КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),

постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦІЧЫ (лац. Lutici),

велеты, саюз зах.-слав. плямён у 8—12 ст. на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м., паміж рэкамі Одра (Одэр) і Лаба (Эльба) на тэр. сучаснай Германіі. Саюз аб’ядноўваў плямёны хіжан, далянчан, ратараў (гал. племя, у іх г. Рэтра знаходзілася гал. святыня Л. — храм Сварожыча) і інш. Займаліся сельскай гаспадаркай, рамяством і марскім гандлем. У 9 — пач. 10 ст. Л. кіраваў князь ратараў, пазней — сход плем. знаці. У пач. 12 ст. пасля больш як 300 гадоў барацьбы заваяваны герм. феадаламі і германізаваны.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЕЎ МІР (ад імя правадыра партыі міру ў Афінах Нікія),

мірны дагавор, заключаны ў 421 да н.э. паміж Афінскім марскім саюзам і Пелапанескім саюзам на чале са Спартай. Завяршыў 1-ы этап Пелапанескай вайны. Быў заключаны на 50 гадоў на ўмовах вяртання палонных і захопленых тэрыторый. Н.м. не ліквідаваў асн. прычын вайны, выклікаў незадаволенасць спартанскіх саюзнікаў і афінскай партыі вайны на чале з Алківіядам і пастаянна парушаўся. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 415 з пачаткам афінскай экспедыцыі на Сіцылію.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ.

Дагаворам 1799, падпісаным 3 студз. ў Стамбуле тэрмінам на 8 гадоў, аформлена далучэнне Турцыі да 2-й антыфранц. кааліцыі. Расія ад імя саюзнікаў гарантавала недатыкальнасць тэр. Асманскай імперыі, якая была парушана ўварваннем французаў у Егіпет (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У сакрэтных арт. дагавора Расія абяцала ваен. дапамогу Турцыі ў барацьбе з французамі. Дагаворам 1805, падпісаным 23 вер. ў Стамбуле, пацверджаны дагавор 1799. Страціў сілу з пач. рус.-турэцкай вайны 1806—12 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.).

т. 13, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СІ (СМБ),

Беларускі саюз моладзі (БСМ), добраахвотная маладзёжная арганізацыя. Створаны ў снеж. 1991 на XXX з’ездзе ЛКСМБ у выніку перайменавання ў СМБ. Асн. задачы: вырашэнне сац. праблем, абарона жыццёвых інтарэсаў маладых людзей. У лют. 1995 на XXXII з’ездзе СМБ перайменаваны ў БСМ, а ў маі 1999 на XXXIV з’ездзе — у грамадскае аб’яднанне «Бел. саюз моладзі». Аб’ядноўвае юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 14—30 гадоў. На 1.1.2001 дзейнічалі ЦК, 6 абкомаў, 54 райкомы і гаркомы, якія аб’ядноўвалі 22 102 членаў СМБ.

т. 14, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization of American States; ААД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Паўн., Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Створана ў 1948 на 9-й Міжамер. канферэнцыі ў Багаце (Калумбія). Уваходзяць 35 дзяржаў (акрамя Кубы; 1991). Асн. мэты — падтрымка міру ў зах. паўшар’і, забеспячэнне калект. бяспекі і мірнага вырашэння праблем; спрыянне эканам., сац. і культ. супрацоўніцтву; каардынацыя дзейнасці розных міжамер. арг-цый. У 1959 створаны Міжамер. банк развіцця. Вышэйшыя органы ААД — міжамер. канферэнцыя (збіраецца кожныя 5 гадоў), ген. асамблея міністраў замежных спраў, пастаянны савет (кожная дзяржава прадстаўлена паслом), ген. сакратарыят (знаходзіцца ў Вашынгтоне).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),

у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)