Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас.р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс.км². Нас. 47 440 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр.ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г.Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст.адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.
Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл.Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас.р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн.кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас.р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач.н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас.р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас.р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.
ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас.р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш.еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г.Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.
У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр.
адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.
Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн.га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн.га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн.га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс.т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс.т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс.м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс.т (1994). У прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас.р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс.т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.
Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал.прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс.км, чыгунак 5,1 тыс.км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс.км, з іх 2,4 тыс.км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд.дол., імпарт — 0,87 млрд.дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г.прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал.гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн.навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед.ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.
Літ.:
Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.Да арт.Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. 3,2 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.
Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На З — хр.Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб.р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.
Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км² 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс.чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс.чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш.Тэр. Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст.н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.
У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп.мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.
22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.Шыхабе (1958—64) і Ш.Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г. Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр. Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр.Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн.паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.Лахуд. Л. — чл.ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.
У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст.нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).
Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд.дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд.кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд.кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс.га, арашаецца 86 тыс.га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс.га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш.Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд.ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс.га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс.т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс.км, у т. л. 6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг. т. У краіне 7 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд. дол, імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч.прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал.гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.
Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш.араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н. аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б. аль-Бустані, пісьменніка А.Ф. аш-Шыдзіяка, драматурга М.Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.Зейдан, Антун Фарах, Я.Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.Дж.Джубран, А. ар-Рэйхані, М.Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б. аль-Хуры, С.Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.Фахуры, Т.Ю.Авада (зб.апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.К.Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.Абуда, М.І.Дакруба, аповесці Ж.Ханы, паэзія Р. аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.Айтані, Э.Бустані). У творчасці Э.Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.Г.Нафах, Ш.Горм) і празаікаў (Ф.Хаік, Ж.Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.Муруве, Х.Садэк, А.Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н. аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.Срур і Х.Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.Табет, Ж.Абушар, Ф.Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.Фарух, А.Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.Бальтаксе, П.Кіракасян, І.Шамут, А.Раес, Ж.Халіфе, Р.Шараф, скульптар Ю.Хааек, графікі Р.Шахаль, А.Марыні і інш.Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.
Літ.:
Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ.М., 1969;
Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2;
Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Лівана.Да арт.Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.Да арт.Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».Да арт.Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯ (Македонија),
Рэспубліка Македонія (Република Македонија), дзяржава ва ўнутр.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б.аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс.км². Нас. 2009 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г.Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.
Прырода. Большую ч.тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш.Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.
Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар.паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс.ж. (1994). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл.Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс.чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл.ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.
У М. дзейнічаюць Унутр.макед.рэв.арг-цыя — Дэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-r. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім.прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс.гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч.прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал.гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн.дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.
Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед.літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт.зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-вамакед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ.перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.
Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп.арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед.нар.т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш.Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р.Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г.рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).
Сцяг Македоніі.Да арт.Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.Да арт.Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.Да арт.Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.Да арт.Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ЙЗІЯ (Malaysia),
Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на З — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс.км², у т. л. на п-ве Малака 131,6 тыс.км², на Калімантане 198,2 тыс.км². Нас. 20,9 млн.чал. (1998), у т. л. каля 17 млн.чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).
Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б.ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш.Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.
Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км², на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб.г. Куала-Лумпур — 1236 тыс.ж. (1997); больш за 200 тыс.ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т. л. ў кіраванні 11%.
Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс.н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 ў Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.
У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч.нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.Оне (1976—81) і М.Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл.ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.
Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.
Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс.дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб.прам-сць (1997) уключае здабычу і вытв-сць: нафты — каля 30 млн.т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн.т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс.т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс.т, баксітаў — каля 70 тыс.т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс.т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата і інш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах.ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд.кВтгадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн.шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс.шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты і інш.Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт. і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары і інш. Штогод выпускаецца каля 10 млн.т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн.т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі (каля 11 млн.шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн.га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал.харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс.т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн.т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т. л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс.км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс.км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд.дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч.прадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн.чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).
Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай і англ. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст.л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс. і араб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.Нававі, А.Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез. і англ. л-р: раманы А.Самада Ахмада, Ш.Салеха. Патрыят. і антыкалан. матывы ў прозе А.Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.Н.Масуры, Крыс Мас, У.Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт. і гіст. тэмы (Х.Амінуррашыд, А.Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.Самада Саіда, А.Ваці, А.Алі. Этн. і сац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.Самада Ісмаіла, А.Хусейна, Ш.Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.Ахмед, Р.Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.Сетхураман), англ. (Т.Вігнесан) мовах. У 1958 засн.Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.Палупанаў.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі і мясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) і інд.выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху і інш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт. і інд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) і грамадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц.кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц.інд. тыпу. Пашырана станковая і манум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБІЯ (Colombia),
Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім.прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўднёвая,
Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук), дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд.ч.Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л.Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл.Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс.км². Нас. 45 948 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.
Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На УУсх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗПаўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.—вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн.ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.
Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген.Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген.Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, які выступае з антыаўтарытарных пазіцый.
У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл.ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр. краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд.дол. (каля 13 тыс.дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн.т, у 1994—7,4 млн.т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн.т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд.кВт∙гадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн.т, сталі 36,6 млн.т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс.т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн.т, пластмас 6,6 млн.т, сінт. каўчуку 340 тыс.т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн.т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн.м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч.прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн.га. Арашаецца 1353 тыс.га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс.га, збор 6519 тыс.т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн.т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб.транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс.км, аўтадарог 61,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс.км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн.т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд.дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш.Гал.гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс.чал., рэзерву 4,5 млн.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс.чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс.артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс.чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс.чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац.дзярж.ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац.ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац.цэнтр.б-ка, б-каНац.дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац.АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац.АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн.экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер.узбр. сіл.
Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш). З канца 1940-х г.л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв.л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац.ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац.АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар.нац.муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз.т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.
Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац.т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г.тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым.т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц.тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.
Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш.Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал.нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.
Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).Да арт.Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.Да арт.Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.Да арт.Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.Да арт.Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.Да арт.Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».Да арт.Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ (Perú),
Рэспубліка Перу (República del Perú), дзяржава ў зах. частцы Паўд. Амерыкі. На Пн мяжуе з Эквадорам і Калумбіяй, на У — з Бразіліяй, на ПдУ — з Балівіяй, на Пд — з Чылі. На З абмываецца Ціхім ак.Пл. 1284 тыс.км². Нас. 27 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы кечуа і іспанская. Сталіца — г.Ліма. Краіна падзяляецца на 24 дэпартаменты і правінцыю Кальяо. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліп.).
Дзяржаўны лад. П. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які выбіраецца прамым тайным галасаваннем на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Кангрэсу Рэспублікі, які выбіраецца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад на чале са старшынёй Савета міністраў.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. П. падзяляецца на 3 часткі (Коста, Сьера, Сельва): пустынная паласа берагавых раўнін на З (шыр. да 180 км); у цэнтры магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор’яў, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), патухлымі і дзеючымі вулканамі; на ПнУ і Узах. ч.
