Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІЦЦЁ ХВА́ЛЯЎ,
перавыпрамяненне хваляў перашкодамі са зменай напрамку іх распаўсюджвання. Адбываецца на непразрыстых целах, у якіх хвалі такой прыроды не распаўсюджваюцца, і неаднароднасцях асяроддзяў. Звычайна на мяжы падзелу асяроддзяў з рознымі ўласцівасцямі разам з адбіццём хваляў адбываецца і пераламленне хваляў. Інтэнсіўнасць адбітай хвалі характарызуецца каэфіцыентам адбіцця, які залежыць ад прыроды хваляў і іх палярызацыі, уласцівасцяў асяроддзяў, вугла падзення і роўны адносіне патокаў энергіі адбітай хвалі і той, што падае. Пры люстраным адбіцці хваляў на плоскіх межах падзелу выконваюцца законы, якія супадаюць з законамі адбіцця святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАЛІ́ТЫКІ,
лекавыя сродкі, якія ўзаемадзейнічаюць з пэўнымі тыпамі адрэнарэцэптараў, зніжаюць або блакіруюць уздзеянне на іхмедыятараў — норадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. Адрозніваюць α-адрэналітыкі (фанталамін, тралафен, празазін), якія расшыраюць крывяносныя сасуды, паляпшаюць крывяток у органах і тканках, зніжаюць артэрыяльны ціск, і β-адрэналітыкі (анапрылін, тразікор, кардан, атэналол), якія запавольваюць і аслабляюць работу сэрца, зніжаюць артэрыяльны ціск.
α-адрэналітыкі выкарыстоўваюць пры захворванні перыферычных сасудаў (эндартэрыітах, хваробе Рэйно, графічных парушэннях); β-адрэналітыкі — пры лячэнні ішэмічнай хваробы сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда), гіпертанічнай хваробе. Пры іх ужыванні ёсць небяспека спазмы бронхаў і звужвання перыферычных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,
зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.
рускі драматург.Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Маскоўскі юрыд.ін-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1944. Аўтар сцэнарыяў (разам з Э.Разанавым) фільмаў: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1968), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1974), «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, паводле іх п’есы, 1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле іх п’есы «Саслужыўцы», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж» (1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987). Яго творы адметныя тонкім гумарам, дакладнай псіхал. распрацоўкай характараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст.н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ПАСЁЛАК,
катэгорыя населенага пункта гар. тыпу, у якім не менш за 2 тыс.ж. і большасць з іх рабочыя, служачыя і члены іх сем’яў. На Беларусі ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.9.1938 «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». Пры аднясенні пэўнага нас. пункта да гарадскога пасёлка ўлічваецца таксама яго адм. значэнне, наяўнасць прамысл. і камунальна-быт. прадпрыемстваў, сац.-культ. устаноў. Большасць гарадскіх пасёлкаў Беларусі ўтворана з б. мястэчак, некаторыя — з вял. сёл і вёсак. На 1.1.1996 на Беларусі 95 гарадскіх пасёлкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБА́ЛЬНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,
раздзел экалогіі, які вывучае агульнабіясферныя заканамернасці прыродных працэсаў і іх змены пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 20 ст., калі пачалі праяўляцца глабальныя экалагічныя праблемы. Разглядае іх на ўзроўні біясферы ў цэлым або дастасавальна да асобных яе падсістэм (гідрабіясферы, аэрабіясферы, глебы і інш.). Практычнае значэнне маюць даследаванні глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, яго рэальных і патэнцыяльна магчымых наступстваў і ўплываў на стан розных экасістэм. На Беларусі асобныя аспекты глабальнай экалогіі рэалізуюцца праз абагульненне інфармацыі для сістэмы глабальнага маніторынгу (станцыі назіранняў у Бярэзінскім біясферным запаведніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі на рэгіёны, якія адрозніваюцца складам глеб і характарам глебавага покрыва. Неабходна для вырашэння пытанняў спецыялізацыі і канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці, распрацоўкі занальных сістэм аховы і рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў, павышэння іх прадукцыйнасці. На Беларусі вылучаны 3 глебавыя правінцыі, якія падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у складзе якіх 20 аграглебавых раёнаў. Назвы правінцый і акруг адпавядаюць іхгеагр. становішчу, назвы раёнаў — назвам раённых цэнтраў краіны і пераважных глеб.
Літ.:
Смеян Н.И., Соловей И.Н. Почвенно-географическое районирование территории Белорусской ССР // Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС, Гольджы апарат, Гольджы зона,
унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.