АДАХО́ЎСКІ (Хрыстафор) (? — 1661),

ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.​Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАВА (Надзея Аляксандраўна) (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),

адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням. акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел. дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.

С.​У.​Жумар.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НВІЦКІ МЕРЫДЫЯ́Н,

нулявы мерыдыян, пачатковы мерыдыян Зямлі з геагр. даўгатой λ = 00°0000. Праходзіць праз адзін з пунктаў Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі. Адлікі (ад 0° да 180°) вядуцца ў напрамку на У (усх. даўгата) і на З (зах. даўгата) або ад 0° да 360° у напрамку на У. Грынвіцкі мерыдыян з’яўляецца таксама сярэднім мерыдыянам нулявога гадзіннага пояса Зямлі пры разліках зямнога часу (зорнага, сонечнага, дэкрэтнага). Сусветны час на Грынвіцкім мерыдыяне прыняты роўным нулю. Час кожнага наступнага гадзіннага пояса (праз 15°0000 усх. даўгаты) узрастае на 1 гадз.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́Й (Віктар Канстанцінавіч) (н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.​Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

В.К.Гардзей.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на в-ве Замак каля сутокаў Дзісны і Зах. Дзвіны ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. У хроніках Лівонскага ордэна згадваецца каля 1374 і 1377. У 14 — пач. 15 ст. выконваў ролю фарпоста Полацка на Зах. Дзвіне. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 страціў стратэг. значэнне. У час Лівонскай вайны 1558—83 прыйшоў у заняпад, 25.7.1654 быў заняты рус. войскам. Замак хутка быў адноўлены, у 1655 меў 14 вежаў, каля 40 гармат. 10.4.1660 заняты войскам ВКЛ. Знішчаны ў час Паўн. вайны 1700—21.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРА́ДЧЫ ПАКО́Й у Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД, ізаляванае памяшканне, у якім адбываецца нарада суда і дзе прымаецца рашэнне ці вызначэнне па разгледжанай справе; адна з гарантый незалежнасці суддзяў і тайны іх нарады перад вынясеннем прысуду. У час нарады ў Д.п. могуць знаходзіцца толькі суддзі, якія ўваходзяць у склад суда па дадзенай справе. Прысутнасць інш. асоб не дапускаецца. Суддзі не маюць права выдаваць меркаванні, якія мелі месца ў час нарады. Парушэнне тайны Д.п. з’яўляецца парушэннем закону і цягне адмену суд. пастановы.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 7.4.1952, г.п. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1976—78). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1982). Працаваў у час. «Нёман» (1979—88). З 1991 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесці «Насенне» (1979), раманаў «Цвіценне каліны» (1987), «На кругі свае» (1990), «Расплата» (1993). Яго проза адметная грамадз. адказнасцю, публіцыстычнасцю, уменнем паказаць жыццё ў самых істотных праявах. Вядомы як публіцыст (кн. «Цёплае лісце таполяў», 1984).

У.С.Глушакоў.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСАН ((Gibson) Эдуард) (н. 8.11.1936, г. Буфала, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Рачэстэрскі ун-т (1959). Вёў даследчую работу ў галіне тэорыі рэактыўнага руху, фізікі плазмы і фізікі Сонца. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973 — 8.2.1974 з Дж.Карам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 17 мін). Правёў у космасе 84,1 сут. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

Тв.:

Рус. пер. — Спокойное Солнце. М., 1977.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЛО́ЦКАЯ (Людміла Васілеўна) (н. 27.12.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). Працавала ў выд-ве «БелСЭ» (1974—84), на Бел. тэлебачанні, нам. гал. рэдактара час. «Пралеска» (1991—95), у выд-ве «Полымя», з 1996 у час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991). Асн. тэма творчасці — жаночая доля, каханне і пошукі жыццёвай гармоніі. Паэтэса чулая да маст. слова, настойлівая ў пошуку сродкаў узбагачэння паэт. тэматыкі. Пераклала на бел. мову раман В.​Скота «Айвенга» (1997).

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА (Мікалай Міхеевіч) (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),

удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіцця». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.​І.​Бычкова (гл. ў арт. Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)