Амазонскай нізіны. Бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Змена халоднага Перуанскага (або Гумбальта) цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7—10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканам. катастрофы. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, серабра, кадмію, ртуці, малібдэну, вісмуту, селену, германію, жалеза і інш. На прыбярэжных астравах паклады гуана. Клімат берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя т-ры 17—25 °C на Пн і 15—24 °C на Пд. Клімат горнай ч. краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на Пн (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на Пд (ападкаў 700—800 мм за год). Сярэднія т-ры паветра ў міжгорных далінах у ліп. 5—12 °C, у студз. 9—16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор’і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй за 4—5 тыс.м) — вечныя снягі. На ўсх. схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя т-ры 24—27 °C. Большая ч. рэк належыць бас. Амазонкі (Амазонка, Мараньён, Укаялі і інш.). У Ціхі ак. упадаюць кароткія малаводныя рэкі. На ПдУч. высакагорнага воз. Тытыкака. Расліннасць берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутр. пласкагор’ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усх. схілы Андаў і раўніны на У укрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва, кока і інш.). Пад лесам і хмызнякамі 66% тэрыторыі. Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсх. раўнінах — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары, птушкі, паўзуны. Ціхі ак. каля берагоў П. вельмі багаты біял. рэсурсамі. У краіне 2 нац. паркі — Уаскаран (3,4 тыс.км²) і Ману (15,1 тыс.км²), уключаныя ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, 16 рэзерватаў.
Насельніцтва. Каля 60% перуанцы, народ мяшанага іспана-індзейскага паходжання, складаюць большасць у прыбярэжных раёнах. У горных раёнах жывуць індзейцы (каля 35% нас.), на Пн і ў цэнтры — кечуа, на Пд каля воз. Тытыкака — аймара. Ёсць групы імігрантаў (японцы, кітайцы, іспанцы і інш.). У антрапалагічных адносінах мангалоідаў (індзейцы, асобныя групы перуанцаў і інш.) 45%, метысаў 37%, еўрапеоідаў 15%. Сярод вернікаў католікі (93%) і пратэстанты (5%). Натуральны прырост каля 2% за год. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км², у арашальных раёнах на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах перавышае 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах памяншаецца да 1—5 чал. на 1 км². У горных раёнах жыве 52% нас., на ўзбярэжжы — 39%, на ўсх. раўнінах — 9%. У гарадах пражывае 71% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Ліма (з прыгарадамі) — 6742,6, Арэкіпа —981,3, Кальяо — 648,2, Трухільё — 532, Чыклаё — 420, П’юра — 315. У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 36% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 18%, у сферы паслуг — 46%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена індзейцамі каля 20 тыс.г. назад. У 5-м тыс. да н.э. на ўзбярэжжы П. з’явіліся ачагі земляробства, пачалося прыручэнне ламы. У 2-м тыс. да н.э. ў паўн. П. ўзнікла першая вядомая мясц. цывілізацыя — чавін, якая дасягнула росквіту каля 900 да н.э. У 1-м тыс.н.э. развітыя культуры стварылі індзейцы мачыка, тыаўанака і інш. Да 13—15 ст. адносіцца росквіт дзяржавы Чыму на Пн П. з цэнтрам у г. Чан-Чан. Каля 1200 інкі на Пд П. стварылі дзяржаву Таўантынсую. У момант свайго росквіту (16 ст.) яна ўключала разам з тэр. П. сучасныя тэр. Эквадора, Балівіі, Аргенціны, Чылі з насельніцтвам ад 8 да 15 млн.чал. У 1532—36 П. заваявалі ісп. канкістадоры на чале з Ф.Пісара. У час ісп. панавання тэр. П. ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства П. Найб. антыісп. паўстанне індзейцаў на чале з Тупакам Амару адбылося ў 1780—81. У 1809 пачалася вайна за незалежнасць П. 28.7.1821 абвешчана незалежнасць П. у 1827 прынята першая канстытуцыя, якая абвясціла краіну рэспублікай. У выніку вайны з Чылі ў 1879—84 П. страціла багатую салетрай прав. Тарапака. Знясіленае вайной П. трапіла ў фін. залежнасць ад замежных дзяржаў, найперш ад ЗША. Становішча ў краіне значна пагоршылася ў час прэзідэнцтва А.Б.Легія-і-Сальседа (1919—30), які ўсталяваў сваю дыктатуру. У 1924 В.Р.Ая дэ ла Торэ заснаваў у выгнанні Амер. нар.-рэв. альянс (АПРА), на базе якога ўзнік папулісцкі нацыяналіст. рух — апрызм, што адлюстроўваў інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва. У вер. 1930 створана Перуанская апрысцкая партыя (ПАП), якая выступала за нацыяналізацыю буйной прам-сці і роўныя правы для ўсіх грамадзян, у т. л. для індзейцаў. Пасля таго, як ПАП стала на шлях паліт. тэрору, яна была забаронена, але і ў падполлі захавала значны ўплыў у грамадстве ў 1930—40-я г. Урад Ф.Белаундэ Тэры, які прыйшоў да ўлады ў 1963, спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы, але вымушаны быў капітуляваць перад замежнымі манаполіямі і мясц. алігархіяй. Гэта выклікала патрыят. ўздым у грамадстве, у т. л. ў арміі. У кастр. 1969 армія скінула Белаундэ Тэры, новы рэв. ўрад узначаліў ген. Х.Веласка Альварада. Былі нацыяналізаваны некат. прадпрыемствы, якія належалі манаполіям ЗША, прыняты закон пра аграрную рэформу. Але наступны ўрад ген. Ф.Маралеса Бермудэса (з 1975) зрабіў шэраг уступак замежнаму і мясц. капіталу і пачаў дэнацыяналізацыю.
