ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),
удзельнік партыз.руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́Ўу геалогіі,
парушанае заляганне горных парод, якое характарызуецца перамяшчэннем па разрыве адных мас пад іншыя. У адрозненне ад насову ўтвараецца пры актыўным руху ляжачага крыла. Адрозніваюць пакатыя П. (падзенне плоскасці разрыву не перавышае 45°), падсоўныя складкі, буйныя П. (паверхні зруху падаюць пад горныя кражы), субкантынентальныя П. (зоны разрываў у астраўных дугах на мяжы акіянаў і кантынентаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.
Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАСЦЬ,
найпрасцейшы від функцыянальнай залежнасці (гл.Функцыя). Адрозніваюць П. прамую (у = k∙x) і адваротную (y = k/x), дзе пастаянны множнік kназ. каэфіцыентам П. Напр., шлях s цела пры раўнамерным руху прапарцыянальны часу t : s = v∙t (каэф. П. — скорасць v); даўжыня асновы прамавугольніка з зададзенай плошчай S адваротна прапарцыянальная вышыні h : y = S/h (каэф. П. — плошча S).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд.Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),
дзеяч бел.нац.-вызв.руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.—снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел.Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ваЧырв. Крыжа БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел.нац.руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр.БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел.прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.Буйніцкага, Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАМАРКСІ́ЗМ,
сукупнасць філас., сацыялаг. і паліт. ідэй, канцэпцый, тэорый, аўтары і прадстаўнікі якіх звярталіся да вучэння К.Маркса з мэтай абнаўлення яго поглядаў ва ўмовах грамадскай і паліт. рэчаіснасці 1930—80-х г. Прадстаўнікі Н. спалучалі асобныя элементы сац.-філас. поглядаў К.Маркса і У.І.Леніна з палажэннямі неагегельянства, ніцшэанства, філасофіі жыцця, экзістэнцыялізму, неафрэйдызму, розных адценняў анархізму і інш.філас. плыняў. У Н. адрозніваюць 2 процілеглыя кірункі: дыялектычна-гуманістычны і сцыентыстычны. Першы з іх грунтуецца на трактоўцы асобы як суб’екта гіст. дзеяння і ўключае шэраг філас., філас.-этычных, філас.-эстэтычных, філас.-псіхал. плыняў: франкфурцкую школу (Т.Адорна, Ю.Габермас, М.Хоркхаймер), фенаменалагічны марксізм (Э.Пачы, П.Піконе), экзістэнцыялістычны марксізм Ж.П.Сартр, М.Мерло-Панці); фрэйдамарксізм (Г.Маркузе, Э.Фром); групу югасл. філосафаў «Праксіс» (С.Маркавіч, Г.Петравіч) і інш. Сцыентыстычны кірунак Н. прадстаўляюць філас. плыні, у межах якіх разглядаецца праблематыка тэорыі пазнання і навукі (Л.Альцюсер, Г. дэла Вольпе). Да Н. далучыліся некат. тэарэтыкі антыкаланіяльнага нац.-вызв.руху (С.Амін), крытычныя сацыёлагі (Ч.Р.Мілс, Н.Бірнбаўм), некат. ідэолагі фемінісцкіх рухаў. У неамарксісцкай інтэрпрэтацыі малады К.Маркс у якасці «філас. антраполага» проціпастаўлены сталаму — аўтару «Капітала», дзе чалавечая асоба ўжо выпадае з яго поля зроку. Марксава бачанне гуманізму ў іх канцэпцыях звузілася да індывіда; марксісцкая дыялектыка распаўсюджвалася толькі на сац. працэсы; катэгорыі прадукцыйных сіл і вытв. адносін саступалі месца паняццям працы і інтэракцыі (узаемадзеяння); вучэнню Маркса пра сусветна-гістарычную місію пралетарыяту проціпастаўлялася канцэпцыя пра інтэграцыю рабочага класа ў капіталіст. сістэму. Радыкальныя ідэі Н. ў 2-й пал. 1960-х г. былі ўспрыняты ўдзельнікамі «руху новых левых» («крытычная інтэлігенцыя», моладзь, студэнцтва, навучэнцы), у канцы 20 ст. водгукі Н. адчуваюцца ў ідэалогіі руху «зялёных» у канцэпцыі экалагічнага сацыялізму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХВА (Мікалай Сямёнавіч) (24.11.1902, в. Баруны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 16.7.1990),
дзеяч рэв.руху ў Зах. Беларусі, гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). З 1923 у апараце ЦКВЛКСМ. У 1924 старшыня Часовага Бел. Бюро ЦК РКСМ, 1-ы сакратар ЦК КСМБ, чл.ЦВКБССР. З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага акр.к-та, чл.ЦККПЗБ. У 1926 арыштаваны і на 5 гадоў зняволены ў турмах Польшчы. У 1934—35 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1935 чл. Бюро, з 1936 прадстаўнік ЦККПЗБ пры арганізац. апараце ЦК КПП у Празе. З 1939 у СССР. У Вял.Айч. вайну ў 1944 у Войску Польскім. З 1945 у апараце Мін-ва грамадскай бяспекі ПНР. У 1956—84 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. Складальнік зборнікаў дакументаў, аўтар успамінаў і даследаванняў па гісторыі рэв.руху ў Зах. Беларусі, у т. л. калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,
сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́ВІЙ, алювіяльныя адклады (ад лац. alluvio нанос, намыў),
адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін. Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5% тэр. Беларусі. Звычайна слаісты. Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі). Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найб. тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арган. рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу. З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор’яў і раўнін — радовішчы буд. пяскоў і жвіру. Алювій — субстрат алювіяльных глебаў (гл.Поймавыя глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,
прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).
Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.І.Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв.руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн.рус. вучоным І.А.Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.