СА́НКЦЫІ (ад лац. sanctio строгая пастанова) у праве, меры ўздзеяння і рашэнні, якія маюць канчатковы характар (як правіла) і не падлягаюць перагляду. Маюць 4 асн. значэнні: 1) крымінальныя, адм., дысцыплінарныя ці маёмасныя меры, якія ўжываюцца да правапарушальніка і цягнуць для яго неспрыяльныя вынікі. Крымін. С. (пазбаўленне волі і інш.) прымяняюцца толькі судом, адм. С. (штраф, адм. арышт) — міліцыяй, дзярж. інспекцыяй і да т.п., дысцыплінарныя С. — службовымі асобамі і адміністрацыяй, маёмасныя С. — судом у спалучэнні з інш. мерамі.
2) Структурная частка агульнай нормы права, якая паказвае на магчымыя меры ўздзеяння на парушальніка дадзенай нормы.
3) Пастанова пракурора, якая дазваляе прымусовыя меры да асобы, што падазраецца ў злачынстве (узяцце пад варту, вобыск і інш.).
4) У міжнар. праве — меры ўздзеяння на дзяржаву, якая парушыла нормы гэтага права ці свае міжнар. абавязацельствы.
т. 14, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭСТА́Т (ад лац. attestari сведчыць),
1) дакумент аб заканчэнні сярэдняй навуч. установы.
2) Ва ўзброеных сілах краін СНД дакумент, які выдаецца вайскоўцу пры пераводах па службе, у час камандзіровак для атрымання розных відаў забеспячэння, а таксама члену яго сям’і на права атрымання часткі яго забеспячэння.
т. 2, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЫ,
працэдура выбрання шляхам адкрытага або закрытага (тайнага) галасавання. Пры прамых выбарах выбаршчыкі непасрэдна выбіраюць кіраўніка дзяржавы або інш. службовых асоб. Ускоснымі (непрамымі) называюцца выбары, у працэсе якіх выбіраюцца прадстаўнікі (выбаршчыкі) для далейшага галасавання па выбарах кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў і г.д. Гл. таксама Выбарчае права.
т. 4, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НЫ (лац. coloni),
1) у Старажытным Рыме катэгорыя землекарыстальнікаў — дробных арандатараў зямлі. За права апрацоўваць арандаваны ўчастак К. выплачвалі землеўладальніку грашовую арэнду ці выконвалі на яго карысць натуральныя павіннасці (гл. Каланат).
2) У раннім сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе адна з катэгорый феадальна-залежных сялян.
т. 7, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДА́Т (ад лац. mandatum даручэнне),
дакумент, які сведчыць пэўныя паўнамоцтвы прад’яўніка; права на што-н. Напр., дэпутацкі М. прадстаўнічай установы сведчыць законнасць паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў дэпутата, а таксама вызначае публічную функцыю, якая ўскладаецца на яго выбарамі, і змест якой вызначаецца канстытуцыяй і інш. законамі.
т. 10, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГА́ЛІІ (лац. regalia ад regalis царскі),
1) знешняя адзнака манархічнай улады (карона, скіпетр, трон, парфіра і інш.).
2) Знак узнагароды (ордэн, медаль і інш.).
3) Манапольнае права вярх. улады (каралёў, буйных феадалаў) у феад. Еўропе на атрыманне пэўных даходаў (мыта, пошліна, штрафы і інш.).
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́ЦЫЯ, рэзерват (ад лац. reservatio зберажэнне),
1) запаведнік, ахоўная тэрыторыя (гл. Рэзерват).
2) Месца часовага скопішча некат. жывёл, насякомых (напр., клапа-чарапашкі), звязанага з цыклам развіцця дадзенага тыпу.
3) Захаванне чаго-н. у рэзерве.
4) Захаванне за сабою права вярнуцца да якога-н. пытання.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,
від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).
Г.І.Краўцова.
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,
пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт. Аўтарскае права).
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАВАЗНА́ЎСТВА,
вышэйшая недзяржаўная навучальная ўстанова. Створаны ў 1991 на базе б. Мінскай вышэйшай юрыд. школы. Рыхтуе юрыстаў па спецыялізацыях: прававое забеспячэнне знешнепаліт. дзейнасці; гасп. права. Аддзяленні: дзённае (прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй), завочнае (з сярэдняй ці вышэйшай неюрыд. адукацыяй) і павышэння кваліфікацыі. Навучанне платнае.
т. 2, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)