У 1979 ваенныя перадалі ўладу цывільным дзеячам. Пры прэзідэнце Белаундэ Тэры (1980—85) працягваўся адыход ад рэформ. На прэзідэнцкіх выбарах 1985 перамог кандыдат ПАП А.Гарсія Перэс, які намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. пераўтварэнняў, але не здолеў спыніць крызісныя з’явы — інфляцыю, беспрацоўе. Вял. праблемай стаў масавы тэрор левых экстрэмісцкіх арг-цый. У 1990 прэзідэнтам абраны незалежны кандыдат А.Фухіморы, зноў перавыбраны ў 1995 і, у парушэнне канстытуцыі, у маі 2000. Пры ім была ажыццёўлена праграма стабілізацыі эканомікі П., значна зменшана інфляцыя, дасягнуты вял. поспехі ў барацьбе з левым экстрэмізмам. У ліст. 2000 Фухіморы, з-за абвінавачванняў яго акружэння ў сувязях з наркамафіяй, быў вымушаны адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1997.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. Сярэднеразвітая краіна Лацінскай Амерыкі. У 1990-я г. праводзіліся рэформы, у т. л. аграрныя, што садзейнічала павелічэнню замежных інвестыцый і зніжэнню інфляцыі. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 111,8 млрд.дол., каля 4300 дол. на чалавека. 7% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы. 37% — у прам-сці, 56% — у сферы паслуг. З галін прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная (дае каля 45% кошту экспарту). Асн. раёны здабычы — цэнтр. і паўд.-зах.ч. Андаў, буйн. радовішчы каляровых металаў Сера-дэ-Паска і Ароя. Здабыча (тыс.т, 1997): серабра 2,1, свінцу 257, цынку 865, медзі 503, волава 28, малібдэну 5, вальфраму 1,4, вісмуту 0,7, жал. руды 5000, нафты 9500; золата здабыта 65 т. Для сельскай гаспадаркі распрацоўваюцца паклады гуана. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (цукр., мукамольная, рыбная, тытунёвая), тэкст., швейная, рыбаперапрацоўчая, металургічная, хім., цэментная, электратэхн., аўтазборачная, суднабудаўнічая. Гал. цэнтр машынабудавання і чорнай металургіі — Арэкіпа, каляровай металургіі — Іла і Ароя, нафтаперапрацоўкі — Талара. Каля пал. прадукцыі апрацоўчай прам-сці даюць Ліма, Арэкіпа і Трухільё. Рыбаперапрацоўчая галіна (штогадовы ўлоў 10—11 млн.т, каля 90% анчоўсы) займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці рыбнай мукі і рыбнага тлушчу (каля 130 заводаў, асн. цэнтр Чымботэ). Вытв-сць электраэнергіі 16,2 млрд.кВт∙гадз (1996), 81% даюць ГЭС. У лясах на У нарыхтоўка каштоўнай драўніны і каўчуку. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (асабліва ў індзейцаў). У сельскай гаспадарцы апрацоўваецца каля 4 млн.гатэр., у т. л. арашаецца 1,3 млн.га; пад пашай і лугамі каля 27 млн.га. Захоўваецца значная агр. перанаселенасць. Каля 60% аб’ёму с.-г. вытв-сці прыпадае на дробных і сярэдніх вытворцаў, каля 40% — на латыфундыі і буйныя агр. комплексы. Раслінаводства дае 70% валавой прадукцыі галіны. Гал. экспартныя культуры (тыс.т, 1997): кава — 103, цукр. трыснёг — 6099, бавоўна (пераважна доўгавалакністая) — 202, какава, чай. Важнейшыя харч. культуры (тыс. τ): пшаніца — 121, кукуруза — 704, рыс — 1080, бульба — 1960, батат, маніёк, ячмень. Вырошчваюць арахіс і тытунь, развіты агародніцтва, бахчаводства, вінаградарства, садоўніцтва. П. — адзін з гал. незаконных вытворцаў какаіну. Жывёлагадоўля мяса-воўнавага кірунку, спецыялізуецца на развядзенні (млн. галоў, 1997): авечак — 13,1, буйн. раг. жывёлы — 4,6, свіней — 2,5, коз — 21. Гадуюць таксама лам і альпак, коней, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—80,1 млн. курэй). Земляробства развіта на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах, жывёлагадоўля — у гарах і на ўчастках высакагорных плато. Транспарт аўтамаб. (60% перавозкі грузаў і 90% пасажыраў унутры краіны), чыг., марскі, унутр. водны. Даўж. аўтадарог 72,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,4 тыс.км; чыгунак 2 тыс.км, унутр. водных шляхоў (бас. Амазонкі і воз. Тытыкака) — 8,6 тыс.км; нафтаправодаў — 0,8 тыс.км. У краіне 500 тыс. легкавых і 275 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1998). Асн. аўтамагістралі — Панамерыканская шаша на ўзбярэжжы ад граніцы з Эквадорам да граніцы з Чылі, Трансандыйская шаша Ліма — Пукальпа. Адзіная чыг. сетка адсутнічае. Знешнія сувязі пераважна марскім флотам. Гал. марскія парты: Кальяо, Чымботэ, Іла, Пайта, Мальенда; рачны порт Ікітас. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 244 аэрапорты. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд.дол., імпарт — 10,3 млрд.дол. П. экспартуе медзь, цынк, рыбную муку і інш. рыбапрадукты, нафту і нафтапрадукты, свінец, каву, бавоўну, цукар; імпартуе машыны, трансп. сродкі, харч.прадукты, спажывецкія тавары, чыгун і сталь, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (20% экспарту, 31% імпарту), Вялікабрытанія, Японія, Кітай, Германія, Калумбія, Чылі, Венесуэла. Знешні доўг 25,7 млрд.дол. (1996). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Дадатковая крыніца даходаў — міжнар. турызм (у 1998 прынёс 878 млн.дол., наведала 0,9 млн. замежных турыстаў). Грашовая адзінка — соль (новы соль з 1991).
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (125 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (78 тыс.чал.), у т. л. 77 тыс. у нац. паліцыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 85 тыс.чал., больш за 400 танкаў, каля 300 бронетранспарцёраў і інш. У ВПС 15 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, 23 баявыя верталёты. У ВМС 25 тыс.чал., у т. л. 3 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 10 баявых караблёў, у т. л. 2 крэйсеры, 4 фрэгаты; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў і 13 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Медыцынская дапамога пераважна платная (установы сац. страхавання, прыватная ўрачэбная практыка). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын 72 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 5,7 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 509 чал., урачамі — 1 на 1116 чал. Дзіцячая смяротнасць — 39 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 600 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Peniano» («Перуанец», з 1825), «El Comercio» («Гандаль», з 1839), «Expreso» («Экспрэс», з 1961), «Ojo» («Оха», з 1968), «República» («Рэспубліка», з 1982). Нац.інфарм. агенцтва — Ахенсія дэ Натысіяс Андына (з 1981). Працуюць Дзярж. служба радыёвяшчання і тэлебачання П. (з 1974), урадавая служба «Радыё насьёналь дэль Перу» (з 1937). Дзейнічаюць 293 радыёстанцыі. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 6 каналаў (2 урадавыя, вядуць перадачы па пытаннях культуры і асветы).
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове, а таксама на мовах кечуа і аймара. Помнікі дакалан. перыяду — лірычныя песні, рэліг. гімны, міфалагічныя паданні, нар. драма «Апу-Альянтай» (на кечуа, апубл. 1853). Калан. перыяд (16 — пач. 19 ст.) адзначаны гіст. хронікамі Ф.Г.Помы дэ Аялы, Інка Гарсіласа дэ ла Вегі, геагр. і этнагр. апісаннямі. Пад уплывам ісп. л-ры, стыляў барока і класіцызму ствараліся рэліг,філас. лірыка Д. дэ Ахеды, асветніцкая і сатыр. паэзія і проза П. дэ Перальты Барнуэва, Х. дэль Валье Каўедэса. Нац.-вызв. барацьба і атрыманне незалежнасці (1821) спрыялі ўсталяванню ў л-ры рамантызму: паэзія М.Мельгара, К.А.Салаверы, паліт. проза Ф.Касаса Флорэса, гіст. раманы Х.А.Лавалье. На мяжы 19—20 ст. вызначальнымі сталі «Перуанскія паданні» Р.Пальмы (т. 1—12, 1872—1915), індыхенісцкі раман «Птушкі без гнязда» К.Мата дэ Турнер (1889), рэаліст. паэзія і публіцыстыка М.Гансалеса Прады. У пач. 20 ст. моўнае і канцэптуальнае абнаўленне паэзіі звязана з узнікненнем мадэрнісцкіх (Х.С.Чакана), постмадэрнісцкіх (А.Вальдэламар), сімвалісцкіх (Х.М.Эгурэн), авангардысцкіх (Х.Пара дэль Рыега, А.Ідальга) плыней. Асобнае месца ў развіцці грамадскай і літ. думкі П. займае творчасць Х.К.Марыятэгі, паэта і празаіка С.Вальеха, стваральніка рамана пра індзейцаў-шахцёраў «Валіфрам» (1931). У 2-й пал. 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да пераемнасці і абнаўлення ў эксперыментальнай (Х.Абрыль, Э.А.Вестфален) і грамадзянскай (А.Рамуальда, Х.Г.Росе) паэзіі. З сац.-крытычнымі раманамі выступілі пісьменнікі-індыхеністы С.Алегрыя, Х.М.Аргедас, М.Скорса, крытычны пачатак пераважае ў прозе Х.Р.Рыбейра, паэзіі С.Саласара Бондзі.
