ЛУ́ННА,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Гродна, Ваўкавыск, Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на З ад г. Масты, 34 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Чарлёна. 1137 ж., 562 двары (1999).

Вядома з 16 ст. як вёска. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, цэнтр Лунненскай вол., 1392 ж., касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, 20 крам, 3 шынкі, 2 харчэўні, праводзіліся кірмашы; у пач. 20 ст. царк.-прыходская школа, фельчарскі пункт, касцёл, паштовае аддзяленне. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1924—1884 ж., 307 двароў. З 1939 у БССР, з 12.1.1940 рабочы пасёлак Скідзельскага р-на. З 1955 вёска, цэнтр сельсавета Скідзельскага, з 1962 — Гродзенскага, з 1965 — Мастоўскага р-наў. У 1972—1475 ж, 473 двары.

Лясніцтва, хлебапякарня. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. Помнікі сав. воінам 64-й стралк. дывізіі, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Ганны (1782).

Г.​М.​Новікава.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СКІ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц. т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.

Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАЗАВА,

гарадскі пасёлак у Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось. Аўтадарогамі злучаны са Свіслаччу, Ваўкавыскам, Ружанамі. За 22 км ад г.п. Свіслач, 112 км ад Гродна. 1,4 тыс. ж. (2000).

Вядома з 15 ст. як каралеўскае мястэчка ў Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. З 1523 мела магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, дзярж. маёнтак, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр вытв-сці Поразаўскай керамікі. У 1897 каля 1,5 тыс. ж., 2 гарбарні, ганчарны і піваварны з-ды, пач. вучылішча, аптэка. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З ліст. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Поразаўскага раёна Брэсцкай вобл. З чэрв. 1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў П. 354 чал. Вызвалена 15.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Свіслацкім р-не.

Працуе ф-ка лазовай мэблі; сярэдняя, муз. школа, спецшкола-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Троіцкая царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры 19 ст.: Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл, Поразаўская сядзіба.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЬКО́ (Мікола) (Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЗЕ́ВІЧ Антон, бел. філосаф, прадстаўнік Гродзенскай філасофскай школы 18 ст. Аўтар курса лекцый і аналагічнага трактата «Філасофія арыстоцеліка-скотаўская...» (Гродна, 1757). Дэталёва распрацаваў раздзелы фармальнай логікі (лагічны квадрат, дыз’юнкцыі, кан’юнкцыі і гэтак далей), розныя тыпы сілагізмаў. У яго натурфіласофіі зроблены крок наперад у параўнанні з папярэднікамі: лічыў філасофію Дэкарта фікцыяй, прызнаваў сістэму Ц.​Браге, не адмаўляў і вучэння М.​Каперніка.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЙКО́ВІЧ (Бутаўт-Андрайковіч) Стафан Аляксандравіч

(1861, Гродзенская губ. — ?),

рэвалюцыянер. Вучыўся ў Гродзенскай, Віцебскай і 2-й Пецярбургскай гімназіях. З 1881 чл. рэв. групы ў Пецярбургу. Пасля яе ўваходжання ў 1883 на правах рабочай групы партыі «Народная воля» ў Пецярбургскую нарадавольніцкую арг-цыю загадваў (пад псеўд. Уладзімір Бажэнаў) «лятучай друкарняй». Быў звязаны з пецярбургскім гуртком «Агніска» («Ognisko») — філіялам польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У 1883 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1899 жыў у Гродне.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎСКІ (Дунін Альфонс) (1850, в. Плянта, Брэсцкая вобласць — 1905),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Варшаўскай рысавальнай школе, у Кракаўскай майстэрні Я.​Матэйкі (1882—85). З 1888 жыў на радзіме, стварыў шэраг пейзажаў. У 1896—98 працаваў у вёсках Быкавізна, Свілы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл., пісаў партрэты і карціны на рэліг. сюжэты для пахавальні сям’і Козел-Паклеўскіх. Найб. вядомы як аўтар жанравых карцін «Хворая жанчына» (1893), «Мыта на Беларусі» (1899), «Паляванне на мядзведзя», «Лоўля рыбы восцямі».

М.​М.​Яніцкая.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 18.2.1931, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі, ветсанэксперт. Д-р вет. н. (1983), праф. (1991). Брат Андрэя А.Богуша. Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1960 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. і зоагігіенічным забеспячэнні жывёлагадоўлі, вет.-сан. экспертызе.

Тв.:

Борьба с мышевидными грызунами в животноводческих помещениях. Мн., 1974;

Паразитозы мышц свиней и меры их профилактики. Мн., 1976;

Мясо, его переработка и хранение. Мн., 1995.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАГО́РСКІ (Майсей Якаўлевіч) (1854, Гродзенская губ. — 1921),

вучоны-юрыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1875), Палітычную школу ў Парыжы са ступенню д-ра права (1885). З 1875 служыў у мін-ве юстыцыі Расіі. Выкладаў у пецярбургскіх навуч. установах. Дэпутат 1-й Дзярж. думы (1906) ад Гродзенскай губ. Аўтар кніг «Дэмакратыя і палітычныя партыі» (Парыж, 1898; Лондан, 1903), «Канстытуцыйная эвалюцыя Англіі» (1913), падручніка для нар. школ «Гісторыя Расіі» (32-е выд., 1913).

Э.​А.​Карніловіч.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,

ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)