ГА́РДЭРАВА ЗАЛО́ЗА,

вочная залоза мігальнай перапонкі ў большасці наземных і другасна-водных пазваночных жывёл. Выдзяляе тлусты сакрэт, які змазвае пярэднюю паверхню вока (рагавіцу), захоўвае яе ад высыхання, у водных жывёл — ад уздзеяння вады. У большасці жывёл гардэрава залоза знаходзіцца ў вобласці ніжняга павека каля ўнутр. (насавога) вугла вока. Добра развіта ў рыючых паўзуноў (напр., у амфізбенаў, слепазмеек). У многіх млекакормячых, у т. л. ў чалавека, рэдукавана. Гардэраву залозу ўпершыню апісаў швейц. анатам І.Гардэр у аленя (1694).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМЕ́

(Lomé),

горад, сталіца Тога. Адм. ц. Прыморскай вобласці. Каля 500 тыс. ж. (1995). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Гал. порт краіны ў Гвінейскім заліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., металургічная, цэм., бавоўнаачышчальная, тэкст., харч., абутковая. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Нац. музей. Манумент незалежнасці (1960). Турыстычны цэнтр. Засн. ў 1904 на месцы паселішча народа эве. Да 1-й сусв. вайны адм. ц. германскага ўладання Тога, пазней — адм. ц. Франц. Тога, з 1960 сталіца незалежнай рэспублікі.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКАЎ Сцяпан Рыгоравіч

(27.7.1922, в. Акцябр Жлобінскага р-на Гомельскай вобласці — 10.5.1983),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1974). Засл. эканаміст Беларусі (1972). Скончыў Усесаюзны завочны ін-т сав. гандлю (1955). З 1951 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР, з 1955 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Працы па бухгалтарскім уліку, рэвізіі і эканам. аналізе ў сельскай гаспадарцы: «Асновы бухгалтарскага ўліку» (2-е выд., 1970, разам з М.У.Дэмбінскім), «Аналіз прыбытку і ўзроўню рэнтабельнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў» (1979) і інш.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.

В.Ф.Вінакураў.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА, Барабінскі стэп,

Бараба, на Пд Зах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс. км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1919—40. Утвораны 6.2.1919 у складзе Мінскай губ. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 3497 км², нас. 124,2 тыс. чал. (1922). Уключаў 6 валасцей (Востраўская, Гарадзішчанская, Дараўская, Крывошынская, Навамышская, Сталовіцкая), у 1920 увайшлі яшчэ 4 воласці (Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая, Чэрніхаўская, Ястрамбельская). З сак. 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім ваяв., падзяляўся на гміны (б. воласці). З ліст. 1939 Баранавіцкі павет у складзе БССР, са снеж. ў Баранавіцкай вобласці, дзе ў студз. 1940 на тэр. паветаў утвораны раёны.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРА́К (сапр. Казлоўскі) Іван Андрэевіч

(29.2.1892, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 1943),

рускі паэт і перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага т-ва сялянскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1913. Для ранняй творчасці характэрны гераічныя матывы. Аўтар зб-каў баек «Абручы і клёпкі» (1926), «Саха і трактар» (1928), «Павукі і мухі» (1931), «Байкі» (1928, 1933). На рус. мову перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. Яго творы на бел. мову перакладалі Э.Валасевіч, У.Паўлаў.

Тв.:

Избранное М., 1958.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРАКО́Ў Міхаіл Рыгоравіч

(5.8.1922, в. Радуга Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці — 16.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Майкопскае бранятанк. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Кубані, Беларусі, у Літве, Усх. Прусіі. У ходзе баёў у Прыбалтыцы ў 1944 танк. рота пад камандаваннем ст. лейт. Батракова прарвала абарону ворага на правым беразе Нёмана каля Каўнаса, адбіла 4 контратакі праціўніка, знішчыла 14 танкаў. Загінуў у баі на тэр. Усх. Прусіі. У в. Радуга яму пастаўлены помнік.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПАДЗЕ́Л,

лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.

Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)