Наватарствам вызначаюцца паэзія М.Адана, проза Э.Конграйнса Марціна, М.Варгаса Льёсы, для якіх характэрны сац. крытыцызм і псіхал. глыбіня.
Архітэктура. З пач.н.э. на ўзбярэжжы Ціхага акіяна складаліся культуры раннекласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), з сярэдзіны 15 ст. — культура інкаў. З 1530-х г. развівалася культура ісп. каланізатараў. Стараж. гарады П. мелі прамавугольныя кварталы, вузкія вуліцы, крэпасці, некропалі, храмы, амфітэатры, «абсерваторыі», пахавальныя вежы, ступеньчатыя піраміды, штучныя пячоры і інш. На ўзбярэжжы пераважалі пабудовы з сырцовай цэглы з рэльефным аздабленнем звонку і размалёўкамі ўнутры, у гарах — з масіўных каменных блокаў (Мачу-Пікчу, Саксаўаман). Гарады 16 ст. з прамавугольнай сеткай вуліц, дамы мелі дворыкі-патыо, касцёлы — цагляныя гатычныя скляпенні, саборы ў стылі позняй ісп. готыкі (Куска, Ліма). У 17—18 ст. ў росквіце перуанскі варыянт барока — пабудовы простыя ў плане, з развітым арх. дэкорам (кляштар Сан-Франсіска ў Ліме). На ўзбярэжжы (Ліма, Трухільё) будынкі атынкоўвалі, пакрывалі разным арнаментам, страката расфарбоўвалі, у інтэр’ерах і дварах аздаблялі кафляй. У горных раёнах (Куска, Арэкіпа, Кахамарка) каменная архітэктура магутная, статычная, яе багаты разны дэкор спалучае матывы еўрап. мастацтва з выявамі на тэмы індзейскай міфалогіі («метыскі стыль»), У 19 ст. панавала перайманне франц. класіцызму, з 1870-х г. — еўрап. неакласіцызму і эклектызму. У пач. 20 ст. спробай адраджэння нац. традыцый стаў неакалан. стыль з дэкорам у духу перуанскага барока (арх. Р.Маркіна, К.Саўт), у 1920-я г. — неаперуанскі стыль (арх. М.Пікерас Католі, Э.Арт-Тэрэ), якія спалучалі стараж. пластыку і лаканізм з функцыян. мэтазгоднасцю. З сярэдзіны 20 ст. ўзводзяць вышынныя адм. і дзелавыя будынкі, навуч. комплексы, мікрараёны ў сучасных стылях (арх. М.Б’янка, Э.Сеаане Рос і інш.), рэканструююцца старыя гарады. Захоўваецца і традыц.буд-ва з адобы, каменю, трыснягу і інш.Арх. помнікі 16—18 ст.г. Куска, крэпасць і свяцілішча інкаў Мачу-Пікчу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 1-м тыс. да н.э. развіваліся культуры на ўзбярэжжы Ціхага ак. (Паракас, Салінар і інш.) і ў горных раёнах. З пач.н.э. на ўзбярэжжы склаліся культуры раннякласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), якія з сярэдзіны 15 ст. змяніліся культурай інкаў. З 12 ст. да н.э. вядома кераміка з манахромным, рэльефным або гравіраваным дэкорам, размалёўка фігурных ваз, шматколерная размалёўка з тонкім лінейным малюнкам, пасудзіны ў выглядзе жывёл або з партрэтнымі тварамі. Колерам, арнаментыкай вызначаліся ваўняныя і баваўняныя тканіны, дываны, плеценыя з пер’я; з золата і серабра выраблялі фігуркі, маскі, вазы, упрыгожанні. З 16 ст. існавалі маст. школы, якія зазналі ўплыў стараж. мастацтва. Побач з перайманнем еўрап. маньерызму (скульпт. і жывапісец Б.Біты, канец 16 ст.) і барока (жывапісец А. дэ Медора, скульпт. П. дэ Нагера, 1-я пал. 17 ст.) развіваўся самабытны «метыскі стыль» (школа Куску). У рэчышчы рэалізму працаваў скульптар-індзеец Х.Т.Туйру Тупак. У пач. 19 ст. развіваліся жывапісны партрэт (Х.Хіль дэ Кастра), бытавы жанр (Ф.Ласа), кастумбрызм (Панча Ф’ера). У 20 ст. ў мастацтве П. пашырыліся тэмы нар. жыцця, адраджаліся нац. традыцыі (К.Блас, Х.Кадэсіда, Х.Сабагаль і інш.). Развіваліся кубізм, экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва. У манумент.-дэкар. жывапісе пераважала нац.-патрыят. тэматыка (Т.Нуньес Урэта). У нар. мастацтве спалучаюцца індзейскія і ісп. традыцыі. Вырабляюць плашчы «понча» з геам. узорам, пасудзіны «матэ» з гарбузоў з выпаленымі малюнкамі, драўляныя пасудзіны «кера» з яркай інкрустацыяй, кераміку і інш.
Літ.:
Гавриков Ю.П. Перу: от инков до наших дней. М., 1977;
История Перу с древнейших времен до конца XX в. М., 2000;
Мариатеги Х.К. Семь очерков истолкования перуанской действительности: Пер. с исп. М., 1963;
Перу: социал.-экон. и полит. развитие (1968—1980). М., 1982;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки в XX в. М., 1972;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Герб і сцяг Перу.Да арт.Перу. Прыбярэжная пустыня каля г. Трухільё.Да арт.Перу. Горад Куска.Да арт.Перу. На пласкагор’і Перуанскіх Андаў.Да арт.Перу. Крэпасць і свяцілішча Мачу-Пікчу.Да арт.Перу. Кляштар Сан-Франсіска ў Ліме. Сярэдзіна 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч.прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г.прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац.т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;
Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.
М.С.Вайтовіч (гаспадарка), В.В.Халіпаў (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).
