БЕНІЛЮ́КС,
скарочаная назва мытнаэканам. саюза паміж Бельгіяй, Нідэрландамі і Люксембургам. Заключаны 3.2.1958 на 50 гадоў, набыў сілу 1.11.1960. Прадугледжвае стварэнне адзінага рынку для яго ўдзельнікаў, свабодны рух людзей, тавараў, капіталаў і паслуг паміж гэтымі краінамі, каардынацыю іх эканам., фін., сац. палітыкі і інш. Кіруючыя органы знаходзяцца ў Бруселі.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРК (Berck),
прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Кале, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Развіваецца з 19 ст. Умерана вільготны марскі клімат з мяккай зімой і цёплым сонечным летам спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб туберкулёзнага паходжання; клімататаласатэрапію выкарыстоўваюць пры хваробах органаў руху і апоры.
т. 3, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЕГАЛО́ЎКА ракеты,
галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,
растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АГІТПЛАКА́Т»,
перыядычнае выданне Саюза мастакоў БССР. Выдаваўся ў 1966—90 Мінскім маст.-вытворчым камбінатам (72 плакаты на год). Плакаты адлюстроўвалі актуальныя для таго часу падзеі жыцця Беларусі. Выконваліся спосабам шоўкатрафарэтнага друку. У «Агітплакаце» працавалі мастакі М.Гурло, Р.Данчанка, У.Жук, У.Крукоўскі, А.Чуркін, В.Шматаў і інш.
т. 1, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАГЛЕ́БАВЫ РАЁН,
таксанамічная адзінка глебава-геаграфічнага раянавання; састаўная частка глебава-кліматычнай акругі з пэўным комплексам прыродных і эканам. умоў. Вылучаецца паводле генетычна аднолькавага тыпу рэльефу, глебавага покрыва, мезаклімату, ступені забалочанасці, умоў для гасп. дзейнасці і інш. На тэр. Беларусі 20 аграглебавых раёнаў. Гл. карту пры арт. Глебава-геаграфічнае раянаванне.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДРАШЫ́ТАЎ (Вадзім Юсупавіч) (н. 19.1.1945, г. Алматы),
расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1974). Фільмам Абдрашытава ўласцівы фабульная пэўнасць, стрыманасць і камерныя інтанацыі, кантрастныя паралелі: «Слова для абароны», «Спыніўся поезд» (Дзярж. прэмія Расіі 1984), «Парад планет», «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНПО́СТ (ад аван... + франц. poste пост),
перадавая варта для назірання за праціўнікам. У арміі Рас. імперыі ў 18—19 ст. аванпост — перадавая ахоўная варта (пяхотная або конная), якая выстаўлялася дзеля засцярогі свайго войска, размешчанага на адпачынак або ў абароне, ад раптоўнага нападу праціўніка. Выкарыстоўваецца ў сучасных арміях некаторых дзяржаў.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІ́СКІ О́РДЭН,
партугальскі духоўна-рыцарскі ордэн. Існаваў у 1162—1789. Утвораны з вайск. арг-цыі, заснаванай у 1147 ці 1148 для барацьбы з маўрамі. Партуг. кароль Альфонс I у 1162 ці 1166 падараваў ордэну крэпасць Авіс (адсюль назва). Авіскі ордэн адыграў значную ролю ў гісторыі Рэканкісты ў Партугаліі.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГІЦЫ́ДЫ [ад лац. alga марская трава, водарасць + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія знішчаюць водарасці. Найчасцей як альгіцыды выкарыстоўваюцца злучэнні з актыўным хлорам, хлорная вапна, чацвярцічныя солі амонію, многія солі і комплексы медзі. Прымяняюцца для ачысткі ў тэхн. сістэме, водазабеспячэння, прадухілення цвіцення вады і барацьбы з пашырэннем непажаданай альгафлоры.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)