МЯЦЕ́ЛЬСКІ (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 22.8.1950, г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1998). Скончыў БДУ (1972). З 1980 у БПА (з 1999 праф.). Навук. працы па якаснай тэорыі кіравання сістэмамі з паслядзеяннем. Прапанаваў агульны падыход даследаванняў якасных характарыстык (пунктавай паўнаты, кіравальнасці, назіральнасці і інш.) лінейных аўтаномных сістэм функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў.
Тв.:
Проблема точечной полноты в теории управления дифференциально разностными системами // Успехи мат. наук. 1994. Т. 49, вып. 2;
Задача успокоения динамической системы с запаздыванием по неполным измерениям // Автоматика и телемеханика. 1996. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕХАРО́ШАВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 3.4.1951, г. Каўнас, Літва),
бел. эканаміст. Д-рэканам.н. (1996), праф. (2000). Скончыла Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1972). З 1976 у Бел.эканам. ун-це (з 1998 заг. кафедры). Адначасова (з 1993) праф. Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах фарміравання інавацыйнай інфраструктуры, навук.-тэхнал. развіцця і рынку, прадпрымальніцкай дзейнасці.
Тв.:
Совершенствование хозяйственного механизма в промышленности. Мн., 1989;
Научно-технологическое развитие и рынок: (регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура). Мн., 1996;
Регулирование развития наукоемких отраслей и высокотехнологических производств // Бел. экон. журн. 1998. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ,
працэдурна-арыентаваная мова праграмавання высокага ўзроўню. Распрацавана ў 1969—71 швейц. вучоным Н.Віртам для мэт навучання праграмаванню і названа імем Б.Паскаля.
Характэрныя асаблівасці: шырокая наменклатура базавых тыпаў даных, строгая тыпізацыя даных і пераменных, магчымасць выбару адной з некалькіх паслядоўнасцей (галін) аператараў па вылічаным нумары галіны і інш. Вызначаецца адноснай прастатой і высокай эфектыўнасцю рэалізацыі большасці навук.-тэхн. задач выліч. характару, сістэм кіравання базамі даных і экспертных сістэм. Выкарыстоўваецца як мова праграмавання персанальных ЭВМ, а таксама для навучання праграмаванню, складання транслятараў і інш. праграм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ,
прыстасаванне для пераўтварэння ўваходных пераменных у выхадную функцыю паводле зададзенага закону. Бывае лічбавы, аналагавы ці гібрыдны, адной (найб. пашыраны) ці больш уваходных велічынь, паводле фіз. прыроды сігналаў — эл., магн., гідраўлічны, пнеўматычны, фотааптычны, мех. і інш.; паводле віду функцыянальнай залежнасці, якая задаецца ў выглядзе табліц, графікаў або аналітычна, — лінейны, трыганаметрычны, лагарыфмічны, паказнікавы і інш.У вылічальных П.ф. працэс пераўтварэння інфармацыі спалучаны з працэсам яе матэм. апрацоўкі. П.ф. выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, сістэмах аўтам.кіравання і рэгулявання, тэлемех. сістэмах і інш.Гл. таксама Вымяральны пераўтваральнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНЦЫПА́Т (ад лац. principatus кіруючая роля, імператарская ўлада),
форма ўлады ў Стараж. Рыме, асобы від манархіі, усталяваны Аўгустам у 27 да н.э. Сістэма П. фармальна захоўвала асновы рэсп. форм кіравання, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках імператара, які быў галоўнакамандуючым усімі рым. арміямі, кіраваў б.ч. правінцый, быў вышэйшым апеляцыйным суддзёй імперыі і практычна галоўным заканадаўцам. Перыяд П., т.зв. Ранняй Імперыі, ахоплівае праўленне дынастый Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192].
Літ.:
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес. адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна звязаных тэхн. сродкаў і сістэм для пуску ракет і кіравання іх палётам. Уключае ракеты, пускавыя ўстаноўкі і наземнае абсталяванне: сродкі транспартавання ракет, часовага іх захоўвання ў розных ступенях гатоўнасці, перагрузкі, прыцэльвання і пуску, апаратуру знаходжання і суправаджэння цэлей, навядзення на іх ракет.
Бываюць: баявыя (стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; зенітныя, процітанкавыя, процілодачныя і інш.; гл.Зенітны ракетны комплекс, Процітанкавы ракетны комплекс), даследчыя (касм., метэаралаг., геафіз. і інш.) і вучэбныя; наземныя (стацыянарныя, паўстацыянарныя, рухомыя), карабельныя (надводныя, падводныя) і авіяц. (самалётныя, верталётныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛА,
старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р, Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТАНО́СЕЦ,
баявы надводны карабель для групавога базіравання марскіх верталётаў. Мае ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі, ангары (пад палётнай палубай) са спец. ліфтамі для пад’ёму верталётаў, памяшканні для іх абслугоўвання і рамонту. Аснашчаецца сродкамі сувязі і кіравання верталётамі, зенітнымі і процікарабельнымі ракетнымі і артыл. комплексамі, процілодачнай зброяй (бамбамёты і інш.). Падзяляюцца на процілодачныя (вядуць пошук і знішчаюць падводныя лодкі, маюць да 32 верталётаў) і дэсантныя (бяруць да 2 тыс. марскіх пехацінцаў для высадкі дэсанту). Водазмяшчэнне да 20 тыс.т, скорасць ходу да 30 вузлоў (55 км/гадз). Карабель для базіравання баявых самалётаў і верталётаў наз.авіяносец.