Герб і сцяг Аўстраліі.Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.Да арт.Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.Аўстралія. Даліна Бараса.Да арт.Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.Да арт.Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.Да арт.Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.Да арт.Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт.Аўстралія. Горад Брысбен.Да арт.Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.Да арт.Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.Да арт.Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́КА, Каралеўства Марока (араб. Аль-Мамляка аль-Магрыбія або Магрыб аль-Акса, літар. далёкі захад) дзяржава ў Паўн.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на У і ПдУ з Алжырам, на Пд — з Заходняй Сахарай. На Пн абмываецца Міжземным м. (на ўзбярэжжы гарады Сеута і Мелілья належаць Іспаніі), на З — Атлантычным ак.Пл. 446,6 тыс.км². Нас. 29,3 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Рабат. Падзяляецца на 31 правінцыю і 2 прэфектуры. Нац. свята — Дзень трона (3 сак. — дата ўступлення на прастол караля Хасана II у 1961).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная спадчынная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны парламент — Палата прадстаўнікоў, 306 членаў якога выбіраюцца на 6 гадоў (2/3 з іх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах, 1/3 — калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з дэпутатаў камунальных, правінцыяльных і прэфектурных саветаў і інш. арг-цый). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары, у прэфектурах — мэры, у абшчынах — каіды (усіх гэтых асоб назначае кароль). У абшчынах ёсць выбарныя органы мясц. самакіравання (камунальныя і муніцыпальныя саветы). Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, апеляцыйныя суды і т.зв. суды садада, або міравыя трыбуналы.
Прырода. У рэльефе пераважаюць горы (больш за 1/3 тэрыторыі) і высокія раўніны (месеты). На Пн горы Эр-Рыф. Праз цэнтр.ч. з ПдЗ на ПнУ цягнуцца хрыбты Атласа — Сярэдні Атлас, Высокі Атлас (г. Тубкаль, 4165 м), Антыатлас. Горы акаймоўваюцца высокімі раўнінамі, на ПнЗ — Мараканскай Месетай, на ПдУ — Перадсахарскай Месетай. Раўніны на марскіх узбярэжжах. Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: фасфарыты (адно з першых месцаў у свеце, разведаныя запасы 10,6 млрд.т), руды кобальту, вальфраму, ванадыю, хрому, тытану, жалеза, медзі, поліметалаў, невял. запасы вугалю і нафты. Клімат пераважна субтрапічны міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэднія т-ры студз. 10—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў ад 1700—1000 мм на зах. схілах гор да 200—100 мм на Пд і ПдУ. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Рэк з пастаянным цячэннем мала; галоўныя — Ум-эр-Рбія, Мулуя, Себу. На Пд і У шмат вадзі. У гарах на ПнЗ субтрапічныя лясы (12 % тэр.), гаі коркавага дуба і атласкага кедра. У паўпустынях — разрэджаная расліннасць (трава альфа, палыны і інш.). Аазісы з фінікавымі пальмамі. Для жывёльнага свету характэрны драпежнікі (шакал, гіена, рысь, пантэра), шмат грызуноў (зайцы, тушканчыкі, мышы), паўзуноў і птушак. З насякомых найб. небяспечная саранча. У краіне 2 нац. паркі (Тубкаль, Тазека) і каля 100 запаведнікаў.
Насельніцтва. 99,1% складаюць мараканцы, у т. л. арабы — 74,1%, берберы — 25%; еўрапейцаў 0,7% (французы, іспанцы і інш.), яўрэяў 0,2%. 98,7% насельніцтва — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 1,9%. Сярэдняя шчыльн. 65,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200—300 чал. на 1 км²) заселены раўнінныя ўчасткі на ПнЗ. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1998): Касабланка — 3,4, Рабат — 1,6, Маракеш — 1,6, Фес — 1,2, Танжэр —0,65, Кенітра — 0,43. Каля 1,5 млн.чал. — качэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 26%, у інш. галінах — 9%. У сувязі з няпоўнай занятасцю многія жыхары М. выязджаюць за мяжу, дзе пражывае каля 0,5 млн. мараканцаў (пераважна ў Францыі).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — плямёны бербераў. У 12 ст. да н.э. міжземнаморскае ўзбярэжжа М. каланізавана фінікійцамі, з 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагену. Пасля яго разбурэння рымлянамі (146 да н.э.) М. знаходзілася пад іх уплывам, каля 42 н.э.паўн.ч. краіны ўвайшла ў склад Рым. імперыі як прав. Маўрэтанія Тынгітана. У 429 узбярэжжа М. заваявалі вандалы, у 533 — Візантыя. У 682 М. заваявалі арабы, якія зрабілі вял. ўплыў на жыццё насельніцтва краіны: усё яно, за выключэннем яўрэяў, перайшло ў іслам, араб. мова стала дзяржаўнай. У канцы 8 ст. М. аддзялілася ад Арабскага халіфата, тут замацавалася араб. дынастыя Ідрысідаў (789—926). Пазней правілі розныя дынастыі араб. і берберскага паходжання, з якіх найб. магутныя Альмаравіды (1050—1147) і Альмахады (1147—1269). Пры Альмахадах М. было цэнтрам вял. дзяржавы, якая ўключала тэр. сучасных Алжыра, Туніса, Лівіі, значныя ч. Іспаніі і Партугаліі. Пасля яе распаду пачаўся доўгі перыяд міжусобіц і войнаў паміж берберамі і арабамі. Адначасова разгарнулася еўрап. экспансія. У 1415 Партугалія захапіла г. Сеута. Паступова Партугалія і Іспанія ўстанавілі кантроль над узбярэжжам М. Адраджэнне М. пачалося пры 1-й дынастыі Саадзідаў (1554—1660). У 1578 мараканцы нанеслі паражэнне партугальцам і да канца 17 ст. аднавілі сваю ўладу над б.ч. прыбярэжных гарадоў. Кіраванне Ахмеда аль-Мансура [1579—1603] лічыцца «залатым векам» у гісторыі М. У 1660 да ўлады прыйшла 2-я дынастыя Саадзідаў, якая дасягнула найб. магутнасці пры Ісмаіле [1672—1727]. Пасля яго смерці М. перажыло працяглыя міжусобіцы і грамадз. войны. У 18 — пач. 19 ст. піраты М. і інш. «варварскіх дзяржаў» Паўн. Афрыкі стваралі вял. небяспеку марскому гандлю ў Міжземнамор’і. Гэта прыцягнула да М. ўвагу вял.еўрап. дзяржаў (Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі). У 1859—60 Іспанія захапіла г. Тэтуан. У 1904 Вялікабрытанія прызнала М. сферай франц. інтарэсаў, а Францыя і Іспанія дамовіліся пра падзел М. на сферы ўплыву, што выклікала процідзеянне Германіі і прывяло да Мараканскіх крызісаў 1906—11. У сак. 1912 Францыя ўстанавіла пратэктарат над М., невял. тэр. на Пн краіны паводле франка-ісп. пагаднення (ліст. 1912) адышла пад ісп. кантроль. У 1920 правадыр рыфскіх плямён Абд аль-Керым узняў паўстанне супраць іспанцаў і да 1924 вызваліў б. частку ісп. М. Паўстанне задушана ў 1926 франц. арміяй (200 тыс.чал.) на чале з маршалам А.Ф.Петэнам. Пасля паражэння Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) Франц. М. перайшло пад уладу калабарацыянісцкага ўрада «Вішы» і фактычна ператварылася ў сыравінную базу і стратэг. плацдарм Германіі і яе саюзнікаў па «восі». У ліст. 1942 у Паўн. Афрыцы высадзіліся англа-амер. войскі, якія выгналі з М. ням. і італьян. акупантаў. Адначасова ў краіне ўзмацніўся нац.-вызв. рух, у 1943 узніклі партыя «Ісцікляль» («Незалежнасць») і камуніст. партыя М., якія адыгрывалі важную ролю ў барацьбе за незалежнасць. У канцы 1950 султан М. Сідзі Мухамед бен Юсуф запатрабаваў ад Францыі даць яго краіне поўны суверэнітэт, але атрымаў адмову і ў жн. 1953 быў пазбаўлены прастола (зноў атрымаў яго ад франц. улад у кастр. 1955 пад уплывам шырокага паўстанцкага руху).
