АМІЛА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць гідралітычнае раскладанне крухмалу, глікагену і інш. поліцукрыдаў на больш простыя вугляводы. Знойдзены ў слінных і падстраўнікавай залозах жывёл, прарослым насенні вышэйшых раслін, мікраарганізмах. Удзельнічаюць у працэсах стрававання, выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы крухмалістай сыравіны для хлебапякарнай, спіртавой, піваварнай прам-сці, пры вытв-сці глюкозы і інш.

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕРВАЛЬТО́ММЕТР, тэстэр,

універсальная прылада для вымярэння эл. напружання, сілы пераменнага і пастаяннага току, эл. актыўнага супраціўлення. Складаецца з амперметра, вальтметра, омметра. Бывае аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам) і лічбавы. Дае магчымасць выяўляць разрыў і кароткае замыканне ў эл. ланцугах, вызначаць рэжым работы асобных вузлоў электра- і радыёапаратуры.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫК у будаўніцтве,

прамежкавая апора моста або гідратэхн. збудавання. Успрымае нагрузкі ў асноўным ад пралётных збудаванняў (у мастах) і ад ціску вады (у гідратэхн. збудаваннях). На рэках робяць абцякальнай у плане формы, верхнюю ч. іх прыкрываюць ледарэзамі. Будуюць быкі з бетону, жалезабетону, каменю (для часовых мастоў — з дрэва).

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

цэнтралізаваныя запасы золата і замежнай валюты, што знаходзяцца ў цэнтр. (нац.) банках і фін. органах краіны ці ў міжнар. валютна-крэдытных арг-цыях. Выкарыстоўваюцца пераважна для рэгулявання знешніх разлікаў, пакрыцця дэфіцыту плацежнага балансу, стабілізацыі валютнага курсу на валютных рынках, у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦІ́НА,

старадаўняе драўлянае пласкадоннае рачное судна з палубай і ветразямі для перавозкі збожжа і інш. грузаў. На Беларусі вядома з 15 ст. Даўж. 43—53 м, шырыня 4—11 м, грузападымальнасць 128—192 т. Будаваліся і выкарыстоўваліся на Нёмане, Шчары, Віліі. У 2-й пал. 19 ст. пачалі знікаць.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ШЛЯХІ́,

водныя прасторы, якія выкарыстоўваюцца для суднаходства і сплаву лесу. Найб. эканамічныя з усіх шляхоў зносін. Падзяляюцца на знешнія (акіяны, знешнія моры, залівы), унутр. (унутр. моры, азёры і рэкі), штучныя (шлюзаваныя рэкі, суднаходныя каналы, штучныя моры, вадасховішчы). Беларусь мае ўнутр. і штучныя водныя шляхі. Гл. Водны транспарт.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЧНАЯ СТА́ЎКА,

следчае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым допыце дзвюх (або больш) асоб, у паказаннях якіх выяўлены істотныя супярэчнасці. Праводзіцца па ініцыятыве следчага, суда, пракурора для атрымання больш праўдзівых звестак ці з мэтай высветліць, якое з ранейшых паказанняў адпавядае сапраўднасці. Парадак правядзення вочнай стаўкі рэгламентуецца КПК Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл. Пл. 13,6 тыс. га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАГЕНЕРА́ТАРНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, газавы рухавік якога працуе на газе ад убудаванага газагенератара. У якасці паліва выкарыстоўваюцца драўляныя цуркі, буры і драўняны вугаль, паўкокс і інш. Прызначаны для эксплуатацыі ў раёнах, аддаленых ад месцаў вытв-сці вадкага паліва. У СССР распрацаваны ў 1923, серыйны выпуск (ЗІС-13) асвоены ў 1938.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)