БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,

помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.​Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал. зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.​Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.

Т.​В.​Крук, Т.​Т.​Маліноўская.

Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ВЕ́ЖА.

Існавала ў 13 — 1-й пал. 19 ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1276—88 на дзядзінцы стараж. Берасця валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам, які валодаў горадам у 2-й пал. 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як «столп высотою яко Каменецкий». Адносілася да тыпу манум. абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем каменямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. На планах 18—19 ст. прамавугольная (5,9×6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м, вышыня каля 20 м. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гар. гербе 1554. Разабрана ў 1831 у сувязі з буд-вам Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРНГУ́ТЭРСКІЯ АБШЧЫ́НЫ,

рэлігійна-грамадскі рух у Прыбалтыцы ў 18—19 ст. Распаўсюдзіўся ў Латвіі з 1729 з мяст. Гернгутэ ў Саксоніі (адсюль назва). Вучэнне запазычылі ад «мараўскіх братоў» (гл. Чэшскія браты). Прапаведавалі працавітасць, беражлівасць і паслухмянасць, усе члены абшчыны называліся братамі і выбіралі са свайго асяроддзя старастаў. У гернгутэрстве лат. і эст. сяляне шукалі ратунак і вызваленне ад ням. памешчыкаў і пастараў. У 1743 Гернгутэрскія абшчыны забаронены. У 1764 Кацярына II дазволіла аднавіць дзейнасць Гернгутэрскіх абшчын. Найб. размаху яны дасягнулі ў 1-й пал. 19 ст. (у 1828 у Прыбалтыцы было больш за 40 тыс. гернгутэраў). У 2-й пал. 19 ст. колькасць абшчын скарацілася. Асобныя асяродкі руху існавалі і ў пач. 20 ст.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ФІЛАСО́ФСКІЯ РУ́КАПІСЫ,

трактаты (курсы лекцый) на філас. і прыродазнаўчыя тэмы, напісаныя ў канцы 17 — пач. 19 ст. ў Гродне на лац. мове выкладчыкамі філасофіі — членамі манаскіх ордэнаў (пераважна бернардзінскага); некат. належаць дамініканцам, езуітам, кармелітам. Сярод аўтараў А.Бандзевіч, М.​Дамашэвіч, Л.​Дулевіч, Б.​Мажэйка, Ю.​Мышкоўскі, Ф.​Пшыленскі, Б.​Станкевіч, І.​Сцірпейка. Вядома каля 50 трактатаў аб’ектыўна-ідэаліст. кірунку. У 1-й пал. 18 ст. асн. частку курса філасофіі складала логіка і метафізіка Арыстоцеля. У рукапісах 2-й пал. 18 ст. адчувальны ўплыў еўрап. Асветніцтва, ідэй новай філасофіі і прыродазнаўства. У пач. 19 ст. натурфіласофскія праблемы выкладаліся як спец. раздзелы фізікі. Рукапісы захоўваюцца ў Вільнюскага універсітэта бібліятэцы.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́МАЎ Міхаіл Міхайлавіч (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс. км), у 1937 разам з А.​Б.​Юмашавым і С.​А.​Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд. ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХКЛА́СНЫЯ ПАЧАТКО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя школы павышанага тыпу ў Рас. імперыі. Існавалі з 1870-х г. да 1918. Адкрываліся ў вял. сёлах, на чыг. станцыях і ў некат. пав. гарадах. У Беларусі працавалі паводле Часовай інструкцыі Мін-ва нар. асветы ад 4.6.1875. Тэрмін навучання 5—6 гадоў. Вучыліся пераважна дзеці сялян, гандляроў, саматужнікаў. Лепшыя вучні мелі права паступаць у настаўніцкія семінарыі, ніжэйшыя прафес.-тэхн. навуч. ўстановы. Вывучаліся Закон Божы, арыфметыка, рус. граматыка, асновы фізікі, геаметрыі, прыродазнаўства, гісторыі, чарчэння, дадаткова ўводзіліся гімнастыка, рамёствы, рукадзелле, садаводства, агародніцтва, паляводства, пчалярства. У 1914 у Віцебскай губ. дзейнічала 97, Гродзенскай — 197, Магілёўскай — 57, Мінскай — 68 Д.п.в. У 1918 пераўтвораны ў школы 1-й і 2-й ступеней.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛУСЦЕ́ННЕ,

лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́Н (Баранаў) Сяргей

(27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937?),

бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел. нац. к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛШТЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў ЗША і Канадзе ў выніку селекцыйнай работы на працягу 19—20 ст. з чорна-пярэстай жывёлы, завезенай з паўн. ч. Нідэрландаў. Найбольш высокамалочная парода. На Беларусі гадуюць на племзаводзе «Ведрыч» Рэчыцкага р-на. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з мэтай павелічэння малочнай прадукцыйнасці ў першую чаргу чорна-пярэстай жывёлы.

Жывёла мае вял. памеры цела, сухую канстытуцыю, развітое вымя. Масць пераважна чорна-пярэстая з рознымі меткамі. Жывая маса нованароджаных бычкоў 44—47 кг, цялушак 38—42, дарослых быкоў 950—1200 і кароў 670—700 кг. Інтэнсіўны раздой на 1-й і 2-й лактацыях. Надой за лактацыю 6500—7000 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,5—3,7%.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ РАМЕ́СНІКА,

тып жылога дома.

Буд-ва Д.р. пашырылася з 2-й пал. 12 ст. ў Еўропе з ростам рамяства і гандлю. У Беларусі вядомы з сярэдневякоўя да пач. 20 ст. Складаўся з жылой (звычайна размяшчалася з боку двара) і службовай (арыентавана на вуліцу) частак, падзеленых капітальнай сцяной. меў ад 3 да 6 пакояў, будаваўся пераважна з дрэва. З 2-й пал. 18 ст. пашырыліся Д.р. мяшанай канструкцыі: зруб спалучаўся з мураванай сцяной фасада (гл. Нясвіжскі *дом на рынку»). Арх.-маст. афармленне канцэнтравалася на гал. фасадзе (драўляныя будынкі аздаблялі дэкар. разьбой, мураваныя мелі элементы стыляў барока і класіцызму). Д.р. групаваліся вакол гандлёвых плошчаў ці на прылеглых да іх вуліцах.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)