2.3.1956 Францыя прызнала незалежнасць Франц. М. У крас. 1956 Іспанія перадала М. сваю ч. краіны, але захавала за сабой гарады Мелілья і Сеута. У 1957 у склад М. вернуты г. Танжэр (дагэтуль міжнар. зона), у 1958 — тэр. Тарфая. У жн. 1957 Сідзі Мухамед бен Юсуф абвясціў сябе каралём М. пад імем Мухамеда V. Пасля яго смерці (лют. 1961) каралеўскі прастол заняў яго сын Хасан II [1961—99], які ў снеж. 1962 выдаў першую канстытуцыю М. і абвясціў краіну канстытуцыйнай манархіяй. Тады ж адбыліся першыя ўсеагульныя выбары. У 1972 прынята новая канстытуцыя. На эканам. становішча М. негатыўна паўплываў ваен. канфлікт з фронтам ПОЛІСАРЫО у Зах. Сахары ў 1976—89. На ўсеагульным рэферэндуме ў вер. 1997 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх створаны 2-палатны парламент, вызначаны функцыі губернатараў, замацаваны палажэнні аб прыхільнасці М. да дэмакр. каштоўнасцей. На выбарах у канцы 1997 дасягнула поспеху дэмакр. апазіцыя на чале з Сацыяліст. саюзам нар. сіл, лідэр якога А.Юсуфі стаў у лют. 1998 прэм’ер-міністрам. Пасля смерці ў жн. 1999 Хасана II каралём М. стаў Мухамед VI. М. — чл.ААН (з 1956), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. краін (з 1956). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. саюз нар. сіл, Канстытуцыйны саюз, Нац. аб’яднанне незалежных, Народны рух, Ісцікляль і інш.Найб.прафс. аб’яднанні — Мараканскі саюз працы, Усеагульны прафсаюз працоўных М., Дэмакр. канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. М. — індустр.-аграрная краіна, належыць да найб. развітых краін Афрыкі. Прам-сць дае 32,2% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14,3%, абслуговыя галіны — 53,5%. Штогадовы даход на 1 чал. — 1140 дол. (1996). Найб. развіта горназдабыўная прам-сць. Яе аснова — здабыча фасфарытаў (18,3 млн.т, 1995); гал. радовішчы — Хурыбга, Юсуфія, Бен-Герыр. Здабываюць таксама жал., свінцова-цынкавую, марганцавую, кобальтавую. медную руды, плавікавы шпат і інш. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Надоры (арматурная сталь, катанка), невял. з-дамі па вытв-сці акатышаў, стальных і чыгунных труб. Ёсць прадпрыемствы каляровай металургіі. Машынабудаванне развіта пераважна на імпартаваных вузлах і дэталях. Працуе 6 аўтазборачных (легкавыя і грузавыя аўтамабілі) і трактаразборачны з-ды. Вытв-сцьчыг. вагонаў, горнашахтавага абсталявання. Электратэхн. прам-сць (больш за 60 прадпрыемстваў) вырабляе халадзільнікі, швейныя і пральныя машыны, газавыя і эл. пліты. Наладжаны выпуск электронных кампанентаў і камп’ютэраў. Хім.прам-сць выпускае фосфарныя (926 тыс.т, 1997) і азотныя (280 тыс.т) угнаенні, саляную і фосфарную кіслоты і інш. Фармацэўтычная прам-сць задавальняе патрэбы краіны на 85%. Вытв-сць цэменту склала 6,4 млн.т. Лёгкая прам-сць выпускае тканіны (баваўняныя, шаўковыя, суконныя), габелены, дываны. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці. З галін харч. прам-сці вылучаюцца цукровая (13 заводаў), кансервавая (1-е месца ў свеце па выпуску кансерваў з сардзіны), алейная, вінаробчая, мукамольная; з-ды па вытв-сці фруктовых сокаў. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (выпуск ДСП, тары, буд. элементаў, апрацоўка кары коркавага дубу). Паліўна-энергет. комплекс уключае нафтаперапр. з-ды ў Сіды-Касеме і Махамедыі, здабычу каменнага вугалю (603,8 тыс.т, 1995), цеплавыя электрастанцыі. На рэках працуюць 17 ГЭС. Ёсць геліяўстаноўкі. Штогод атрымліваюць больш за 10 млрд.кВт ∙ гадз электраэнергіі. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы — у гарадах на Пн краіны, у т. л. палавіна — у Касабланцы. Шырока развіты саматужныя промыслы — выраб скураных, медных, плеценых вырабаў, дываноў, прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў і інш. Сельская гаспадарка — традыцыйны занятак б.ч. насельніцтва. Землі, прыдатныя для апрацоўкі, складаюць каля 20,7% тэр. краіны, апрацоўваецца каля 7,6 млн.га, пад пашай 20 млн.га. 6% апрацаваных зямель займаюць шматгадовыя насаджэнні, 13,6% — арашаецца. Каля палавіны с.-г. зямель належыць буйным землеўладальнікам. Раслінаводства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Найб. развіта на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Вырошчваюць пшаніцу (валавы збор 1,2—1,6 млн.т), ячмень (608 тыс.т), кукурузу, авёс, жыта, сорга, проса, на арашальных землях — рыс. Агародніну і фрукты вырошчваюць часткова на экспарт. Збор (тыс.т, 1995): памідораў — 624, морквы — 224, дынь — 415, ранняй бульбы — 770, алівак — 436, вінаграду — 128, апельсінаў — 676, мандарынаў — 304, яблыкаў — 270. Вырошчваюць цукр. буракі (2,7 млн.т, 1995) і цукр. трыснёг (1 млн.т), бавоўнік, лён, сізаль, тытунь. Збор травы альфа. Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, асн. занятак насельніцтва ў горных і паўпустынных раёнах. Гадуюць (1995, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 2500, авечак — 16 600, коз — 4400, аслоў — 880, мулаў — 351, коней — 156, вярблюдаў — 36. Каля буйных гарадоў прамысл. птушкагадоўля. У рыбалоўстве занята больш за 100 тыс.чал. Штогод ловяць 0,5—0,8 млн.т сардзіны, тунца, макрэлі. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 53,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 28,2 тыс.км, чыгунак 1562 км. Гал. парты Касабланка, Сафі, Танжэр, Кенітра, Агадыр. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Касабланцы і Рабаце. У 1996 экспарт склаў 7,7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд. долараў. Гал. тавары экспарту: фасфарыты, фосфарныя ўгнаенні, фосфарная кіслата (больш за 40% па кошце), канцэнтраты руд каляровых металаў, цытрусавыя, агародніна, ранняя бульба, сардзіны, тэкстыль. У імпарце пераважна нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, харч.прадукты.
