БАГРА́Т III,

грузінскі цар [975—1014]. Аб’яднаў пад сваёй уладай Зах. і значную ч. Усх. Грузіі (Картлі, Кахеты, Эрэты). Абапіраючыся на дваран, упарта змагаўся з араб. заваёўнікамі, а таксама з буйнымі феадаламі, якія выступалі супраць аб’яднання краіны.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЫРКАВЫ́ КАЛЕКТЫ́Ў.

Існаваў у 1959—74 у Мінску. Першая праграма паказана 11.2.1959 пры адкрыцці Мінскага цырка. У 1961 створаны новы калектыў пад назвай Беларускі цыркавы калектыў, які падрыхтаваў праграмы «Бывайце здаровы», «Красуй, Радзіма-Беларусь!».

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДГО́Р’Е,

адносна кароткае вузкае адгалінаванне горнага хрыбта, якое адыходзіць ад галоўнага хрыбта пад вуглом; хрыбет другога парадку. Утвараецца пры расчляненні гор мясц. вадасцёкамі, а таксама ў выніку разгалінавання горных ланцугоў, часам пры мясц. неатэктанічных падняццях.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РАЛЬД II (Harold II; ? — 14.10.1066),

апошні англасаксонскі кароль Англіі (студз.—кастр. 1066). Фактычна правіў краінай з 1053. Выбраны каралём 6.1.1066. 25.9 1066 разбіў войскі нарв. караля Гаральда III. Загінуў у бітве з нарманамі пад Гастынгсам.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія ўзнікаюць у зоне гіпергенезу пры нізкіх т-рах і цісках, пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў (гл. Гіпергенныя працэсы). Уключаюць гліністыя мінералы, гідраксіды, солі кіслародных кіслот (сульфаты, нітраты і г.д.).

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТА́ЦЫЯ (ад лац. plantatio пасадка раслін),

1) вялікі ўчастак зямлі, заняты пад с.-г. культуру, якая мае прамысл. ці гандл. значэнне, напр., чайная П.

2) Буйная земляробчая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні якой-н. культуры.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.​Х.​Вітгенштэйна (змяніў М.​І.​Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́С,

груз, падвешаны на ніці; найпрасцейшае прыстасаванне для вызначэння вертыкалі. Пад дзеяннем сілы цяжару грузу нітка прымае верт. напрамак, адпаведны дадзенаму пункту зямной паверхні. Выкарыстоўваецца ў буд-ве, пры ўстаноўцы вымяральных прылад, вымярэнні глыбіняў і інш.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТУПЛЕ́ННЕ, адыход,

дзеянні войскаў з мэтай выхаду з-пад удараў праціўніка і заняцця больш выгаднага становішча для далейшых баявых дзеянняў. Можа быць наўмыснае і вымушанае (калі немагчыма наяўнымі сіламі ўтрымаць заняты раён і ствараецца рэальная пагроза акружэння).

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія ўзнікаюць пры глыбінных (эндагенных) працэсах мінералаўтварэння. На паверхні Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання большасць гіпагенных мінералаў разбураецца і пераходзіць у гіпергенныя мінералы. На Беларусі гіпагенныя мінералы вядомы ў магматычных горных пародах крышт. фундамента.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)