МЕЛА́НЖ (ад франц. mélange сумесь),

1) у хіміі сумесь канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот пры іх суадносінах па аб’ёме прыблізна 9:1. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты вежавым спосабам.

2) Замарожаная сумесь яечных жаўткоў і бялкоў (яечны М.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў.

3) Змяшэнне ў пражы валокнаў, афарбаваных у розныя колеры, а таксама тканіна, вырабленая з такой пражы.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІДЫ́ЙЦЫ,

індаеўрапейскі народ, блізкі персам. Займаў гіст. вобласць Мідыя, потым царства ў паўн.-зах. частцы Іранскага нагор’я. Упершыню ўпамінаюцца ў асірыйскіх летапісах у 2-й пал. 9 ст. да н.э. Жылі ва ўмовах ваен. дэмакратыі, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі развіты рамёствы. Веравызнанне М. — зараастрызм. Адыгралі значную ролю ў этнагенезе азербайджанцаў. Знешні выгляд М. магчыма ўявіць па фрызах г. Персепаль.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПА АСТРАНА́ЎТЫЦЫ,

(МФА; International Astronautical Federation), навуковая арганізацыя, якая займаецца праблемамі даследавання і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах, уключаючы пытанні ракетнай тэхнікі і касм. права. Засн. ў 1950. Аб’ядноўвае навук. арг-цыі больш як 40 краін, у т. л. Расіі, Украіны, Казахстана. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА і Міжнар. саюзе электрасувязі. Штаб-кватэра і Сакратарыят у Парыжы.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЦЭНТР НАВУКО́ВАЙ І ТЭХНІ́ЧНАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ (МЦНТІ),

міжурадавая арг-цыя па садзейнічанні развіццю міжнар. сістэмы навук. і тэхн. інфармацыі. Створаны ў 1969 краінамі—членамі Саюза эканам. узаемадапамогі. Членамі (на 1.6.1999) з’яўляюцца 16 краін, у т. л. Беларусь. Цэнтр ажыццяўляе даследаванні і распрацоўкі ў галіне інфарм. тэхналогіі, забяспечвае інфарм. абслугоўванне арг-цый краін, якія ўваходзяць у яго. Месцазнаходжанне цэнтра г. Масква.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАМО́ДУЛЬ (ад мікра... + модуль) у электроніцы, мініяцюрны уніфікаваны функцыянальны вузел электроннай апаратуры. Канструкцыйна афармляецца ў выглядзе пячатнай платы з ушчыльненай упакоўкай малых (па памерах) дыскрэтных электронных элементаў (транзістараў, рэзістараў, кандэнсатараў і інш.). У адрозненне ад модуляў (гл. Модуль у электроніцы) маюць большую шчыльнасць упакоўкі (дзесяткі і сотні дэталей на 1 см³). Выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, радыёэлектронных апаратах і інш.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА ПА ВЫ́РАБЕ ПІ́ВА І БЕЗАЛКАГО́ЛЬНЫХ НАПІ́ТКАЎ «КРЫНІ́ЦА».

Засн. ў 1975 у Мінску як вытв. аб’яднанне «Мінскпіўпрам» (Мінскі піўзавод № 2). З 1989 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): піва, газіраваныя безалкагольныя напіткі, сухія напіткі і дэсерты. Вытв. магутнасць: піва — да 7 млн. дэкалітраў за год, сухія напіткі — больш за 1 тыс. т, безалкагольныя напіткі — больш за 1 млн. дэкалітраў.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЯСАКАМБІНА́Т.

Засн. ў 1922 у Мінску на базе халадабойні. У 1956—60 пабудаваны новыя вытв. карпусы. З 1975 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання мясной і малочнай прам-сці. У 1994 уведзены ў эксплуатацыю з-д па вытв-сці мясных паўфабрыкатаў, адм. корпус, у 1996 — сховішча для агародніны. Асн. прадукцыя (1999): мяса і мясапрадукты, субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, скуры, мяса-касцявая мука.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЎМАЦАВА́НЫ РАЁН, Мінскі УР,

пабудаваны ў 1928—37 для прыкрыцця Мінска з З. Працягласць па фронту да 150 км. 26.6.1941 ударныя групоўкі ням.-фаш. войск (да 5 танк. дывізій) выйшлі да М.у.р. і атакавалі яго. Аднак сходу ўзяць не здолелі — М.у.р. на 3—4 дні затрымаў рух праціўніка на ўсх. напрамку і адыграў значную ролю ў абароне горада (гл. Мінска абарона 1941).

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РАН (Myrōn) з Элеўтэраў

(каля 500—400 г. да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар, прадстаўнік ранняй класікі. Працаваў у Афінах. Праславіўся статуямі атлетаў-пераможцаў, выкананых пераважна ў бронзе (вядомы па рым. копіях), якія вылучаліся жыццёвасцю ў перадачы руху, гарманічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, экспрэсіяй (напр., «Дыскабол»). Звяртаўся да міфалагічных сюжэтаў (скульпт. група «Афіна і Марсій»).

С.​І.​Пракоп’ева.

Міран. Дыскабол. 5 ст. да н.э.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)