Вядучыя краіны па экспарце — Францыя, Іспанія, Японія, па імпарце — Францыя, Іспанія, ЗША. М. — краіна развітога турызму. Па колькасці замежных турыстаў (3115 тыс.чал. у 1997) займае 4-е месца сярод афр. краін. Даходы ад турызму склалі ў 1997 1,2 млрд. долараў. Асн. цэнтры замежнага турызму — Атлантычнае ўзбярэжжа і гарады Агадыр, Фес, Маракеш, Танжэр, Тэтуан. Знешняя запазычанасць — 21 млрд. долараў. Асн. крэдыторы — Францыя, ЗША, Германія, некат. арабскія краіны, міжнар. банкі і кансорцыумы. Грашовая адзінка — дырхем.
Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 200 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — кароль. У сухап. войсках 175 тыс.чал., больш за 600 танкаў, 780 бронетранспарцёраў, каля 800 гармат, у т. л. 420 зенітных, 1,1 тыс. мінамётаў, больш за 100 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 13,5 тыс.чал., 89 баявых самалётаў і 24 баявыя верталёты. У ВМС 7,8 тыс.чал., у т. л. 1,5 тыс. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 24 катэры.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 120 перыяд. выданняў. Найб. масавыя газеты на араб. — «Аль-Анба» («Весці», з 1971), «Аль-Місак аль-Ватані» («Нацыянальная хартыя», з 1977), «Аль-Ітыхад аль-Іштыракі» («Сацыялістычны саюз», з 1983), «Аль-Алям» («Сцяг», з 1946), на франц. — «Le Matin du Sahara et du Maghreb» («Раніца Сахары і Магрыба», з 1971), «L’Opinion» («Думка», з 1965), на араб. і франц. мовах — «Аль-Баян» («Заява», з 1972), «Аль-Дэмакраці» («Дэмакратыя», з 1982). Урадавае інфарм. агенцтва — Магрыб Араб Прэс (МАП, засн. ў 1959). Радыёвяшчанне з 1962, перадачы вядуцца на араб., франц., ісп., англ., берберскай мовах. Тэлебачанне з 1962, на араб. і франц. мовах.
Літаратура. Развіваецца на араб., берберскай і франц. мовах. Першы пісьмовы помнік берберскай славеснасці — Каран Баргуаты (8 ст., страчаны). Араб.л-ра М. класічнага перыяду прадстаўлена асн. жанрамі класічнай араб. л-ры (гл. ў арт.Арабская культура). У 11—12 ст. у паэзіі вядучае месца займалі лірыка і панегірык (Ібн Хабус, Ібн Рушэйд). У прозе 12—14 ст. пераважалі гіст. летапісы (Абд аль-Вахід аль-Маракушы, Ібн аль-Катан) і геагр. творы (Ідрысі, Ібн Батута). У 15—16 ст. узнікла біягр. і жыційная л-ра. З 16 ст. культываваліся традыцыі андалускай паэзіі. Нар.л-ра на араб. і берберскай мовах вядома з 14—15 ст.: вусныя фалькл. і аўтарскія вершаваныя і празаічныя жанры — эпічныя паэмы і жывёльны эпас (казкі). У 1930-я г. вядомасць набыла берберская нар. паэтэса Н.А.Мрырыда. Росквіту дасягнула паэзія мальхун, якая на літ.араб. мове прадоўжыла асн. матывы класічнай араб. паэзіі. З 17 ст. развіваліся традыцыі нар. паэзіі Андалусіі. Сучасная л-ра на араб. і франц. мовах атрымала развіццё пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з уздымам нац.-вызв. руху. На мяжы 1940—50-х г. складвалася апавядальная проза на араб. і франц. мовах (А. аль-Фасі, А.Бенджэлун, А.Сефрыўі). У 1950-я г. вядучае месца заняў франкамоўны раман (Д.Шрайбі), атрымала вядомасць паэзія на франц. мове М.А.Лахбабі. Тэмы нац.-вызв. барацьбы і станаўлення новага ўкладу жыцця пераважалі ў творчасці арабамоўных паэтаў М.Маадаўі, Б.Ламтуні, М. ат-Танжаўі. У 1960-я г. ўзніклі гіст. п’есы Х.Саіха на літ.араб. мове, драматургія на франц. мове (Фарыс Фарыд) і на мараканскім дыялекце араб. мовы (А. аль-Алажы). Бурна развівалася арабамоўная проза: творы публіцыста А.Галаба, раманы Лахбабі, навелы і раманы пісьменнікаў новага пакалення — М.Сабага, М.Буалу, М.Знібера, А. аль-Бакалі, А.Ларуі, А.Схімі, Д. аль-Хуры, М.Шагмума, М.Барады і інш. З наватарскімі пошукамі ў паэзіі выступілі М.Хайрэддзін, Т.Бенджэлун. Захоўвае папулярнасць і франкамоўная л-ра (Шрайбі, А.Хатыбі). У 1960 засн. Саюз пісьменнікаў М.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд. раёнах М. захаваліся наскальныя выявы сланоў, антылоп, птушак часоў неаліту. Ад 1-га тыс. да н.э. захаваліся кальцавыя каменныя могільнікі (шушы) мясц. качавых плямён, рэшткі фінікійскіх калоній (Тынгіс, сучасны Танжэр), руіны рым. гарадоў (Валюбіліс, Тамуд) з рэшткамі арх. ансамбляў, мазаікамі, скульптурай. У 11—15 ст. у М. развівалася адна са школ маўрытанскага мастацтва. Сярэдневяковыя гарады, якія будаваліся з каменю, бетону, гліны і цэглы, уключалі касбу (цытадэль) і медыну (гар. ядро), абкружаныя сценамі з прамавугольнымі ў плане вежамі (Мекнес, Рабат, Фес). У культавай архітэктуры склаўся тып шматстаўповай мячэці са сталактытавымі ці ячэістымі купаламі, з драўлянай наборнай столлю-артэсанада з кесонамі: мячэці Караўін у Фесе (859—1135), Кутубія ў г.