1013,1 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спіртах, складаных эфірах, кетонах і інш. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЯ́ЦІН (Мікалай Мітрафанавіч) (18.5.1900, г. Ліпецк, Расія — 12.7.1965),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р с.-г. н. (1937), праф. (1935). Скончыў Петраградскі вет.-зоатэхн. ін-т (1923). З 1946 заг. аддзела Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі, з 1949 заг. кафедры БСГА, з 1959 — Гродзенскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні канстытуцыі с.-г. жывёл і падборы іх паводле прынцыпу стымулявання развіцця патомства, узроставага і палавога падбору. Адзін з аўтараў пароднай групы бел. чорна-пярэстых свіней.

М.М.Замяцін.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМРОК,

аптычная з’ява ў атмасферы перад узыходам і пасля заходу Сонца; паступовы пераход ад дзённага святла да начной цемры і наадварот. Суправаджаецца зарою. Працягласць З. залежыць ад геагр. шыраты месца: чым бліжэй да экватара, тым ён карацейшы; ад схілення Сонца: у аддаленых ад экватара зонах, дзе летам Сонца апускаецца пад гарызонт на невялікі вугал, вячэрні З. сутыкаецца з ранішнім і цемень зусім не настае (белыя ночы). Адрозніваюць З. грамадзянскі (сонца апускаецца пад гарызонт да 6°), навігацыйны (ад 6° да 12°) і астранамічны (ад 12° да 18°).

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКТА́ (араб., літар. надзел),

у сярэднія вякі ўмоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваен. ці грамадз. службу ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу (накшталт бенефіцыя ў Еўропе). У араб. крыніцах вядомы з канца 7 ст., найб. пашыраны ў 8—10 ст. пры Абасідах. З 9 ст. І. наз. таксама падараванне халіфам вобласці ў намесніцтва эміру, з правам збору на сваю карысць усіх ці часткі падаткаў. У імперыі Вялікіх Маголаў наз. джагір, у Асманскай імперыі — зеамет, цімар. Рост зямель І. і змяншэнне фонду дзярж. зямель — адна з прычын феад. раздробленасці.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K​+Cl​, фтарыд цэзію Cs​+F​) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)