Маракеш (1153, 17 нефаў; мінарэт 1184—99, выш. 67,5 м, разны каменны дэкор), Хасана ў Рабаце (1195, не завершана). Высокага ўзроўню дасягнула фартыфікацыйнае буд-ва: крэпасці Амаргу каля Феса (11 ст.), Тасгімут (12 ст.), гар. ўмацаванні з брамамі, аздобленымі разьбой па камені (Баб-Агвенау ў Маракешы, 12 ст.). Помнікі 13—14 ст. дэкарыраваны драўлянай і стукавай разьбой, паліванай кафляй, керамічнай і шкляной мазаікай, вітражамі (Вял. мячэць у г. Таза, медрэсэ Атарын у Фесе). Пабудовы 16—17 ст. адметныя празмернай пышнасцю (ансамбль маўзалеяў у Маракешы, Вял. мячэці ў Танжэры і Тэтуане). Са збудаванняў 18—19 ст. вылучаюцца вароты Баб-эль-Мансур у Мекнесе, палацы Феса (Дар-Бата), Мекнеса і інш. У сярэднія вякі склаліся тыпы нар. жылля мараканцаў: 2-павярховыя дамы з унутр. дваром, горныя жытлы-замкі бербераў (касба, ксар), круглыя ў плане хаціны (нуала) з конусападобным саламяным дахам, жытлы з 2-схільным дахам з чароту. У мастацтве сярэднявечча росквіту дасягнулі ткацтва (шоўк, парча, дыванаткацтва; Рабат і Маракеш), цісненне па скуры, выраб керамікі са штампаванымі і размаляванымі ўзорамі, маст. апрацоўка бронзы (шмат’ярусныя ажурныя люстры для мячэцей). У перыяд франц. пратэктарату ў гарадах з’явіліся раёны еўрап. забудовы (франц.арх. А.Прост). У 1-й пал. 20 ст. пашыраны стыль «марэск» — эклектычнае выкарыстанне дэкар. элементаў маўрытанскай архітэктуры. У 1950—80-я г. будавалі ў сучасных стылях з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў (Касабланка, Рабат і інш.). Развіваецца новае для М. выяўл. мастацтва (жывапісцы МА.Ідрысі, М.Мушбаа, скульпт. Х. бен Салах, графік М.Амар). Пашыраны гар. кааператывы прыкладнога мастацтва. Развіваюцца выраб дываноў, цісненне і вышыўка па скуры, чаканка і інкрустацыя па медзі, ювелірная справа. Помнікі медын у Маракешы і Фесе, жытлы-замкі ў в. Аіф-бен-Хадоу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка. У музыцы М. вылучаюцца 2 асн. галіны: берберская (найб.стараж.) і арабская. Мастацтва берберамоўных народаў сінкрэтычнае: непарыўная сувязь музыкі, паэзіі і танца. Найб. пашыраныя жанры — аферды (распеў загадак), ташэрафт (пастухоўскія песні без інстр. суправаджэння), атэмшы, або ізлі (невял. песні-паэмы). Музыка бербераў засн. пераважна на 7-ступенных дыятанічных ладах, сустракаецца і пентатоніка. Характэрныя рэспансорныя спевы ў суправаджэнні інстр. ансамбляў (духавыя і ўдарныя інструменты — зурны і табл; касабы і бендыры); часам для акампанементу выкарыстоўваецца гуінбры — 2—3-струнная лютня. З 7 ст. замацаваліся стылі і жанры араб.муз. мастацтва, у т. л. звязаныя з мусульм.рэліг. культам, у 12—13 ст. — рытуальныя містычныя цырымоніі. Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя рэбаб, уд, 72-струнная цытра канун; най (падоўжная флейта), мембранафоны — дарабука, рык, табл і інш. Свецкія жанры фарміраваліся ў рэчышчы т.зв. андалускай школы (9—15 ст., заснавальнік Зір’яб), асн. жанр — нуба (вак.-інстр. кампазіцыя), сярод інш. жанраў — касыда, мувашах, заджаль, мауэль (вак.), таксім (інструментальны). У сярэднявеччы сфарміраваліся асновы муз. тэорыі, склалася ладавая сістэма макамаў. У 16 ст. ўзніклі гар. песенныя стылі, у т. л. грыха, для якіх характэрна куплетная форма з прыпевам. З сярэдзіны 16 ст. музыка М. зазнала тур. ўплыў. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. яна трапіла пад уплыў франц.муз. мастацтва. З 1950-х г. узмацнілася тэндэнцыя да захавання і развіцця нац. музыкі. Сярод муз. дзеячаў кампазітары М.Беніс, А.Аўатыф, М.Шэкруні, інструменталісты Х. бен Брахім, О.Тантаўі, выканаўца на кануне і музыказнавец С.Шаркі. Працуюць ансамблі андалускай музыкі, кансерваторыі, праводзяцца міжнар. фестывалі нар. мастацтва (з 1960, г. Маракеш), кангрэсы араб. музыкі.
Кіно. Першыя дакумент. фільмы зняты франц. аператарамі ў 1897. У 1944 арганізаваны Мараканскі кінацэнтр і кінастудыя «Сусі». Рэгулярны выпуск кінахронікі ў М. пачаўся з 1958 (рэж. Л.Беншэкрун, М.Афіфі, А.Рамдані, М.Тазі). У 1968—70 створана студыя «Айн-Шок», пачалася вытв-сць паўнаметражных фільмаў, пераважна прыгодніцкіх, сумесна з Францыяй, Італіяй, Іспаніяй, Егіптам, Румыніяй і інш. Першыя стужкі — перайманні егіп. меладрам і галівудскіх фільмаў 1940-х г. Пошукі сучасных сродкаў выразнасці выявіліся ў фільмах «Веснавое сонца» (рэж. Л.Лахлу), «Сляды» (рэж. Х.Бенані; абодва 1970), «Аш-Шэргі, або Лютае маўчанне» (1975, рэж. М.Сміхі), «Аль Канфудзі» (1978, рэж. Лахлу), прысвечаных гісторыі краіны. Сац.-крытычная тэндэнцыя прадстаўлена творчасцю А.Маануні («Дні... дні», 1979), С.Бен Баркі («Тысяча і адна рука», 1972, з Італіяй). Сярод фільмаў 1980-х г. «Трансы» (1981, рэж. Маануні), «Цырульнік беднага квартала» (рэж. М.Рэгаб) і «Амок» (рэж. Бен Барка, сумесна з Гвінеяй і Сенегалам; абодва 1982), «Наканаванне» (1983, рэж. Ф.Буркія).
Літ.:
Луцкая Н.С. Очерки новейшей истории Марокко. М., 1973;
Аяш Ж. Очерки марокканской истории: Пер. с фр.М., 1982;
Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев, 1982;
Ментешашвили З.А. Социальное развитие независимого Марокко: Традиции и современность. М., 1988;
Кушке И.Г. Писатели Марокко, пишущие на французском языке, 1940—1980 гг.М., 1981;
Дербисалиев А.Б. Арабоязычная литература Марокко: Осн. этапы развития. Алма-Ата, 1983;
Каптерева Т.П. Искусство стран Магриба: Древний период. М., 1980;
Шоттен А. Обзор марокканской музыки: Пер. с фр.М., 1967.
Герб і сцяг Марока.Да арт.Марока. Атласкія горы.Да арт.Марока. Узбярэжжа Атлантычнага акіяна каля Танжэра.Да арт.Марока. Старая французская крэпасць у Эль-Арапшы.Да арт.Марока. Руіны старажытнарымскага горада Валюбіліс.Да арт.Марока. Унутраны двор мячэці Караўін у г. Фес. 859—1135.Да арт.Марока. Фрагмент сцяны медрэсэ Атарын у г. Фес. 14 ст.Да арт.Марока. Жытлы-замкі ў вёсцы Аіф-бен-Хадоу.